Калі ласка, у сенцы

КАЛІ ў свет выходзіць чарговае выданне Алеся КАРЛЮКЕВІЧА, можна з упэўненасцю гаварыць аб яшчэ адным краязнаўчым шэдэўры. «Радзімазнаўства», выдадзенае ў сталічным выдавецтве «Мастацкая літаратура», не стала выключэннем.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ абыходзіць усе вобласці, не мінае былых мястэчкаў і сучасных раёнаў. Ідзіце за ім!..

КАЛІ ў свет выходзіць чарговае выданне Алеся КАРЛЮКЕВІЧА, можна з упэўненасцю гаварыць аб яшчэ адным краязнаўчым шэдэўры. «Радзімазнаўства», выдадзенае ў сталічным выдавецтве «Мастацкая літаратура», не стала выключэннем.

Кніга змяшчае ў сабе больш за тры сотні старонак, на якіх адлюстраваны згадкі пра асоб, якія рабілі і робяць гонар радзіме, прычым асоб малавядомых. Аўтар не малюе іх партрэты, у яго эцюдніку няма алейных фарбаў — накіды, накіды вугалём, сангінай, мелам. Штрых да штрыха — і постаць, узмах алоўка — новы партрэт. Ён без супынку ідзе па Гродзеншчыне і Міншчыне, абыходзіць усе вобласці, не мінае былых мястэчкаў і сучасных раёнаў. Ісці за Карлюкевічам у краязнаўстве — падобна, як вандраваць з Драздовічам, які ніколі не ставіў перад сабой мэту пераплюнуць свет сваім талентам, але ў нацыянальнае выяўленчае мастацтва ўвайшоў арыгінальным мастаком — шчымліва родным творцам.

Сам стыль напісання краязнаўчых абразкоў у Карлюкевіча насычаны прастатой і дасціпнасцю. «Заглянем» — слова, якое шматкроць заклікае чытача наведаць тую ці іншую мясціну, а то і адчыніць сенцы ў хаце невядомага героя. «З Янава-Палескага, ці з Іванава, ад’язджаў я на Драгічын, збіраючыся і там, сярод колішніх панскіх сядзіб, сярод дарог і помнікаў... знайсці цікавых людзей. Бо людзей на Беларусі цікавых, яркіх, кожны з якіх бы тая пуцяводная зорка, што вядзе нашу краіну ў заўтра, неверагодна шмат», — так піша аўтар у канцы аднаго са сваіх аповедаў, у пэўным сэнсе выказваючы сваё пісьменніцкае і журналісцкае крэда. Дык ці не ў гэтым веліч яго душы і прыклад для ўсіх нас?

«Радзімазнаўства» Алеся Карлюкевіча — не навуковае выданне. Гэта кніга больш для душы, для адказу на пытанне, хто мы такія былі, ёсць і будзем.

Віктар ХУРСІК

НА ЗДЫМКУ: вокладка новай кнігі Алеся Карлюкевіча «Радзімазнаўства».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter