Калі ласка на бліны!

Паслянавагодняя пара шчодрая на забавы ды пачастункі. Каляды з Масленкай — гэта гульні, песні, танцы і абавязкова багатае застолле. Ні каляднае частаванне, ні тым больш масленічнае не абыходзіцца без бліноў, аладак. А як яшчэ гэту страву называюць? Кандыдат філалагічных навук Вераніка Курцова, загадчыца аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, часта бывае ў лінгвістычных экспедыцыях.
Паслянавагодняя пара шчодрая на забавы ды пачастункі. Каляды з Масленкай — гэта гульні, песні, танцы і абавязкова багатае застолле. Ні каляднае частаванне, ні тым больш масленічнае не абыходзіцца без бліноў, аладак. А як яшчэ гэту страву называюць? Кандыдат філалагічных навук Вераніка Курцова, загадчыца аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, часта бывае ў лінгвістычных экспедыцыях.

Якая ж Масленіца без бліноў!— Спадарыня Вераніка, ці шмат сінанімічных назваў бліноў у беларускіх гаворках?
— Шмат, бо бліны заўсёды ёсць на сталах беларусаў: і калі мала хлеба, і ў шчодрую пару. На Беларусі пачуеш розныя назвы стравы. Напрыклад, блінец, а таксама млін, млінец. Прычым, хутчэй за ўсё, паміж блін і млін ёсць непасрэдная сувязь. Спачатку, відаць, узнік назоўнік млін, ад дзеяслова малоць. З часам замест м у пачатку слова з’явілася б. Гэта з’ява ў лінгвістыцы называецца распадабненнем. Аднак і сёння, прынамсі, у Жыткавіцкім раёне, тоўсты, вялікі блін мае назву млінец, а невялікі тоненькі блін — гэта млінчык.

— Сапраўды, бліны бываюць розныя і па форме, і па спосабе прыгатавання. Відаць, у залежнасці ад гэтага і называюцца яны ў народзе па-рознаму?
— Безумоўна. Так, на поўначы, захадзе Беларусі і на Магілёўшчыне сустракаецца слова лапун. Гэта тоўсты, пульхны блін, як млінец на поўдні краіны. Назва лапун паходжаннем абавязана літоўскай мове, дзе адпаведнае слова абазначае ліст папараці або ўжываецца са значэннем ‘такі, як ліст’. Такім чынам, беларускі лапун — гэта страва, што па форме нагадвае ліст. Мы, дарэчы, ужываем і слова наліснік (або налеснік) у дачыненні да бліна, што звычайна робіцца з рэдкага цеста. У яго аснове таксама “ліст”.
У розных значэннях вядомая ў беларускай мове і назва бонда. Найбольш пашырана як найменне бохана хлеба. А вось другое значэнне — ‘від тоўстага бліна’.
Вельмі спецыфічная назва: какора. Яна добра вядомая на тэрыторыі Беларусі, асабліва ў яе паўночнай частцы. Какора — адметны блін: у аснове яго цеста драная бульба, у якую дамешваюць мукі. Смачная страва! Не раз какорай нас частавалі вяскоўцы падчас лінгвістычных экспедыцый. Даследчыкі доўга шукалі этымалогію назвы какора. Большасць лічаць: яна прыйшла з фінскіх моў, там падобнае слова абазначае від хлеба.
Бульбянкі (ці [/b]бульбяшы, бульбенікі, бульбячы[/b]), відавочна, таксама бліны ці піражкі з бульбы. Аднак з бульбы варанай і тоўчанай з дадаваннем мукі. Пачуеш слова пераважна ў паўночнай Беларусі. Так, у Глыбоцкім раёне раяць: “Бульбянкі смачна есці са смятанай і адразу цёпленькімі”. А гатуюць так: “Бульбу таўкуць у ступе разам з мукой. Як добра вытаўкуць, тады качаюць. Нада, каб было многа мукі, тады бульбянкі выходзяць смачныя, падымаюцца, як пышкі”. Цікава, што цеста з бульбы раскатвалі блінамі, заварочвалі ў капусту, бывала, дадавалі і грыбы.
З тоўчанай бульбы гатавалі і гопікі. Увогуле гопікі — гэта гнілая ці мёрзлая бульба, у нястачы нашы продкі ўжывалі і яе. Сёння ж гопікі, відавочна, робяць з ладнай бульбы.
Закручаныя па краях бліны ў некаторых раёнах краіны завуць кручонікамі. На Віцебшчыне ж любяць завіванікі. Гэта бліны, у якія дадавалі начынку і загортвалі яе.

— Бліны смачна есці не проста так, а з нечым...
— Канечне. І самая смачная страва пад бліны верашчака. Яе звычайна гатавалі на Каляды, калі забівалі кабана. Верашчаку ў нас яшчэ завуць мачанкай. А ў Докшыцкім раёне дык і зусім адметна: васілішкай. Адкуль гэта назва, невядома. Макалі бліны таксама ў валогу, гэта растоплены тлушч: масла або сала. Ёсць і дзеяслоў — валожыць, значыць, макаць.

— У сучасных гаспадынь ёсць прылады для гатавання бліноў. Як было з гэтым раней?
— Гаспадыні мелі спецыяльную дзежку для рошчыны, замешвання цеста. А каб напячы бліноў на ўсю сям’ю, карысталіся блінцоўкай (блінніцай, бліноўніцай). Так што традыцыя працягваецца.
Увогуле ж, гаспадыням нашым заўсёды хапала фантазіі, каб парадаваць блізкіх не звычайнай стравай, а чымсьці адмысловым. І назвы ледзь не для кожнага шэдэўра прыдумвалі свае. Так і ўзбагачалася моўная спадчына.

Гутарыла Вераніка Бандаровіч

На здымку:
Якая ж Масленіца без бліноў!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter