Калі і як капусту садзілі

Высадку капуснай расады прымяркоўвалі да аднаго з вясновых свят, напрыклад на Івана Галавастага (7 чэрвеня), казалі: “Каб мая капустачка прымалася і ў галоўкі складалася”; на Розыгры (аўторак на наступным за Тройцай тыдні), каб расліны добра раслі і фарміраваліся ў галоўкі.

Не саджалі капусту ў панядзелак, аўторак, чацвер (так званыя мужчынскія дні; на маладзіку; у першыя дні пасля поўні (пра такую капусту казалі “гнілец”, г.зн. згніе); у “сухі дзень” (аўторак перад Пасхай) — капуста пойдзе ў храпкі; у “крывую сераду” (апошняя перад Тройцай) — будзе крывая і маленькая; у той дзень тыдня, калі ўвосень мінулага года пайшоў першы снег.
Пры пасадцы расады забаранялася есці хлеб, каб куры летам не дзяўблі капусту; смяяцца, інакш лісты капусты былі маршчыністыя.
Лічылася, што капусту нельга саджаць там, дзе раслі каноплі. Забаранялася займацца пасадкай рассады капусты жанчынам “калі яна нячыста” (калі ў яе рэгулы); парадзіхам да шасці тыдняў; цяжарным.
Прычым ведалі, што саджаць капусту павінна толькі жанчына. Калі да расады дакранецца мужчына, то добрага ўраджаю не будзе.
Лункі для раслін трэба было рабіць бярозавым колам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter