Стан унікальнай Каложскай царквы XII стагоддзя даўно непакоіць гродзенскіх святароў і простых гараджан

Каго ж чакае Каложа

Стан унікальнай Каложскай царквы XII стагоддзя даўно непакоіць гродзенскіх святароў і простых гараджан. Яснасці ў прагнозах чакаюць і тыя, і другія. Днямі эксперты паставяць кропку ў шматгадовых дыскусіях і дадуць адказ на галоўнае пытанне: колькі яшчэ можа чакаць Каложа?



Сцены адной з самых старажытных цэркваў краіны бачылі многае: войны, пажары, спусташэнні і забыццё. Сёння храм адкрыты з раніцы да позняга вечара, і дакрануцца да гістарычных сцен, інкруставаных рознакаляровымі камянямі, можа кожны. Да храма штодня прыязджаюць турыстычныя аўтобусы. Здаецца, жыццё ў парафіі кіпіць... І толькі мясцовыя святары ведаюць, чаго каштуе Каложы стаяць на сваім месцы. Штогод адбываюцца змены, прыкметныя і неспецыялісту. У мінулым годзе, напрыклад, з`явіліся новыя расколіны ў падмурку і сценах агароджы. Самая буйная з іх прайшла па цагляным муры ад нізу да даху.

Некалькі гадоў таму вырашылі падрыхтаваць праект, знайсці грошы і зрабіць рэстаўрацыю. Гучыць дзіўна, але тады за Каложу ўступілася грамадскасць. Выстаўлены на ўсеагульнае абмеркаванне праект рэканструкцыі ў некаторых выклікаў здзіўленне і расчараванне. Хоць у Міністэрстве культуры ён атрымаў адабрэнне. У выказваннях апанентаў было шмат разумнага. Па-першае, сур`ёзных даследаванняў па стаянні грунту ніхто не праводзіў. Па-другое, матэрыялы для будаўніцтва і канчатковы выгляд царквы ніяк не адпавядалі яе гістарычнаму абліччу.

І вось нядаўна ў некалькі этапаў прайшлі даследаванні цяперашняга стану Каложскай царквы за ўласныя грошы парафіі. Пробашч парафіі протаіерэй Аляксандр Балонікаў запрасіў у Гродна спецыялістаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і  Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Навукоўцы правялі геарадарнае даследаванне грунту і ацанілі стан драўляных канструкцый. Настаяцель храма задаволены іх працай:

— Усе вынікі будуць агучаны на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі па захаванні Каложскай царквы. Найбольшую занепакоенасць выклікае стан даху. Нельга не ўбачыць змены канструкцый у цэлым, з`едзеныя насякомымі мацаванні купала і крыжоў. Сапсаванае дрэва парахнее на вачах. Калі на канферэнцыі мы пачуем, што дах патрабуе экстраннага ўмяшання, працы пачнуцца неадкладна.

На думку гродзенскіх святароў, да справы трэба падыходзіць вельмі ўзважана і асцярожна. Сам айцец Аляксандр наведаў шмат падобных святынь, перш чым звярнуўся да вучоных. Як прыклад ён прыводзіць храмы ў Сербіі, якія пацярпелі нават больш, чым Каложа. Зараз яны адноўлены, там ідуць набажэнствы, праходзяць экскурсіі. Вопыт аднаўлення старажытных хрысціянскіх і нават дахрысціянскіх храмаў можна ўбачыць у Грэцыі. Менавіта таму святары могуць абгрунтавана сцвярджаць: сёння існуюць сучасныя спосабы захавання падобных святынь, і іх трэба выкарыстоўваць.

Вядучы архітэктар інстытута «Гроднаграмадзянпраект» Ніна Емяльянава рада таму, што ранейшы праект не дайшоў да стадыі выканання. З цягам часу многае бачыцца па-іншаму. Ніхто дакладна не ведаў, як выглядаў храм да першай кансервацыі. Архітэктары з лепшых памкненняў паспрабавалі дадумаць і прыхарашыць яго. І гэта няправільна.

— Пытанне па праекце застаецца адкрытым, у любым выпадку яго трэба будзе сур`ёзна дапрацаваць і нанова прайсці ўзгадненне, — лічыць Ніна Емяльянава. — Але гэта павінен быць зусім іншы падыход з улікам даследаванняў навукоўцаў. Вельмі важна звярнуць увагу на выбар матэрыялаў, выкарыстоўваць аблегчаныя канструкцыі. Можа, і правільна, што ранейшыя сумненні, выклікаўшы шырокі рэзананс, запаволілі працэс прыняцця рашэння. Хочацца, каб наша праца апраўдала спадзяванні і святароў, і грамадскасці.

Таццяна КАНДРАЦЬЕВА

Tanula.K@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter