Калі сваю працу любіш, яна не здаецца цяжкай

Паўстагоддзя на гомельскай зямлі шчыруе Аркадзь Кобрусеў

Паўстагоддзя на гомельскай зямлі шчыруе Герой Сацыялістычнай Працы Аркадзь Кобрусеў. А ўсе тыя 35 гадоў, якія Аркадзь Тарасавіч кіруе КСУП «Брылёва», тут у асноўным разлічваюць на ўласныя фінансавыя рэсурсы.

Бадай, адзіны доўгатэрміновы крэдыт гаспадарка скарыстала ў пачатку мінулых васьмідзясятых на будаўніцтва цяплічнага камбіната. «Прабіць» той праект было няпроста, але Кобрусеў пралічыў перспектыўнасць будучай вытворчасці ранніх таматаў, агуркоў, кошт якіх у міжсезонне прыраўноўваўся да кошту кілаграма мяса. Разлік сябе апраўдаў: ужо ўвод першай чаргі камбіната дазволіў істотна ўмацаваць матэрыяльную базу гаспадаркі, даў штуршок для пашырэння наменклатуры прадукцыі. У жніўні 1988 года за поспехі ў павелічэнні вытворчасці, укараненне інтэнсіўных тэхналогій і перадавых метадаў працы, асабісты ўклад у гэту справу Аркадзю Кобрусеву прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Высокую марку трымаюць брылёўцы і сёння. Гаспадарка сярод лідараў у краіне па прадукцыйнасці дойнага статка. Тры гады таму паспяхова рэалізаваны імпартазамяшчальны праект — увод у дзеянне цэха па перапрацоўцы і глыбокай замарозцы спаржавай фасолі і зялёнага гарошку. Развіваецца ў «Брылёве» і садаводства. Толькі ў мінулым годзе адсюль паставілі ў гандлёвую сетку каля 2600 тон яблыкаў.

Мясцовыя кажуць: адным з першых крокаў кіраўніка на пасадзе дырэктара быў рамонт мясцовага Дома культуры. З музыкай працаваць лягчэй, перакананы Аркадзь Тарасавіч. Дарэчы, любімыя песні Кобрусева гучалі днямі не толькі тут, але і ў зале Гомельскага райвыканкама, дзе кіраўнікі раёна і калегі ўшаноўвалі старэйшыну дырэктарскага корпуса.

— Вы сваёй працай даказалі, што сельскагаспадарчая галіна пры дбайным падыходзе можа быць высокарэнтабельнай, — выказаў удзячнасць і ўручыў ганаровую грамату «юбіляру» старшыня райвыканкама Аляксандр Сітніца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter