Плённы дыялог розных культур увасабляе цікавая мастацкая выстава, што дэманструецца ў мінскім музеі Песняра

“Калевала” ў гасцях у Янкі Купалы

Плённы дыялог розных культур увасабляе цікавая мастацкая выстава, што дэманструецца ў мінскім музеі Песняра


Эліна Лампела каля твораў мастакоў, натхнёных “Калевалай”

Падарожжа па маляваных старонках карэла-фiнскага эпасу “Калевала” можна здзейсніць у Лiтаратурным музеi Янкi Купалы ў Мiнску. Выстава карцiн “Калевала вачыма рускiх мастакоў” адкрылася 4 верасня, і гэта — цікавая маляўнiчая iнтэрпрэтацыя спрадвечных матываў эпасу.

Дух “Калевалы”, старадаўнiя паданнi паўночных народаў натхнялі аўтараў твораў. І хоць Фiнляндыя для некага часам выклікае згадкі пра меланхалiчны настрой, наведвальнiкi бачаць i шмат насычаных колераў. А некаторыя працы поўніць высокая чароўная рэчаiснасць, па-дзiцячы непаўторная, не абмежаваная ўмоўнасцямi, што ўласцiва мiфам па ўсiм свеце. Некалькi аўтараў стварылі адметныя жаночыя вобразы. У вачах рамантызаваных дзяўчат з краiны маразоў i палярнай цемры шмат алюзiй.

“Мы хацелi заахвоцiць творцаў па-свойму адчуць, патлумачыць “Калевалу”, бо не можа быць нейкага адзiнага спосабу яе ўспрымання, — распавяла Элiна Лампела з фiнскай суполкi “Калевала”/Kalevalaseurа, што стала iнiцыятарам праекта. — У 2010-м свае iнтэрпрэтацыi эпасу рабiлi мастакi i кампазiтары з Iталii, Iспанii, Афрыкi ды Азii. Задаволеныя вынiкам, мы вырашылi зрабiць аналагiчны праект і з расiйскiмi мастакамi”.


Карціна Ігара Баранава “Сампо”. 2014 г.
Выстава бывала ўжо ў гарадах Фiнляндыi, Расii. У Беларусi — спачатку Мiнск, потым Гомель: гэты праект дастасаваны да 180-х угодкаў выхаду у свет “Калевалы”. Кнiга, нагадаю, з’явiлася дзякуючы намаганням мовазнаўцы Элiаса Лённрата. Ён на пачатку 1800-х збiраў легенды i песнi ў Фiнляндыi, Карэлii ды Эстонii, каб захаваць iх у адзiным эпiчным творы. “У той час, калi была надрукавана “Калевала”, перад фiнамi востра стаяла пытанне нацыянальнага самавызначэння, — расказаў кiраўнiк аддзялення пасольства Фiнляндыi ў Беларусi Лаўры Пулала. — Фiнская iнтэлiгенцыя згуртавалася вакол iдэi “мы больш не шведы, але не хочам быць і рускiмi — давайце будзем фiнамi!” Па словах дыпламата, эпас быў i застаецца крынiцай натхнення для дзеячаў культуры, а гiсторыя, што ляжыць у яго аснове, можа быць пераасэнсавана, каб стаць актуальнай i сёння. Ключавы матыў “Калевалы” — гэта барацьба за чароўны млын, што даруе дабрабыт свайму ўладальнiку. У вынiку ж гэтае цудадзейнае прыстасаванне… знiкае: нiбыта намёк на iснаванне больш важных рэчаў, чым матэрыяльныя каштоўнасцi.

“Сёння немагчыма жыць цалкам адасоблена ад іншых людзей,  — упэўнены Лаўры Пулала. — Кожнаму чалавеку i кожнай краiне трэба вучыцца супрацоўнiчаць. Важна зразумець сваю ролю на мiжнароднай арэне, свае магчымасцi ды выкарыстоўваць iх”.

Дарэчы, хутка ў беларусаў будзе магчымасць чытаць “Калевалу” і на беларускай мове. Першы поўны пераклад эпасу ўжо падрыхтаваны да друку, яго зрабіў Якуб Лапатка. І пра тое мы яшчэ раскажам у бліжэйшы час.

Нiна Шпакоўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter