Прыгожы абрад у чарговы раз праведзены ў Капыльскім раёне

Калядны вечар у Семежаве

Прыгожы абрад у чарговы раз праведзены ў Капыльскім раёне

Унікальны абрад “Калядныя цары”, які ўключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, правялі 13 студзеня ў вёсцы Семежава. Як паведаміла дырэктар Семежаўскага цэнтра культуры і вольнага часу Таццяна Шаура, абрад праводзіцца толькі ў Семежаве, адзін раз у годзе: на Шчодры вечар, у ноч з 13 на 14 студзеня. У ім удзельнічаюць нежанатыя хлопцы, так званыя цары, апранутыя ў белыя штаны і кашулі, на грудзях — крыж-накрыж павязаны семежаўскія арнаментаваныя паясы, на галовах — высокія шапкі са стужкамі. Да працэсіі далучаюцца Дзед і Баба.

Калядоўшчыкі хадзілі па хатах, паказвалі сцэнкі з элементамі народнай драмы “Цар Максіміліян”, бойку “цароў”… Далей — традыцыйнае віншаванне гаспадароў хаты і адорванне ўдзельнікаў абраду. У народзе вераць: у хаце, дзе пабывалі на Каляды “цары”, увесь год будуць святло, згода і багацце.

Мясцовыя старажылы расказваюць, што ў ХVIII стагоддзі ў Семежаве кватараваў атрад рускай, царскай арміі. Салдаты і афіцэры пад час Каляд хадзілі па вясковых хатах, віншавалі гаспадароў, паказвалі невялікае прадстаўленне, танцавалі, спявалі, прасілі дары. Калі атрад пакінуў вёску, мясцовыя жыхары, у асноўным маладыя хлопцы, пачалі для Калядных абыходаў апранацца ў карнавальныя касцюмы, якія нагадвалі ваенную форму. І гэтыя экзатычныя персанажы былі празваныя ў народзе “царамі”.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter