Салістка Свярдлоўскага тэатра музкамедыі Святлана Качанава — не чужая ў Беларусі

Каханне з нябёсаў

Салістка Свярдлоўскага тэатра музкамедыі Святлана Качанава — не чужая ў Беларусі


У Мінску завяршаюцца гастролі Свярдлоўскага тэатра музычнай камедыі. Газета ўжо расказвала (“Зноў у Мінску”, ГР №35, 17.09.2015), што яго гендырэктар, заслужаны работнік культуры Расіі Міхаіл Сафронаў вучыўся ў Мінску, а галоўны дырыжор, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, лаўрэат прэміі “Залатая маска” Барыс Нодэльман мае родавыя карані ў вёсцы Буйнавічы Баранавіцкага раёна — там нарадзіўся яго бацька. Ёсць у творчым калектыве і іншыя асобы, у лёсы якіх увайшла Беларусь. Сярод іх і заслужаная артыстка Расіі (2006) Святлана Качанава, з якой мы гутарым.

— Святлана, як складваўся ваш творчы лёс?

— У маім лёсе ажно тры сучасныя краіны спалучыліся: Украіна, Беларусь і Расія. І для мяне гэта адна вялікая Радзіма. Я родам з Украіны, з Крывога Рога. Калі мне было пяць гадоў, сям’я пераехала жыць у Расію, а ў 35 я апынулася ў Беларусі. Дзяцінства прайшло за Уралам: калі я туды прыехала, з мяне па-добраму смяяўся ўвесь двор! Я ж гаварыла па-ўкраінску, і ўсе ў мяне былі “хлопчики та дівчинки”. Смяяліся, жартавалі з мяне, але ніхто і ніколі не крыўдзіў, не дражніў. Зауралле, горад Курган — там я закончыла музвучылішча як дырыжор-харавік і марыла: калі-небудзь буду вучыцца “на артыстку”. Калі паступала ў Свярдлоўску ў кансерваторыю, то менавіта ў той год народны артыст СССР Уладзімір Курачкін, галоўны рэжысёр Свярдлоўскай музкамедыі, набіраў курс у тэатральным інстытуце. Мне вельмі пашанцавала, што трапіла туды. Пасля інстытута, які закончыла ў 1988-м, прыйшла да Кірылы Стрэжнева, які на той час стаў галоўрэжам таго ж тэатра,  і гэта было вялікае шчасце, шчаслівы шанец!

— А ў Беларусь як вы ўвайшлі?

— Пад руку з маім мужам! Я выпадкова (хоць кажуць: нішто ў жыцці не выпадкова!..) пазнаёмілася ў нябёсах, у самалёце з беларусам, які ляцеў з Масквы ў Екацярынбург. І знаёміліся мы ў цемры… Нешта здарылася з асвятленнем, а калі святло ўключылі, то аказалася, што побач са мной сядзіць худзенькі хлопчык у велізарнай лісінай шапцы.

У нас з’явілася проста непераадольная цяга адзін да аднаго, і ўрэшце я, пакінуўшы тэатр, з’ехала ў Мінск: да яго. Спадзявалася, што буду доўга-доўга жыць тут (мы гутарым у Мінску, пад час гастроляў тэатра. — Аўт.), але з-за ўсялякіх абставінаў вярнулася ў свой родны тэатр, які вельмі люблю… Хоць і Беларускі музычны тэатр (тады — Тэатр музычнай камедыі) прыняў мяне вельмі добразычліва, я працавала там у 1998-99 гадах.  Беларусы па сваёй сутнасці вельмі добрыя і міралюбныя людзі, гэта, падаецца мне, тая нацыя, якая настроена на абсалютны пазітыў. Мяне ўводзілі ў спектаклі, давалі важныя прафесійныя парады… Сувязь з мінскай трупай захавалася: на мінулых гастролях мы зноў сустрэліся з калегамі: яны мяне пазналі, падыходзілі з добрымі словамі, казалі, як рады за мяне, што ў мяне ўсё добра.

— Як вам беларускія гледачы?

— Публіка тут узрушаючая! Самы паказальны для мяне спектакль у плане глядацкага прыёму — наш “Парк савецкага перыяду”. Пастаноўцы больш за дзесяць гадоў — але такога незвычайнага прыёму, як у Мінску, у гісторыі спектакля яшчэ не было! Гледачы нібы дыхаюць з намі ва ўнісон, з залы ідзе наймагутная энергія. А фінальнае папуры пераўтвараецца ў наш сумесны з залай канцэрт!


С. Качанава і В. Шабуня. “Ноч у Венецыі”. Мінск, 1997

— Ладзіце вы з беларускімі сваякамі?

— Мая беларуская радня, дакладней, радня майго мужа, жыве ў пасёлку Самахвалавічы, пад Мінскам. Гэта вельмі добрыя людзі, яны лёгка і цёпла прынялі мяне ў сваю сям’ю. А калі мы прыязджаем на гастролі, мая свякроў Марыя Іванаўна ўсіх вядзе ў тэатр: ёй важна мной ганарыцца, паказаць, якая ў яе нявестка! У нас вельмі дружная сям’я — і выдатныя сябры.

— А з беларусамі Екацярынбурга маеце зносіны?

— Прозвішча майго мужа — Лапановіч, а Лапановічаў у Екацярынбурзе — чалавек дзесяць. Усё гэта нашы сваякі, мы сябруем, часта маем зносіны, ходзім разам на канцэрты, адзначаем святы. Нашу сям’ю ўсе ведаюць, мы заўсёды ў цесных зносінах,  часта здараецца адзін аднаму дапамагаць.

— Ці вандравалі вы па Беларусі? Што спадабалася?

— Калі працавала ў Мінску, мы часта ездзілі са спектаклямі па краіне: я пабывала ў розных гарадах. І тады яшчэ адзначыла, што гэта вельмі чыстая, спакойная краіна, бо на Урале ж было інакш: бандыты, “ліхія дзевяностыя”, нават стральба. А тут можна было спакойна хадзіць позна ўначы — розніца велізарная! Была і ў Брэсцкай крэпасці: уражанні глыбокія. Як і ад Хатыні — гэта слёзы, нашы агульныя болевыя кропкі, гэта наша агульная рана, пра якую нельга забыць.

— Ці змяніла нешта Беларусь у вашым жыцці?


— Безумоўна! Тут адбыліся вельмі важныя для мяне падзеі, таму Беларусь для мяне — знакавае месца. Мой сын Алёша нарадзіўся тут, і ён лічыць сябе беларусам, і Радзіма яго — Мінск. Мае самыя дарагія мужчыны — сын і муж — звязаны з Беларуссю. Цяпер і мой лёс непарыўна з ёй паяднаны. Паміж Екацярынбургам і Мінскам 3000 кіламетраў, а для мяне гэта два самыя блізкія і родныя гарады.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter