Лiтаратары рыхтуюцца да Дня беларускага пісьменства, якi пройдзе ў Шчучыне

Калі спяваюць пісьменнікі

Вялікая дэлегацыя літаратараў  — каля сотні чалавек, прадстаўнікі Мінска і ўсіх абласцей краіны, стануць гасцямі і ўдзельнікамі Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне. На думку старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, на сёлетнім свяце майстры празаічнага і паэтычнага радка пастараюцца максімальна прадставіць плён сваёй творчай дзейнасці. 



Акрамя традыцыйных аўтограф-сесій, прэзентацый, працы на кніжных стэндах яшчэ напярэдадні Дня пісьменства адбудзецца творчая сустрэча з гаспадарамі свята  — жыхарамі Шчучына. Пісьменнікі раскажуць пра свае новыя здабыткі.

Але размовамі толькі пра кнігі справа не абыдзецца. Настаў час даць людзям і новыя песні, упэўнены Мікалай Чаргінец. І ў гэтым напрамку плён таксама ёсць. Прыклад таму  — новы альбом «Дзе каліна цвіла» кампазітара Алега Елісеенкава на словы паэта Івана Юркіна, выканаўца песень  — народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка. У яго ўвайшлі дзесяць лірычных і патрыятычных твораў. Пазнаёміцца з новым музычным альбомам прапануюць і жыхарам Шчучына. Відавочна, сюрпрызам у час гэтай сустрэчы для многіх стануць і спяваючыя пісьменнікі. 



Шмат сустрэч запланавана і з юнымі чытачамі і аўтарамі. Творчасці студэнцкай і школьнай моладзі Саюз пісьменнікаў надае асаблівую ўвагу, праводзіць многа конкурсаў, дапамагае парадамі і з выданнем першых кніг. Лепшыя творы пачаткоўцаў узгадаюць і ў час свята. Акрамя таго, упершыню юныя футбалісты прымуць удзел у спартыўным спаборніцтве на прыз Саюза пісьменнікаў.

Яшчэ адна навінка сярод падзей сёлетняга свята  — уручэнне ўпершыню заснаванай Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Журы ўжо вызначыла лаўрэатаў у сямі намінацыях, але іх імёны пакуль трымаюць у сакрэце. Тым часам Мікалай Чаргінец не ўтойвае, што мае намер хадайнічаць за пашырэнне колькасці намінацый, якіх, на яго думку, павінна быць не менш за дзесяць.

Ірына СВІРКО
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter