Каго ў кумы запрашаць

Кум — кума. Хросных бацькоў звычайна выбіраюць з ліку сваякоў (у асобных выпадках нават самых блізкіх) ці сяброў. Гэта павінны быць надзейныя і паважаныя людзі, якія разумеюць сваю адказнасць за выхаванне свайго хрэсніка перад Богам і людзьмі, таму што яны будуць ведаць галоўную яго таямніцу — хроснае імя. Несумленны чалавек можа забраць у немаўляці поспех, шчасце, здароўе і прынесці шмат бед. Узгадайце: любая замова (незалежна ад таго, зарыентавана яна на дабро ці на зло) накіравана на канкрэтнае імя, таму што толькі ў такім выпадку яна дасць станоўчы вынік.

* Хроснымі бацькамі не могуць быць няверуючыя, нехрышчоныя, непаўналетнія людзі. Лічыцца, што лёс хросных бацькоў перадаецца іх духоўнаму спадкаемцу, таму было пажадана, каб хросныя бацькі былі жанаты мужчына  і замужняя жанчына. Праўда, у ХХ стагоддзі імі маглі стаць і 12—15-гадовыя юнакі і дзяўчаты.
* Хросныя бацькі на момант хрышчэння немаўляці не павінны быць мужам і жонкай.
* Вельмі непажадана браць хроснымі бацькамі людзей, якія скасавалі шлюб, удоў, тых, хто дасягнуў 40-гадовага ўзросту, але не стварыў сваёй сям’і і не мае дзяцей.
* Верылі, што лёс хрэсніка будзе ўдалым, калі яго хросная маці была ўдзельніцай хаця б аднаго вяселля, а яшчэ лепш, каб яна была шаферкай (пачэснай сведкай) на вяселлі ў бацькоў дзіцяці. У гэтым выпадку хрэсніку перадавалася шчасце стварэння новай сям’і.
* Хросных бацькоў маглі браць для кожнага дзіцяці паасобку, а магло быць і так, што адна пара хрысціла ўсіх народжаных у гэтай сям’і дзяцей.
* Неабходна запомніць і заўсёды прытрымлівацца залатога правіла народнай культуры: калі дзяўчыну (жанчыну)  у першы раз запрашалі быць хроснай маці, то яна можа хрысціць толькі хлопчыка. Калі ж маладога хлопца ці дарослага мужчыну ўпершыню прасілі быць хросным бацькам, то ён можа пахрысціць толькі дзяўчынку.
* Цяжарная жанчына і жанчына, якая нарадзіла, на працягу 40 дзён пасля родаў не можа быць хроснай маці. 
* Не бралі хроснымі людзей, у якіх былі аднолькавыя імёны з бацькамі. Лічылася, што ў такім выпадку хросная пара “замесціць” пару сапраўдных бацькоў.
* Народная традыцыя вельмі асцярожна падыходзіць да асэнсавання паняцця “перакрыжаванага хрышчэння”, г.зн. я пахрысціў вашых дзяцей, вы — маіх.
* Калі дзяўчына “засядзелася ў дзеўках”, то яна магла змяніць сваё становішча, калі пахрысціць пазашлюбнае дзіця — хлопчыка. Лічылася: як толькі ён пачне хадзіць, хросная маці возьме шлюб.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter