Калядны дабрачынны баль кнігі

Лілія Ананіч: Наша кніга вылучаецца на постсавецкай прасторы

Больш за 10 тысяч найменняў беларускіх выданняў гатовы прадстаць на суд чытачоў

Беларуская кніга выгадна вылучаецца на постсавецкай прасторы, пра што гавораць шматлікія ўзнагароды на прэстыжных міжнародных конкурсах. Пра гэта заявіла журналістам першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч перад пачаткам Каляднага дабрачыннага балю ў Доме Масквы ў Мінску, перадае БЕЛТА.

Лілія Ананіч адзначыла, што ў 2012 годзе, які ў Беларусі быў абвешчаны Годам кнігі, айчынныя кнігавыдаўцы плённа папрацавалі. «Больш за 10 тысяч найменняў кніг гатовы прадстаць на суд чытачоў, тыражом каля 35 мільёнаў экзэмпляраў», — праінфармавала першы намеснік міністра.

Паводле яе слоў, Калядны дабрачынны баль закліканы ў чарговы раз скіраваць увагу грамадскасці да кнігі і чытання, а таксама нагадаць, што ў Беларусі стартуюць калядныя кніжныя распрадажы, падчас якіх будуць праводзіцца сустрэчы з аўтарамі і выдаўцамі, конкурсы і іншыя мерапрыемствы. «Кніга і духоўнасць Беларусі — паняцце непадзельнае. Вельмі спадзяёмся, што ў стагоддзе новых інфармацыйных тэхналогій кніга знойдзе сваё месца», — падкрэсліла Лілія Ананіч.

У ходзе Каляднага балю адбыўся аўкцыён. Лотамі на ім былі лепшыя выданні з Беларусі, Расіі, Украіны. Сярод самых дарагіх — кніга «Радзівілы. Альбом партрэтаў XVIII—XIX стст.» — стартавы кошт Br 2 млн. Атрыманыя падчас аўкцыёна сродкі будуць накіраваны на падарункі дзецям.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter