Сельская газета

Каляда прыйшла да тэлезорак

Незвычайны выпуск праграмы “Калейдаскоп. Навіны культуры” чакае гледачоў “Беларусь 3” падчас каталіцкіх Каляд

Вядучыя тэлеканала вырашылі зайсці ў госці да сваіх калег з “Беларусь 1”, “Беларусь 2”, “Беларусь 5” і “НТВ-Беларусь” і ... правесці стары беларускі абрад. Цікавіла мяне не толькі тое, што ўзялі яны з сабой сапраўдных калядных персанажаў, але і ці цягнуцца даўнія спрэчкі паміж медыяперсонамі “Тэлебарометра” (“Беларусь 3”) і “Пін_кода” (“Беларусь 2”), якія зноў павінны будуць працаваць разам, як збіраюцца паводзіць сябе несумяшчальныя ў кадры вядучыя праграм «Калыханка», «Наперад у мінулае» (“Беларусь 3”) і “ЧП.by” (“НТВ-Беларусь”). Па законах тэлевізійнага фармату, на навінавыя паведамленні ў эфіры адводзіцца ўсяго пару хвілін. Цікавыя падрабязнасці таго, як прайшлі шчодрыкі паміж вядучымі, застануцца ў «СГ».


ШУМНУЮ кампанію на чале з Дзмітрыем Карасём, вядучым “Тэлебарометра”, у складзе якой галасісты ансамбль народнай песні і музыкі «Шчодрыца», сустракаем у холе Белтэлерадыёкампаніі. Зараз пойдзем у невялічкую студыю да вядучых Іллі Конанава і Таццяны Матусевіч, дзе праз гадзіну з лішкам прамы эфір іх інтэрактыўнай моладзевай праграмы “Пін_код”. Пакуль ладзяцца памятныя фотаздымкі тэлевізійных супрацоўнікаў з прыгожа прыбранымі салістамі калектыву, выканаўчы прадзюсар тэлеканала “Беларусь 3” Надзея Габец распавядае: “Ролікам, які зараз здымаем, распачнем калядныя вечары на “Беларусь 3”. У іншыя дні пойдзем да вядучых праграм “Добрай раніцы, Беларусь” (“Беларусь 1”), “Спорт-цэнтр” (“Беларусь 5”) ужо разам з ансамблем народнай песні “Гаманіна” студэнцкага клуба БДУІР. Безумоўна, хвалюемся. Каляда паміж вядучымі праходзіць упершыню, шмат будзе экспромту”.

Пакуль Ілля Конанаў і Дзмітрый Карась спрачаюцца за званне лепшага вядучага і весяляць здымачную групу і прысутных, мяне цікавіць “Шчодрыца”. Калектыву ў пачатку 2018 года спаўняецца 25 гадоў. Нарадзіўся ён на другую шчодрую куццю, таму і заяўляе пра сваю шчодрасць праз песні і танцы. Працуе пры Палацы культуры “Лошыцкі” горада Мінска, але які ж народны калектыў без сельскіх каранёў? Кіраўнік ансамбля Ірына Вакульчык сцвярджае:

— Шмат у нашым рэпертуары песень, запісаных у маёй свякрухі, што з вёскі Клятная Пінскага раёна. Вядомая Зінаіда Якаўлеўна Мажэйка, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, зняла шмат фільмаў з гэтай палескай вёскі, якая заўсёды славілася сваімі артыстамі. Мой муж, напрыклад, выдатна іграе на гітары. Побач такія вядомыя фалькларыстам вёскі, як Азарычы, Сакалоўка. Сама я мінчанка, але гэтыя мясціны таксама паўплывалі на маё прафесійнае жыццё.

Вобраз беларускіх калядных святкаванняў у нас сабраны, але, калі мне трапляюцца новыя тэксты, гульні, заўсёды дапаўняю імі праграму. Шмат, вядома, імправізацыі. Сярод калядных персанажаў вы ўбачыце ў нас і зорканошу, і казу, і доктара, і салдата, і цыганку. Часта цікавіць усіх, хто такая Шчодра. Гэта самая высокая дзяўчына ў калектыве, на галаву ёй апраналі вяночак. Да яго прывязвалі стужкі. Лічылася раней, што чым даўжэйшыя яны будуць, тым больш паспяховым выдадзецца год. Гэта маладзіца звычайна танчыць і спявае шчадроўкі.

Цікавы персанаж у нас і калядны доктар, які спрабуе выратаваць казу. Але ж з медыцынай, на самой справе, ён на “вы”, іграе на публіку, просіць, каб яму далі сала, цукерак, грошай. Каляднага лекара, у якога нічога не атрымліваецца, выганяюць і просяць дапамогі ў людзей. Каза ажывае, падымаецца, толькі калі гаспадары даюць пачастункі.

Наша цыганка звычайна дурыць людзей. У некаторых раёнах казы не было, цыгане вадзілі кабылу, бусла ці мядзведзя. Клышаногі, напрыклад, паказваў, як дзяўчаты збіраюцца на танцы, дэманстраваў нецвярозага дзеда і сварлівую бабу.

ВЯДУЧЫЯ “Пін-кода”, канешне, павінны паказаць сваё здзіўленне ад прыходу нечаканых гасцей. Яны не могуць разумець, прывід гэта ці рэальная сітуацыя. Калядоўшчыкі ўпрыгожваюць гаспадароў праграмы святочнымі акулярамі, спяваюць і звяртаюцца да Іллі і Таццяны са словамі кшталту: “Лавіце зярняткі, лавіце рукой, каб быў добры настрой. Каб моцна грэла сонца, кіну ў ваконца. Майце ўсяго даволі, а бяды ніколі. З Калядамі вас!” Відная роля, канешне, у Дзмітрыя Карася, які і сам рады пабіць у бубен і пакалядаваць: “Прыйшлі мы да вас з козачкай рагатай, хай будзе для вас год багаты”.

Гук фіксуюць вялікім пухнатым мікрафонам на доўгай вудзе. У памяшканні тры камеры. Усім працэсам вельмі ўдала кіруе рэжысёр Уладзімір Біндзюкоў: “Зараз агульным планам! Калектыў спявае і танчыць, потым мы сігналім “стоп” гарманісту, і каляда сыходзіць. Вядучыя ачунялі і працягваюць свае справы”.

Дзейства зафіксавалі з розных ракурсаў, засталося толькі засняць вядучых “Пін_кода”, якія на камеру павінны прадэманстраваць сваё здзіўленне, і запісаць некалькі падводак. Вядома, пачастункі – рэч непатрэбная. Але ж, з усмешкай Дзмітрый Карась кпіць з Конанава і кажа:

— Ад Іллі нічога іншага не чакаў, ён прывык атрымліваць падарункі, а не дарыць. Я перад здымкамі намякаў, што прыйдзем калядаваць, і калі б ён не паленаваўся залезці ў інтэрнэт і прачытаць, што гэта такое, то цукерку б у кішэні прыпас. Таму стараўся біць у бубен грамчэй, каб яму ў прамым эфіры потым гэтае брынчанне стаяла ў вушах. Так ужо ў жыцці павялося, калі мы сустракаемся, абменьваемся «кампліментамі» (смяецца). Нават у рэдактараў аднойчы з’явілася ідэя, каб мы адзін аднаго “хвалілі” ў кадры.

— Дзмітрый, ці калядавалі вы па-сапраўднаму ў сваім жыцці?


— Калі мне было гадоў пяць-шэсць, я апынуўся ў бабулі падчас Каляд. Вывернутыя кажухі, каза з рожкамі, прыгожае казачнае надвор’е – нібыта пабываў сярод персанажаў гогалеўскага шэдэўра “Вечары на хутары ля Дзіканькі”, такое гэта пакінула яркае дзіцячае ўражанне. Людзі добра спявалі, бабуля іх частавала блінамі з каўбасой. Крыху пасталеўшы, таксама аказаўся адным з тых шчасліўчыкаў, якім насыпалі поўныя кішэні цукерак. Мы з сябрамі хадзілі па кватэрах, паказвалі нейкія інсцэніроўкі, расказвалі вершы, спявалі. Зараз у дзверы звоняць усё радзей. Мне вельмі крыўдна, калі адзначаюць Хэлоўін, але забываюць такую цікавую народную традыцыю. Каляды – гэта той самы абрад, але раднейшы нашай культуры. Пераапранайся, дзівач, радуйся!

НАСТУПНЫ на сёння прыпынак здымачнай групы – праграма “ЧП.by” на “НТВ-Беларусь”, у якой вядучыя не толькі прадстаўляюць гледачам крымінальную хроніку, але і аналітычныя меркаванні наконт таго, што адбываецца за межамі закона. Вядучыя праектаў “Калыханка” Сяргей Жбанкоў і Вераніка Пляшкевіч, “Навукаманіі” Кацярына Бірэцкая, якія ўжо чакаюць нас у студыі, як і заўсёды, напаўняюць паветра добрым настроем. Вядомыя юным гледачам Нестар Падарожнік і Няня Паліна жартаўліва прыкмячаюць: “Самыя добрыя прыйшлі да самых справядлівых”. Разам разважаем наконт святочнага настрою, які наганяе тэлебачанне, успамінаем свае калядныя часіны ў дзяцінстве, пакуль не рэжысёрскае: “Пачынаем!”

Вядучую праграмы “ЧП.by” Алену Даннікаву ўжо папярэдзілі: калі да яе прыйдуць калядоўшчыкі, патрэбна выразіць здзіўленне, а пасля іх знікнення зрабіць жэст кшталту “прыйшла ў сябе” і вярнуцца да працы са словамі: “Невядомы мужчына, на выгляд 30–35 гадоў, скупіў у мясной краме ўсю наяўную ў продажы каўбасу і сышоў, пажадаўшы прадаўцам вясёлых Каляд". Але ж як пры гэтым ёй не засмяяцца і, улічваючы сур’езны імідж, рэагаваць на сітуацыю падчас танцаў і скокаў “Шчодрыцы” з калегамі?

Алена вельмі дарэчна вядзе сябе ў дадзеных абставінах і досыць прафесійна выдае жартоўную навіну. Пасля здымак тлумачыць:

— Па сцэнарыі трэба прыйсці ў некае здранцвенне, але я дазволіла сабе крыху адысці ад яго, і калі ўжо задумалася наконт каляднага абрада са мною, то пастаралася атрымаць задавальненне ад уяўленага дзеяння.

— Напэўна, такія праекты для вас — самы сапраўдны адпачынак…


— Так, гэта іншае амплуа. Мне часта задаюць пытанне: як пасля патоку негатыўнай інфармацыі прыйсці ў сябе? Для мяне ўсе навіны — гэта рэчаіснасць. Я стала ўспрымаць сваю праграму як кіраўніцтва, чаго не рабіць, у якіх выпадках звярнуць увагу на свае паводзіны, дзесьці з дзіцём трэба быць асцярожней, ніколі не пераходзіць на зялёны сігнал светлафора, не гледзячы па баках. На прыпынках грамадскага транспарту інтуітыўна хаваюся за слупок. Ну а так, пабольш мастацтва ў жыцці! Займаюся класічным балетам, хаджу ў Вялікі тэатр.

— А што, калі б на самой справе да вас у студыю ўварваліся нечаканыя госці?

— Я бы сказала: “Так, спынім здымкі. Хлопцы, дзяўчаты, выйдзіце, калі ласка, у нас тут запіс эфіру”. І ўсе выйшлі бы за дзверы, таму што гэта вельмі сур’ёзна.

На пачастунак калядоўшчыкам Алена падрыхтавала цукеркі, а каўбасу, жартаўліва адзначыла, канфіскавалі на мытні. Разышліся ўсе крыху стомленыя, але з добрым настроем. Наколькі атрымалася калядаванне па-тэлевізійнаму, пабачым заўтра ў вячэрнім выпуску праграмы “Навіны культуры. Калейдаскоп”. Але наогул ідэя папулярызаваць народныя традыцыі праз вядучых, тым самым кажучы, што гэта модна, цікава і сучасна, мне вельмі спадабалася.

v.v.korshuk@gmail.com

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...