Калі чуеш “шэпт нябёсаў”...

Андрэй Шацілін некалі спасцігаў у Мінску філасофскую навуку, менавіта тут прэзентаваў і сваю чарговую кнігу паэзіі
Андрэй Шацілін некалі спасцігаў у Мінску філасофскую навуку, менавіта тут прэзентаваў і сваю чарговую кнігу паэзіі.

Кнігі з аўтографам аўтара на добры ўспамін...Ён сарамліва ўсміхаецца, гартае лісты ў блакноце, час ад часу бярэ шклянку з мінералкай. А паэт Навум Гальпяровіч, вядучы творчага вечара, расказвае пра свайго таленавітага калегу з Украіны. Госць хвалюецца, хоць і дарослы мужчына… Упершыню ён “обмакнул перо Жар-птицы” ў паэтычнае чарніла толькі ў сорак гадоў. Каб даць жыццё дарослым, мудрым вершам.

“Я пішу для сябе, проста люблю гэтую справу, — прызнаецца Андрэй. — Паэзія для мяне — энергетыка, адточванне розуму. І, як правіла, звычайныя, штодзённыя рэчы як паэтычныя вобразы мяне не цікавяць”. Што ж, кожны шукае ў паэзіі сваё. І такія словы не дзіўныя для чалавека, які ў свой час закончыў філасофскае аддзяленне гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Дарэчы, у Беларусі па гэты час у яго нямала сяброў.

“Я прачытаю вам некалькі рэчаў... — так Андрэй называе свае творы. — Калі не прагоніце...”. І як жа не паслухаць таго, хто быццам транслюе праз вершы “шэпт нябёсаў”...

“Гэтая кніга — сапраўды кніга! — так проста, але вельмі дакладна сказаў пра шацілінскае “Троецарствие” філосаф, паэт і бард Алесь Камоцкі. — Бо ў тэкстах ёсць каханне і здрада, крыўда і прабачэнне, зямное і нябеснае, зіма і лета…”

У Андрэя вельмі развіта пачуццё прыгожага. Вось паслухайце:

Расскажи мне о метели...
Мне не хватит белой краски.
После вьюги снежной ласки
Утром с крыш звенят капели...


“Прачытаўшы зборнік, я нібы адкрыў для сябе зорнае неба, — з захапленнем сказаў Юрый Сапажкоў, супрацоўнік часопіса “Всемирная литература». — Іх шмат, гэтых зорачак, і цяжка выбраць нейкую адну. Але ёсць сярод іх вершы, у якіх нельга не прыпыніцца, якія, бачна, пісаліся, як апошнія, што і азначае прафесіяналізм”.

Андрэй прызнаўся: часам ён сутыкаўся з тым, што словы не клаліся на паперу, і тады ён разумеў: тое, што яму дадзена, можа знікнуць. А “ўчарашні Ясенін заўтра ўжо — пусты, халодны залп... Калі ты штосьці выціскаеш з сябе, творчасць заканчваецца...” Але гэта — ні ў якім разе не пра Андрэя. Аўдыторыя горача ўспрымала паэзію, гучнымі авацыямі сустракала кожны твор паэта. І ён, уліўшыся ў атмасферу прыязнасці, вершамі адорваў удзячную публіку.

Людміла Мінкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter