Калі ласка, у сенцы
07.06.2011 17:23:58
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ абыходзіць усе вобласці, не мінае былых мястэчкаў і сучасных раёнаў. Ідзіце за ім!..
КАЛІ ў свет выходзіць чарговае выданне Алеся КАРЛЮКЕВІЧА, можна з упэўненасцю гаварыць аб яшчэ адным краязнаўчым шэдэўры. «Радзімазнаўства», выдадзенае ў сталічным выдавецтве «Мастацкая літаратура», не стала выключэннем.
Сам стыль напісання краязнаўчых абразкоў у Карлюкевіча насычаны прастатой і дасціпнасцю. «Заглянем» — слова, якое шматкроць заклікае чытача наведаць тую ці іншую мясціну, а то і адчыніць сенцы ў хаце невядомага героя. «З Янава-Палескага, ці з Іванава, ад’язджаў я на Драгічын, збіраючыся і там, сярод колішніх панскіх сядзіб, сярод дарог і помнікаў... знайсці цікавых людзей. Бо людзей на Беларусі цікавых, яркіх, кожны з якіх бы тая пуцяводная зорка, што вядзе нашу краіну ў заўтра, неверагодна шмат», — так піша аўтар у канцы аднаго са сваіх аповедаў, у пэўным сэнсе выказваючы сваё пісьменніцкае і журналісцкае крэда. Дык ці не ў гэтым веліч яго душы і прыклад для ўсіх нас?
«Радзімазнаўства» Алеся Карлюкевіча — не навуковае выданне. Гэта кніга больш для душы, для адказу на пытанне, хто мы такія былі, ёсць і будзем.
Віктар ХУРСІК
НА ЗДЫМКУ: вокладка новай кнігі Алеся Карлюкевіча «Радзімазнаўства».