
Як вядома, жыццё кароткае, мастацтва вечнае. Славутага мастака Барыса Аракчэева з намі няма ўжо 8 гадоў. Але, наведваючы экспазіцыю «Хай вецер пяе ў роднай зямлі» ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, здаецца, што хутка зойдзе ў выставачную залу Барыс Уладзіміравіч і правядзе экскурсію. Такой неверагоднай сілай валодае творчасць!
Сёлета адзначаецца 95-годдзе з дня нараджэння Барыса Аракчэева. Карціны мастака — прыклад вялікай любові да Беларусі. Пейзажы, нацюрморты і партрэты абяззбройваюць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю. Працаваў Барыс Уладзіміравіч у тэхніцы алейнага жывапісу і акварэлі. Алоўкі, фарбы, палітры, пэндзлікі, мальберты, пальчаткі — гэтыя і іншыя рэчы знаёмяць нас з творчай кухняй Аракчэева. У экспазіцыі ўпершыню прадстаўлены работы «На пленэры ў вёсцы з Віктарам Грамыкам і Аляксандрам Сямілетавым» і «Першы трактар».
На выставе прысутнічалі дзве дачкі Барыса Уладзіміравіча Алёна і Аксана і старэйшы ўнук Міхась. Яны падзяліліся цікавай інфармацыяй пра жыццё і творчасць мастака. «Неяк у бацькі ў майстэрні зламалася ножка стула. Думаеце, ён яго выкінуў? Канешне не! Ён зрабіў эксклюзіўны стул з трыма ножкамі. Мяркую, што такой мэбляй могуць пахваліцца нямногія», — з усмешкай успамінае Аксана Аракчэева. Дарэчы, Алёна і Аксана таксама сталі мастачкамі. Аксана працуе ў майстэрні бацькі, перыядычна знаходзіць там цікавыя рэчы Аракчэева і прэзентуе іх на выставах.
Застаўся нататнік, у які Барыс Уладзіміравіч запісваў неабходныя яму рэчы для працы на пленэры. У гэтым спісе лічацца палотны, эцюднік, фарбы, стульчык, цвікі, лупы, лекі. Дачка Алёна адзначыла дапытлівы розум бацькі. На экспазіцыі прадстаўлены нататнік, у які Аракчэеў запісваў беларускія словы і вучыў іх. Гледзячы на незвычайны почырк, адразу можна зразумець, што гэтыя запісныя кніжкі належаць творчаму і вельмі таленавітаму чалавеку.
Пабываць на выставе можна да 25 чэрвеня.
infong@sb.by