Каляды без мітусні. Папа Бенедыкт XVI выказаў клопат у сувязі з крызісам сям’і, маральных прынцыпаў у сучасных еўрапейскіх грамадствах

Пра гэта паведаміў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пасля вяртання з Ватыкана, дзе меў сустрэчу з пантыфікам.

Сам Тадэвуш Кандрусевіч занепакоены, у прыватнасці, залішняй мітуснёй, якой напоўнена сённяшняя традыцыя святкавання Калядаў у гарадах.
— Адбылася камерцыялізацыя свята Божага Нараджэння, — канстатуе іерарх. — Гэта з’ява характэрна для ўсёй Еўропы. Я быў днямі ў Вільні. Людзі стаяць у чэргах у крамы, пад’езды да якіх так запоўнены машынамі, што не праехаць. Гэта добра, што людзі жадаюць набыць падарункі, дарыць іх адно аднаму, рабіць прыемнасці. Але пры гэтым яны забываюць пра найвялікшы падарунак, які Бог зрабіў чалавецтву, — Езуса Хрыста, нашага Збавіцеля.
На думку Тадэвуша Кандрусевіча, цяпер важна ўсведамленне людзьмі таго, што адзіная надзея сучаснага свету — Божая міласэрнасць: “Аднак не ўсе людзі ў нас веруючыя, некаторыя толькі намінальныя, некаторыя нядзельныя, некаторыя наведваюць храм раз у год. Але і тая колькасць людзей, якія прыходзяць на набажэнствы, удзельнічаюць у пілігрымках, як, напрыклад, да Будслаўскага абраза Божай Маці, сведчыць, што чалавек цягнецца да Бога”.
Каталіцкія біскупы Беларусі раз у пяць гадоў абавязкова сустракаюцца са Святым Айцом, каб абмеркаваць надзённыя праблемы. Наведваючы 11—17 снежня апостальскую сталіцу, беларускія біскупы правялі набажэнствы на магіле святога Пятра, у адным з касцёлаў у новым мікрараёне Рыма (імшу вёў кардынал Казімір Свёнтак).
Візіт найвышэйшых іерархаў касцёла да Папы стаў нагодай для абмеркавання вельмі важнага пытання ў дачыненнях паміж Ватыканам і Беларуссю.
— Вядома, што Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка запрасіў Бенедыкта XVI наведаць Мінск у час іх сустрэчы ў Ватыкане 27 красавіка, — нагадаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у час размовы з карэспандэнтам “НГ”. — Папа падкрэсліў вялікае значэнне сустрэчы з кіраўніком нашай краіны. Цяпер, у час паездкі ў Рым, запрашэнне наведаць нашу бацькаўшчыну Святы Айцец атрымаў і ад канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі. У адказ на гэту прапанову Папа паглядзеў на нашу дэлегацыю добрымі вачамі і сказаў: “Калі Бог адчыніць дзверы, я ўвайду ў іх”. Застаецца маліцца, каб так стала.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter