Калі ў сэрцы ёсць любоў

У жыхароў вёскі Станькава, што ў Дзяржынскім раёне Міншчыны, стала традыцыяй: у вольны час збірацца і спяваць песні. Спачатку самадзейныя артысты спявалі для сябе, для знаёмых і блізкіх, але з часам узнікла жаданне выступаць са сцэны. Дэбютавалі ў Станькаўскім Доме культуры
На адным з дабрачынных канцэртаў гурта “Суседзі”У жыхароў вёскі Станькава, што ў Дзяржынскім раёне Міншчыны, стала традыцыяй: у вольны час збірацца і спяваць песні. Спачатку самадзейныя артысты спявалі для сябе, для знаёмых і блізкіх, але з часам узнікла жаданне выступаць са сцэны. Дэбютавалі ў Станькаўскім Доме культуры.

Цяпер народны вакальны гурт “Суседзі” ведаюць не толькі на Дзяржыншчыне, але і нават за межамі Беларусі. Летась, напрыклад, артысты радавалі спевамі масквічоў.

Сёлета гэты калектыў удзельнічаў у канцэрце, прысвечаным 70-годдзю Мінскай вобласці. Выступілі “Суседзі” на творчым вечары ў Белдзяржфілармоніі, прысвечаным 70-годдзю кампазітара Ігара Лучанка. А яшчэ было абласное свята “Дажынкі” ў Мар’інай Горцы, міжнародны фестываль народнай творчасці “Вянок дружбы” ў Бабруйску...

А нядаўна “Суседзі” арганізавалі культурную акцыю, якой не памятаюць нават мясцовыя старажылы. У гонар свайго 10-годдзя яны наладзілі ў Дзяржынскім Доме культуры дабрачынны канцэрт пад назвай “З любоўю ў сэрцы”. Сродкі, атрыманыя ад канцэрта, пойдуць на рэстаўрацыю Свята-Мікалаеўскай царквы ў Станькаве.

Нагадаем, што пабудавана яна ў 1858 годзе ў асноўным на сродкі асветніка, мецэната графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага. Дарэчы, нядаўна адзначалася 180-годдзе з дня яго нараджэння.

Павіншаваць юбіляраў і прыняць удзел у дабрачынным канцэрце з Мінска прыехалі і папулярныя спевакі — народныя артысты Беларусі Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. Ад імя прыхаджан Станькава ім былі ўручаны пасведчанні, у якіх значыцца: імянныя цаглінкі народных артыстаў будуць закладзены ў сцены Свята-Мікалаеўскай царквы, якая рэстаўруецца.

Лявон Целеш
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter