Калi прыходзяць перамогi

“Калдун, ты лепшы!” — дзяўчаты з усёй Беларусi сачылi за развiццём падзей на “Еўрабачаннi”. “Ксенiя, ты першая ў Еўропе! Сiтнiк!”. “Юля! Юля!” — алiмпiйскi стадыён застыў у неўразуменнi. Нiколi з часоў славутых сясцёр Iрыны i Тамары Прэс, калi ў СССР на спорт “працавала” ўся шматнацыянальная краiна, не ўдавалася хоць бы “адцiснуць” на трэцяе, чацвёртае месца сусветна прызнаных тытулаваных афраамерыканскiх спартсменак у забегу на кароткiя дыстанцыi. А тут брэстаўчанка Юлiя Несцярэнка — алiмпiйская чэмпiёнка на стометроўцы. I многiя тады ўпершыню пачулi пра краiну Беларусь.

Штодня чуецца: нашы дзяўчаты перамаглi ў конкурсе “Мiс Iнтэрнет”, заваявалi Гран-пры ў Нью-Йорку, выйшлi пераможцамi гандбалiсты ў Бельгii, Нiдэрландах, пiянiсты сталi недасягальнымi на мiжнародных конкурсах. Каманда студэнтаў факультэта прыкладной матэматыкi БДУ трэцi год уваходзiць у лiк першых па праграмiраванню, матэматыцы, iнфарматыцы ў Японii, ЗША, Германii...
Прыгадаем, як дружна ўзнялiся гледачы, як уздых радасцi i хвалявання “падхапiў” беларусаў, калi Максiм Мiрны i Уладзiмiр Валчкоў перамаглi ў чарговым этапе Кубка Дэвiса ў нас, у Мiнску; як тады ажывiлiся i “задыхалi” трыбуны, як радасць пракацiлася па ўсiх, нават самых далёкiх, куточках нашай любай i дарагой сэрцу старонкi.
Калi прыходзяць перамогi, краiна, несумненна, знаходзiцца на ўздыме. Але перамогi не прыходзяць самi па сабе. Яны забяспечваюцца працай усяго народа.
Перамог мы нiкому не аддадзiм i аддаваць не павiнны. I нiякага тут блюзнерства, iронii, сарказму не павiнна быць...
Вялiкай Перамогай беларускага i ўсяго шматнацыянальнага савецкага народа ў гады Вялiкай Айчыннай вайны асветлена незалежнасць Беларусi. Тады ж, у 1945 годзе, у Сан-Францыска Беларусь атрымала права суверэннага голасу ў ААН.
Я быў вельмi ўражаны шэсцем на 9 мая, у дзень Перамогi, i 3 лiпеня, у Дзень Незалежнасцi. Я рады, што наша памяць пры нас.
Будзем радавацца поспехам кожнага i аб’ядноўвацца, калi на сусветных форумах гучыць гордае i такое роднае слова “БЕ-ЛА-РУСЬ”!!!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter