Калі родны чалавек пайшоў з жыцця...

Пасля смерці чалавека сям’я аказвалася ўключанай у функцыянальнае поле шматлікіх рэгламентацый паводзін, абмежаванняў і прадпісанняў, забаронаў, выключэнняў з агульна прынятых паўсядзённа-бытавых і рытуальна-абрадавых правіл. Пра тое, што гэты год будзе абсалютна іншым для сям’і памерлага, сведчыць цэлы шэраг абмежаванняў і прадпісанняў.

* У першыя тры дні пасля смерці чалавека не выносяць з хаты ніякіх рэчаў.
* На дзевяты дзень пасля смерці сваякі ідуць у храм, заказваюць жалобнае набажэнства, дома наладжваюць другі жалобны стол. За першы жалобны стол сям’я памерлага не сядала. На дзевяты дзень усё адбывалася наадварот: за стол сядала сям’я і яшчэ дзевяць чалавек (па трое: хто мыў нябожчыка, хто рабіў труну, хто капаў магілу). У сучасных умовах колькасць запрошаных можа мяняцца, таму што існуюць розныя дзяржаўныя службы, якія забяспечваюць выкананне некаторых рытуальных паслуг (у моргу нябожчыка пераапранаюць, труну набываюць у магазіне рытуальных рэчаў, магіла таксама можа быць выкапана загадзя). З гэтага вынікае, што запрошаных можа быць 3 — 6 — 9, а можа не быць нікога, акрамя сям’і.
* На 40-ы дзень пасля смерці чалавека ладзяць трэці жалобны стол — “саракавіны”, на якім прысутнічае сям’я памерлага, сваякі, блізкія, сябры, калегі па рабоце. У царкве заказваюць Саракауст — сорак літургій.
* З дня пахавання і да 40-га дня, калі ўзгадваем імя памерлага, мы павінны сказаць формулу-абярэг для сябе і ўсіх жывых. Адначасова тыя ж словы з’яўляюцца сімвалічным пажаданнем для памерлага: “Зямля яму пухам”, тым самым выказваем пажаданне, каб душа яго лёгка  апынулася на нябёсах.
* Пасля 40-га дня і на працягу трох наступных гадоў мы павінны выказваць іншую формулу-абярэг, якая гучыць як пажаданне: “Царства яму небеснае”. Тым самым мы жадаем памерламу паслясмяротнага жыцця ў раі. Словы гэтыя павінны быць адрасаваны любому памерламу, незалежна ад абставін яго жыцця і смерці, кіруючыся пры гэтым біблейскім запаветам “Не суди, да не судим будешь”.
* На працягу года пасля смерці чалавека ні адзін з членаў сям’і не мае маральнага права прымаць удзел у якой-небудзь святочнай урачыстасці.
* Смерць каго-небудзь з бацькоў маладых, а таксама смерць каго-небудзь з іх сваякоў забараняла спраўляць вяселле  ў памінальны год. Часта можна пачуць такое меркаванне: “У дадзеным выпадку вяселле неабходна адкласці на 40 дзён”. Відаць, такое перакананне заснавана на тым, што ў праваслаўнай традыцыі хрысціянскай культуры саракавы дзень лічыцца тым днём, калі душа памерлага паўстае перад Богам для вызначэння яе далейшага лёсу, пасля чаго мы ўжо не ў стане прынесці шкоду душы сваімі нерэгламентаванымі паводзінамі. Аднак гэта не зусім так. У адпаведнасці з асноўнымі прынцыпамі народнай культуры смерць блізкага чалавека выключала сям’ю памерлага з цыкла святочных урачыстасцей роўна на год. Да ліку сваякоў адносяцца прадстаўнікі 1-га і 2-га пакаленняў як па вертыкальнай шкале (бабуля — дзядуля, бацька — маці, іх дзеці і ўнукі), так і па гарызантальнай шкале сістэмы роднасных адносін: родныя і стрыечныя браты і сёстры.
(Заканчэнне будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter