КАХАННЯ МНОГА НЕ БЫВАЕ

Акрамя агульнапрызнанай гісторыі кахання святога Валянціна, у ўсходніх славян ёсць свая гісторыя кахання і вернасціКолькі б ні бурчалі наконт таго, што Дзень усіх закаханых — гэта ўсяго толькі прыдуманае рэкламшчыкамі свята дзеля лішняга выцягвання грошай, усё роўна яго адзначаюць. Для кагосьці Дзень святога Валянціна — лепшы, каб прызнацца ў каханні ўпершыню, а для тых, у каго за плячамі не адзін дзесятак гадоў сумеснага жыцця і гарачыя пачуцці ўжо “прыціхлі”, — нагода ўспомніць маладыя гады. А чаму б і не? Разбудзіць “другую палавінку”, уварваўшыся ў пакой з “воблакам” чырвоных паветраных шарыкаў з запаветнымі словамі, а ўвечары пры свечках з водарам іланг-ілангу (стымулюе пачуццё кахання) есці ўдваіх торт-сэрцайка, і гаварыць, гаварыць, гаварыць пра каханне...

Дзень святога Валянціна як свята ўсіх закаханых адзначаецца ў Еўропе з ХІІІ стагоддзя. У краіны СНД яно прыйшло значна пазней — у пачатку 1990-х гадоў. Сёння гэты дзень перасягнуў далёка за межы выключна каталіцкага свята і набыў масавы характар. Аднак мала хто з нас здагадваецца, што ў традыцыях беларусаў можа ўкараніцца звычай святкаваць Дзень закаханых не толькі 14 лютага, але і 8 ліпеня, калі праваслаўная царква ўшаноўвае памяць святых мужа і жонкі Пятра і Фяўроніі. У суседняй Расіі, напрыклад, дэпутаты ўжо выйшлі з ініцыятывай абвясціць 8 ліпеня Днём шлюбнай любові і сямейнага шчасця. Гісторыя кахання і вернасці Пятра і Фяўроніі рэальная, яна адбывалася ў Расіі ў сярэднявеччы і, сапраўды, заслугоўвае таго, каб яе неаднойчы пераказвалі.
Святыя благаверныя Пётр і Фяўронія выйшлі з расійскага горада Мурама. А каханне іх узнікла так. Мурамскі князь Пётр цяжка хварэў, ніхто не мог яму дапамагчы. З кожным днём ён адчуваў сябе ўсё горш і чакаў смерці. Але яго слугам удалося аднойчы трапіць у вёску Ласкава і завітаць у хату да адной дзяўчыны. Яна ўразіла госця сваёй мудрасцю, а той у адказ прапанаваў ёй паспрабаваць вылечыць князя. Яна адказала: “Калі князь будзе лагодным і міласэрным, ён ачуняе. Няхай прыедзе сюды”.
Але, калі князь прыехаў, дзяўчына не выйшла насустрач, не паказалася князю, а выслала праз слугу збанок з хлебнай закваскай і загадала несці князя ў лазню.
Князь у той час вырашыў праверыць розум незнаёмкі. Паслаў ёй пучок ільну, каб яна, пакуль ён мыецца, саткала сарочку і ручнік. Яна ж у адказ загадала адсекчы ад палена трэску і сказала: “Няхай князь, пакуль я чышчу лён, зробіць мне з гэтай трэскі кросны”. Князь, пачуўшы просьбу Фяўроніі, усклікнуў: “Як жа можна за такі малы тэрмін і з такой малой трэскі зрабіць такое прыстасаванне для ткацтва?” На што Фяўронія праз слугу адказала: “А ці магчыма з пучка лёну саткаць і сарочку, і ручнік?”
Выканаў князь усе парады дзяўчыны — вымыўся ў лазні, памазаўся лекавай закваскай, і струпы з яго цела сышлі, як іх і не было. Не ўбачыўшы дзяўчыны, паехаў дадому і вырашыў аддзячыць ёй дарагімі падарункамі. Але Фяўронія адразу адправіла назад і шыкоўныя тканіны, і каштоўныя ўборы, і залатыя ўпрыгожанні. “Скажыце князю, што ён не па праўдзе паступае і ёсць над намі Той, Хто бачыць гэта”, — сказала яна.
А праз некаторы час Пётр зноў захварэў. Ён зразумеў, што гэта і ёсць Божая кара за тое, што адмовіўся ажаніцца з сялянскай дзяўчынай. “Хіба мы не ўсе дзеці Божыя? — сказаў ён родзічам. — Для Бога няма ні багатага, ні беднага, ні князя, ні слугі, ні халуя, ні баярына. Вязіце мяне да Фяўроніі”.
Зноў дзяўчына вылечыла князя. Выйшаў князь насустрач Фяўроніі, узяў яе рукі ў свае і ўжо не хацеў іх выпускаць. Хутка яны павянчаліся.
Аднак прыдворным у Мурамскім княстве не падабалася, што княгіня не можа забыцца пра сваю сялянскую звычку — збіраць рукою крошкі хлеба са стала. Аднойчы баяры наладзілі пір, абступілі князя і запатрабавалі, каб ён пазбавіўся ад сваёй жонкі. Князь заявіў, што нізавошта не расстанецца з Фяўроніяй. Баяры прыйшлі да Фяўроніі і сказалі: “Бяры столькі багацця, колькі захочаш, і пакінь княства”. Фяўронія згадзілася пайсці, але ўзяла з сабой сваё самае вялікае багацце — князя Пятра, дадзенага ёй Богам мужа. Баяры ўзрадаваліся, што княства застанецца без гаспадароў. Аднак пасланнікі простых жыхароў Мурама запынілі ладдзю князя і княгіні, што ўжо плылі па хуткай Ацэ, і вярнулі іх ў княства.
Па евангельскіх запаветах правілі князь і княгіня — лячылі хворых, дапамагалі сіротам знайсці сям’ю, прымалі спадарожнікаў... І пры жыцці ў малітвах сваіх прасілі Бога, каб пайсці з жыцця ў адзін дзень. Адчуўшы набліжэнне гэтага часу, яны пастрыгліся ў манахі, і душы іх узнесліся на неба.
І сёння святым Пятру і Фяўроніі асабліва моляцца тыя, хто пачынае шлюбнае жыццё, дае ў святым вянчанні зарок вернасці і любові, згоды і клопату адзін пра аднаго.


“НГ” спыталася...

Валерый АНІСЕНКА, дырэктар — мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі:
— Стараюся на ўсё глядзець закаханымі вачыма. З кожным годам рабіць гэта ўсё складаней. Хто ж здагадаецца, што ў душы такога лысага ды сівабародага, як я, птушкі спяваюць? Гэта свята і само пачуццё кахання патрэбны, каб жыць. Таму вось і я ў гэты дзень буду прызнавацца ў любові ў час спектакля “Прызнанне. Пісьмы і песні кахання...”, які пройдзе ў Белдзяржфілармоніі.
Ірына ДАРАФЕЕВА, заслужаная артыстка Беларусі:
— Сёлета ў гэты дзень я зраблю асобны падарунак жыхарам сталіцы — прадстаўлю ў КЗ “Мінск” сваю новую канцэртную праграму “Хачу быць марай”, дзе будуць і правераныя хіты, і новыя песні, запісаныя напрыканцы мінулага года ў Маскве, — “Нямнога прыгожых слоў”, “Анёл мой”, “Я мала ведаю пра каханне” і “Маленькая зіма”, аўтарам слоў да якой выступіў вядомы паэт Карэн Кавалеран. Дзень усіх закаханых — патрэбнае людзям свята, таму што кожны з нас кагосьці кахае.
Віталь БАРАВІК, інжынер-электрамеханік:
— Лічу гэта свята непатрэбным. Яно карыснае хутчэй для гандляроў рознымі ружова-чырвонымі дробязямі, якімі завалены ўсе прылаўкі ў магазінах у гэты час. А так, калі людзі кахаюць адзін аднаго, то прызнаюцца ў каханні не толькі 14 лютага.
Ірына РАМАНОЎСКАЯ, спявачка:
— Зараз ніяк, бо кахання ў дадзены момант не адчуваю. Пакуль... Лічу, што гэта свята патрэбна, бо чым больш іх у нас, тым цікавей жыццё.
Юрый ГЕРАСІМАЎ, пяцікурснік ВНУ:
— Прапаную сваёй каханай выйсці за мяне замуж. Даўно ўжо сустракаемся. Няхай Дзень святога Валянціна падорыць нам доўгае шчаслівае жыццё разам.
Алена Генадзьеўна, пенсіянерка:
— Ніяк. Не разумею, што гэта за свята, і навошта яго прыдумалі? Гэта толькі разбэшчвае нашу моладзь, якая і так забылася, што такое чысціня пачуццяў, сорам... Не магу зразумець: стаяць пасярод магазіна, цалуюцца. Ці мы сабе такое ў маладосці дазвалялі?
Аліна ВЕРАСЕНЬ, бухгалтар:
— Вячэру па-асабліваму згатую. Пастараюся стварыць атмасферу міру і любові. Зраблю маленькія падаруначкі для тых, каго люблю. Для мяне гэты дзень — яшчэ адна магчымасць успомніць пра моцныя пачуцці, якія ахоплівалі нас з мужам у маладосці, і пастарацца іх узнавіць. Бо толькі на каханні можна пабудаваць сямейнае шчасце.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter