Героиня стихотворения Владимира Жилки бросила поэта в беде

«Каханне нiчога не просе…»

1928 год. У часопiсе «Узвышша» з’яўляецца новая паэтычная публiкацыя. Над адным з вершаў стаiць прысвячэнне «Р.М.», а гучыць верш зусiм не ў духу эпохi: гэта любоўная лiрыка… 

Каханню нiчога не трэба,
Каханне нiчога не просе, —
Так радуе сiняе неба,
Так цешыць валошка ў калоссi…

Iмя аўтара знаўцам казала шмат… Уладзiмiр Жылка. Ён толькi за два гады да гэтай публiкацыi пераехаў у Савецкую Беларусь з-за мяжы, з Прагi: запрасiлi ў Мiнск на акадэмiчную канферэнцыю па рэформе беларускага правапiсу, i паэт вырашыў застацца.

Напачатку ўсё складвалася добра. Ён працуе ў Iнстытуце беларускай культуры, у газеце «Звязда», шмат перакладае. А ў 1928-м яго ўжо напоўнiцу крытыкуюць за тое, што «не наблiжаецца да пралетарскай лiтаратуры». Выключаюць з «Маладняка», звальняюць са «Звязды». 

Жылку пашанцавала: паэт Язэп Пушча, якога таксама даставала «аглабельная» крытыка, пераязджаў у Ленiнград i прапанаваў сваё месца выкладчыка лiтаратуры ў Мiнскiм музычным тэхнiкуме.

Там i пачалася гiсторыя, у вынiку якой узнiк верш. 

Уладзiмiр Жылка быў рамантык i ў душы, i знешне. Высокi, з тонкiмi рысамi i яснымi сiнiмi вачыма. А смяротная хвароба надавала асаблiвы сумны арэол… Паэт хварэў, i вельмi цяжка, на сухоты. Але не развiтваўся з марай аб сапраўдным каханнi. I вось у музычным тэхнiкуме ён i напаткаў сваю, як верыў, адзiную — студэнтку Рыму Маневiч. Менавiта ёй i прысвечаны верш. Уладзiмiр Жылка паведамляе знаёмай: «Ведаеш, я закахаўся ўжо месяцаў са тры, i, здаецца, па самюськiя вушы. Яна маленькая, рыжая i злюшчая, язычлiвая. Мяне кахае».

Уладзiмiр i Рыма ўзялi шлюб. Дачку, якая нарадзiлася, назвалi Беатрычэ. Як у Дантэ. Жылка, шчаслiвы, складае калыханкi для маленькай Атачкi… 

А потым пачалася фальсiфiкаваная справа Саюза вызвалення Беларусi.

Уладзiмiра Жылку арыштоў­ваюць адным з першых, улетку 1930-га, калi яны з жонкаю былi на лецiшчы пад Мiнскам з маленькаю дачкою. 

Але паэт настолькi хворы, што праз нейкi час яго адпускаюць дадому… Аднак памерцi ва ўласным ложку не далi: адправiлi ў высылку ва Уржум. 

Уладзiмiр Жылка з 19-гадовай жонкай Рымай Маневiч. 1929 год.

А што ж тая, якой прысвечаныя радкi:

Каханая, любая, квеце!
Ў палоне вясёлае долi
Ёсць песняй аб кiм летуцецi,
I сэрцу даволi, даволi…?

Праз год Рыма прыехала да мужа ў высылку. Але дружнага жыцця не атрымалася. Як пiша Уладзiмiр Калеснiк, «Жылка, як гавораць пагалоскi, паехаў у Вятку хадайнiчаць аб дазволе на пераезд у Крым, прастудзiўся i праляжаў там два месяцы ў бальнiцы. Калi вярнуўся, пачуў благiя перасуды пра паводзiны жонкi, загаварыла ўроджаная жылкава сумленнасць, вернасць, i Рыма Маневiч пасля сямейнай сцэны выехала ў Ленiнград, дзе жыў, прайшоўшы «перавыхаванне» працай, яе бацька, нядаўнi гомельскi нэпман, а цяпер партовы грузчык».

Рыма падала на развод. 

Паэт часта ўспамiнаў сваю маленькую дачку Атачку i да самай смерцi ў 1933 го­дзе хаваў яе цацку-бразготку i пасмачку яе валасоў, перавязаную стужкай.

Знаёмыя па высылцы абмяркоўвалi: як магла Рыма Маркаўна пакiнуць ­такога цудоўнага чалавека, ды яшчэ ў такую цяжкую хвiлiну?

Беатрычэ выхоўвала бабуля, экзатычнае iмя змянiлi на Наталлю. 

У 1960 годзе Уладзiмiра Жылку рэабiлiтавалi.

Што ж, у гiсторыi лiтаратуры такое бывае: каханне не вытрымала выпрабавання часам, але народжаныя iм радкi сталi вечнымi.

I сэрца бясхмарнае ясней
Схiляецца постаццю спелай,
Хоць сэрца яшчэ было б шчасней,
Каб дбацi аб кiм яно мела.

cultura@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter