Цяжкасцi пераправы: да 15 сакавіка на Прыпяці запусцяць вялікі паром

Кактэйль праблем з лёдам

Сітуацыя з переправай у Жыткавіцкім раёне нагадвае арэлі. Няма лёду — ваенныя ладзяць пантон, ідзе шугаход — прыбіраюць, а замест гэтага пешаходаў перавозяць на катарах. Але прырода, відаць, вырашыла, што ў мясцовых занадта лёгкае жыццё, і дадала да крыг яшчэ і зімовую паводку, якая паспела адзначыцца ўжо ў некалькіх раёнах Гомельскай вобласці. Прыпяць затапіла пойму, дадала зверху лёду, і пераправа нават на плаўсродках часова была спынена. На цяперашні момант адзіны шлях трапіць з Жыткавічаў у Тураў — сотні кіламетраў у аб’езд.

Да ракі пад’ехаць удаецца з цяжкасцю на КамАЗе, які праклаў умоўную дарогу. Мост праз Прыпяць, які злучае дзве часткі Жыткавіцкага раёна, з-за расколіны зараз перакрыты металічнымі сеткамі, паўсюль папераджальныя надпісы. «Праход закрыты» — нагадваюць самым бясстрашным і нецярплівым жыхарам іншага берага.

Рух па закаванай ільдом Прыпяці пакуль немагчымы
Фота Аляксандра КІЦУРЫ

Каля нядаўняй пераправы зараз цішыня. Рака скавана льдом, толькі каля прыцярушаных снегам катараў невялікая праталіна, за яе межы пры ўсім жаданні такія плаўсродкі не праб’юцца. На прыколе стаіць ледакол, у лёд закаваны шмат чаго перажыўшы за свой век пантон. Палатку для абагрэву, што тыднямі ратавала мясцовых жыхароў, звярнуў і Чырвоны Крыж, на беразе пакуль застаюцца толькі ваенныя.

Пытанне перапраўкі людзей цераз Прыпяць абмеркавалі на пасяджэнні аператыўнага штаба ў Жыткавіцкім райвыканкаме. Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Савіч прызнаецца: парадаваць пакуль няма чым.

— Пераправа закрыта, цяпер будзем чакаць, што скажа надвор’е. Адзіны шлях, які мы можам прапанаваць зараз, — аб’езд. Ёсць два варыянты напрамкаў.

Калі па прамой ад Жыткавічаў да Турава 26 кіламетраў, то аб’язны шлях — у 10 разоў даўжэйшы. Па напрамку Жыткавічы — Калінкавічы — Мазыр — Лельчыцы — Тураў атрымліваецца 249 кіламетраў, калі ехаць праз Пінск, Столін і Давыд-Гарадок — 276.

Тураўскія прадпрыемствы па меры магчымасці арганізуюць дастаўку сваіх работнікаў, што жывуць за ракой. Той жа малочны камбінат падвоз арганізаваў амаль з першых дзён пасля разбурэння моста. Аднак сем гадзін па аб’язной дарозе і траты на паліва — варыянт не з лепшых. Зараз некаторыя прадпрыемствы шукаюць жыллё на месцы, каб часова перавесці работнікаў на вахтавы метад.

Пад'езд да новага парома амаль гатовы

Да сярэдзіны сакавіка наладзіць пераправу цераз раку паабяцала прадпрыемства «Гомельаўта­дар». Генеральны дырэктар Ігар Мацвяцоў ад сваіх слоў не адмаўляецца:

— Мы казалі, што да 15 сакавіка непадалёк з’явіцца вялікі паром, на якім можна будзе за адзін раз перапраўляць каля 20 легкавых машын і некалькі велікагрузаў. Пытанне ў тым, ці дазволіць яго рух рака: зараз ад Пінска да Жыткавічаў Прыпяць скаваная лёдам.

Па словах спецыяліста, у крайнім выпадку тэрмін можа зацягнуцца недзе да 20 сакавіка. У трэцяй дэкадзе сіноптыкі прагназуюць добрае пацяпленне, таму лёд перастане шкодзіць тым, хто жадае трапіць на другі бераг Прыпяці. Пад’езды да месца будучай пераправы амаль поўнасцю падрыхтаваны. З боку Турава насып ужо чакае работы, з боку Жыткавічаў засталіся лічаныя метры. Тэхніка «Гомельаўтадара» працу не спыняе ні на хвіліну.

Зараз спецыялісты спрабуюць наладзіць яшчэ адно часовае выйсце з сітуацыі. Плаўсродкі з падтопленай мясцовасці, па словах Ігара Мацвяцова, плануюць перамясціць на месца новай пераправы:

— Паспрабуем разбіць лёд ледаколам і паглядзім: можа, тут удасца пакуль наладзіць такую ж перавозку людзей пры дапамозе катараў.

Схема звыклая, аднак Прыпяць разліцца можа і на новым участку. Ігар Мацвяцоў супакойвае: земляныя насыпы, якія вядуць да парома, даволі высокія. Яны разлічаны на значны пад’ём вады, нават на магутную паводку, якая бывает тут раз на 100 гадоў.

У любым выпадку галоўнае, чаго чакаюць жыхары раёна, — вяртанне стацыянарнага моста. Яго рэканструкцыя ўключана ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2018 год. Зараз робіцца праект яго аднаўлення, плануюць замяніць пралётную канструкцыю. Рух па мосце цераз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне плануецца адкрыць у снежні.

valchencko@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter