Калі ўсміхаецца жанчына

Урач, спявачка, адна з актывістак суполкі “Уздым” з Даўгаўпілса Зінаіда Сіліня — родам з Залесся, дзе знакаміты кампазітар Міхал Клеафас Агінскі пісаў паланэзы“Найлепшая ў жыцці хвіліна,/ Калі ўсміхаецца жанчына…” — гэта з аднаго верша. І гэта пра яе, маю сяброўку Зіну Сіліню. Магу сведчыць: усмешка заўсёды пануе на яе твары, а гэта ж верная прыкмета жанчын шчаслівых, закаханых, добрых, спагадлівых. Тут будзе да месца згадаць і пра Айвара, яе галоўнага спадарожніка па жыцці. Менавіта сваёй Зіне, яе юбілею — а нарадзілася яна ў Дзень святога Валянціна — прысвяціў спадар Айвар фотавыставу, што ладзілася ў Даўгаўпілсе, у Цэнтры беларускай культуры. Айвар фотамастак па прафесіі, мае цудоўную калекцыю чорна-белых фотаздымкаў з мінулага стагодддзя.
Урач, спявачка, адна з актывістак суполкі “Уздым” з Даўгаўпілса Зінаіда Сіліня — родам з Залесся, дзе знакаміты кампазітар Міхал Клеафас Агінскі пісаў паланэзы

Зінаіда з Айварам на ўрачыстасці ў Цэнтры беларускай культуры“Найлепшая ў жыцці хвіліна,/ Калі ўсміхаецца жанчына…” — гэта з аднаго верша. І гэта пра яе, маю сяброўку Зіну Сіліню. Магу сведчыць: усмешка заўсёды пануе на яе твары, а гэта ж верная прыкмета жанчын шчаслівых, закаханых, добрых, спагадлівых. Тут будзе да месца згадаць і пра Айвара, яе галоўнага спадарожніка па жыцці. Менавіта сваёй Зіне, яе юбілею — а нарадзілася яна ў Дзень святога Валянціна — прысвяціў спадар Айвар фотавыставу, што ладзілася ў Даўгаўпілсе, у Цэнтры беларускай культуры. Айвар фотамастак па прафесіі, мае цудоўную калекцыю чорна-белых фотаздымкаў з мінулага стагодддзя.
Гаворачы пра Зіну ды Айвара, не абыдзеш і “Уздым”. Бо Зіна — адна з заснавальніц суполкі, адна з першых салістак гурта “Купалінка”, а муж яе — наш нязменны фатограф. Нібы верны рыцар, ён заўсёды побач з каханай. Помніцца, у 1990-м першым мерапрыемствам нацыянальных культур былі “Велікодныя пасядзелкі”: там упершыню гучалі беларускія народныя велікодныя песні ў выкананні Зінаіды. Гэта цяпер ёсць у нас “Купалінка”, “Ластаўкі”, салісты Павел Прозар ды Аляксандр Лапа, а тады беларускія песні спявала ў асноўным Зіна. І калі ў 91-м энтузіясты-беларусы ўпершыню ўдзельнічалі ў фестывалі “Браслаўскія зарніцы”, там гучалі родныя песні ў выкананні беларусаў Даўгаўпілса і салісткі ансамбля “Купалінка” Зінаіды Сіліні. Песня “Шэры конь” (маці, кажа, спявала шэры, а не сівы) стала яе візіткай.
Пазней выступалі на тэлебачанні, і Зінаіда шыкоўна прадстаўляла беларусаў горада. Яна была запрошана і на сустрэчу з прэзідэнтам Латвіі Гунтысам Ульманісам, дзе прадстаўляла беларусаў. Знаёміла з народнай песняй дзяцей у нядзельнай школе. Дзякуючы ёй мы пачалі праводзіць беларускія абрадавая святы, паказваць на розных імпрэзах. Можна шмат гаварыць пра грамадскую працу Зіначкі, і ў тым, што наш “Уздым” годна сустрэў 20-я ўгодкі, ёсць і яе немалая заслуга. Галоўнае ж — што яна радуе нас песнямі, якія ў спадчыну атрымала ад маці, бабулі, роднай зямлі. А родам яна са Смаргоншчыны, што ў Гродзенскай вобласці, з вёскі Залессе: там раней жыў Міхал Клеафас Агінскі. Мабыць, там нарадзіўся і яго самы знакаміты паланэз, вядомы як “Развітанне з Радзімай”.
Пачатак жыцця Зінаіды ў пасляваенны час быў складаным — як і ва ўсіх у тую пару. Але і шчаслівым! У сям’і бацькоў, Ірыны Якаўлеўны ды Івана Уладзіміравіча Дудко, панавала любоў, раслі дзве дачкі і сын. Бацька марыў, каб дзеці былі ўрачамі — усе трое і сталі медыкамі. Зіна марыла яшчэ пра сцэну, ды яна ж і ёсць артыстка! Па слова ў кішэнь не лезе, песня ёсць на кожны выпадак, мова цудоўная, тэмбр голаса — проста зачароўвае і, галоўнае, заўсёды з прыветнай усмешкай.
Зіна не проста ўрач з багатым досведам і прэстыжнай адукацыяй: закончыла Віцебскі медінстытут. Яна жыве сваёй справай. Неяк мая калега была ў паліклініцы, сядзела ў чарзе да ўрача-рэнтгенолага Зінаіды Сіліні. І чула, як тая размаўляла з пацыентамі. Калега сказала: так размаўляюць з пацыентамі добрыя, інтэлігентныя людзі. А як прыемна было мне пачуць такое пра сяброўку!
Нядаўна я распытала ў яе: а як склалася жыццё сястры і брата, ці часта сустракаюцца? Зіна расказала, што Валя — медсястра-акушэрка, на пенсіі ўжо, працавала ў Смаргонскай райбальніцы. Брат Іван, як і Зіна, урач-рэнтгенолаг, але ваенны, у яго за плячыма Віцебскі медінстытут, Ваенная медакадэмія ў Самары, ад’юнктура Ваеннай акадэміі ў Ленінградзе — яе закончыў з залатым медалём, і прэзідэнт Барыс Ельцын уручаў яму медаль у Георгіеўскай зале Крамля. Цяпер Іван Дудко — палкоўнік у адстаўцы, жыве і працуе ў Маскве і, сцвярджае Зіна, далучаны да беларускага руху (спадзяемся, Іван Іванавіч сам нам пра тое напіша. — Рэд.) Нашчадкі зберагаюць бацькоўскі дом у Залессі, куды і збіраюцца сем’ямі ўлетку. Зініна дачка Надзея жыве ў Польшчы, у Зіны ёсць унучка Даша — цудоўная дзяўчынка, якая цікавіцца беларускай мовай ды хораша спявае разам з бабуляй беларускія песні. Дарэчы, і Айвара Зіна трошкі навучыла спяваць па-беларуску: часам раманс “Не шукай ты мяне” для сяброў яны выконваюць разам.

Таццяна Бучэль, г. Даўгаўпілс

На здымку:
Зінаіда з Айварам на ўрачыстасці ў Цэнтры беларускай культуры
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter