Каго на падушку садзілі
24.01.2008 01:00:00
У адносінах да падушкі -- звычайнай хатняй рэчы -- было немала рэгламентыцый. Па-першае, на падушцы катэгарычна забаранялася сядзець, інакш “адседзіш” свой розум. Па-другое, забаранялася класці падушку на стол – каб не наклікаць смерць на свой род. Як толькі падушка трапляла ў поле дзеяння сямейных абрадаў, да яе ставіліся, прытрымліваючыся наступных патрабаванняў.
· З-пад галавы паміраючага чалавека выцягвалі звычайную падушку і падкладалі спецыяльна падрыхтаваную. Яе напіхалі саломай (часцей гарохавай), таму што курынае пер’е “не дае лёгка памерці”, укладалі ў яе лісце ці пруткі з веніка.
· Спецыяльную падушку клалі ў труну. Часцей за ўсё яе напаўнялі драўлянай стружкай, а таксама клалі валасы і пазногці, якія збіраліся на працягу ўсяго жыцця памерлага.
· Каб у калядныя ночы ўбачыць у сне свайго суджанага, дзяўчаты клалі пад падушку розныя рэчы, напрыклад грэбень, і казалі: «Суджаны, ражаны, прыходзь мне валасы часаць, косу расплятаць».
· Пасля таго як падзялілі каравай, нявесту маглі пасадзіць на пуховую падушку. Потым на гэтую ж падушку сядалі тыя дзяўчаты, якія па розных прычынах доўгі час не маглі выйсці замуж.