“Калядкi” ў Вiцебску не спявае толькi лянiвы

Задоўга да калядных свят у Вiцебску шматлiкiя харавыя калектывы пачалi рыхтаваць свае тэматычныя праграмы, каб прадэманстраваць на канцэртах найлепшыя ўзоры хрысцiянскага песнапення. Па традыцыi Вiцебская каталiцкая епархiя ў пяты раз менавiта напрыканцы снежня распачынае Днi хрысцiянскай культуры, на якiя прыязджае нямала гасцей з суседнiх краiн — Расii i Польшчы.

— Мы сардэчна вiтаем усiх прадстаўнiкоў розных канфесiй, таму што свята Божага Нараджэння — адзiнае свята для ўсiх хрысцiян. Самае светлае i радаснае, — гаворыць бiскуп Вiцебскi Уладзiслаў Блiн. Дарэчы, сам ксёндз-бiскуп вельмi любiць паслухаць, як спявае хор Вiцебскай катэдры св. Барбары “Hosanna”.
Кiраўнiк хору “Hosanna” Таццяна Дарафеева гаворыць, што кожны раз яна iмкнецца дадаць у калядны рэпертур нешта новае. У гэтым годзе яны падрыхтавалi два гуральскiя спевы эпохi Сярэднявечча.
Не застаюцца ўбаку ад цудоўнага фестывалю i калектывы вышэйшых навучальных устаноў, да прыкладу, Вiцебскi дзяржаўны медыцынскi унiверсiтэт. У зале гэтай ВНУ выступiў народны ансамбль унiверсiтэта Марыi Складоўскай-Кюры з Люблiна (Польшча). Харавая капэла унiверсiтэта, якой кiруе Аляксандр Сувораў, аб’ядноўвае каля 60 студэнтаў.
Сярод гасцей — хор руска-нямецкага цэнтра сустрэч i ансамбль “Ад Параменя” з Пскова. Яны выступаюць на гала-канцэртах у ВДМУ i Вiцебскiм цэнтры народных рамёстваў “Задзвiнне”. Вялiкi калядны канцэрт падрыхтавалi i педагогi музычнай школы № 5.
У рамках Дзён хрысцiянскай культуры пройдуць конкурс тэатраў-батлеек, дабрачынны канцэрт артыстаў Вiцебскай дзяржаўнай фiлармонii, сустрэчы таленавiтай моладзi, дабрачынны канцэрт у абласной клiнiчнай бальнiцы, завiтае фестываль i ў Мiёры. А заключным акордам стане святочны канцэрт, якi адбудзецца 7 студзеня на сцэне Нацыянальнага акадэмiчнага драмтэатра iмя Я. Коласа.
Вясёлых свят!


 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter