Каб зноў пайшоў гадзіннік часу. У Старых Васілішках, у доме, дзе жыў зорка еўрапейскага року Чэслаў Немэн, сёння ствараецца музей.

Мара прыхільнікаў Чэслава Немэна нарэшце збываецца: на яго малой радзіме ў Старых Васілішках Шчучынскага раёна на вачах “ажывае” закінутая хата, якую ўжо абагаўляюць шматлікія меламаны. Турыстам хутка будзе куды зайсці, каб убачыць, паслухаць, акунуцца ў свет дзяцінства і юнацтва чалавека, які ў сярэдзіне мінулага стагоддзя стаў сусветнай зоркай. “Ужо ў чатыры гадочкі сын Антона Выдрыцкага граў на піяніна”, — узгадваюць суседзі знакамітага на ўвесь свет рок-музыканта. — Уся сям’я Выдрыцкіх — вельмі песенная, а гаспадар дома яшчэ і рукі залатыя меў”.

Мара прыхільнікаў Чэслава Немэна нарэшце збываецца: на яго малой радзіме ў Старых Васілішках Шчучынскага раёна на вачах “ажывае” закінутая хата, якую ўжо абагаўляюць шматлікія меламаны. Турыстам хутка будзе куды зайсці, каб убачыць, паслухаць, акунуцца ў свет дзяцінства і юнацтва чалавека, які ў сярэдзіне мінулага стагоддзя стаў сусветнай зоркай. “Ужо ў чатыры гадочкі сын Антона Выдрыцкага граў на піяніна”, — узгадваюць суседзі знакамітага на ўвесь свет рок-музыканта. — Уся сям’я Выдрыцкіх — вельмі песенная, а гаспадар дома яшчэ і рукі залатыя меў”.

— Не-не, ложак у Выдрыцкіх не тут, а вось дзе стаяў, — дакляруе “галоўны эксперт” Вераніка  Маркевіч, суседка і блізкая сяброўка сястры Чэслава. — А камод побач мясціўся, ды на ім прыгожы гадзіннік у абрамленні знаходзіўся. Ні ў каго такога не было. І наогул гэтыя людзі хоць і вясковыя, а чымсьці ўсё ж ад астатніх адрозніваліся. Цяпер бы сказалі пра такіх — творчыя натуры. І бабуля ў іх вельмі інтэлігентная, шляхетная была... Гэта нягледзячы на тое, што Выдрыцкія — рымары. Вось пра нас у вёсцы казалі — кавалі, пра кагосьці — шаўцы, а яны займаліся рымарствам, вупраж шылі, спецыяльную швейную машынку для гэтых мэт мелі. Якраз тут яна стаяла, — паказвае Вераніка Станіславаўна, якая ў дзяцінстве магла па-сваяцку дзесяць разоў на дзень забегчы ў гэты дом. — Гаспадар, дзядзька Антон, такі заўзяты да працы быў, такі здольны: і гадзіннік настроіць, і касцельны арган да ладу давядзе — проста майстар залатыя рукі... 
Ведаць усе гэтыя дэталі, пра якія расказваюць суседзі і сваякі Чэслава Немэна, сёння надзвычай важна і цікава. Былы старшыня Васілішкаўскага сельвыканкама, а зараз, пасля выхаду на пенсію, загадчык будучага клуба-музея Уладзімір  Сянюта з інтарэсам слухае ўспаміны землякоў.
Антон  Выдрыцкі разам з жонкай Ганнай  ды дзецьмі Чэславам і Ядвігай у 1958 годзе выехаў у Польшчу. І ўжо там, не пакідаючы сваё ўтрапёнае захапленне музыкай, Выдрыцкі-малодшы зрабіў сваю кар’еру. А абраны псеўданім — Чэслаў Немэн — так красамоўна сведчыць пра светлыя настальгічныя пачуцці па Радзіме — той старонцы, дзе нясе свае велічныя воды Нёман, дзе цвітуць мальвы і сланечнікі ў вясковых гародчыках, дзе гатычны шпіль Чырвонага касцёла  дакранаецца да аблокаў, дзе ў кожнай хаце гучыць душэўная песня...
— Так, Старыя Васілішкі — надзвычай песенная вёска, — працягвае свой аповед Вераніка Станіславаўна. — А хата Выдрыцкіх стала для нас  проста нейкім культурным цэнтрам. Па-першае, яны мелі піяніна, што было дзіўным для сялянскай хаты. Па-другое, як жа тут хораша ўсе спявалі: бацька — цудоўны тэнар, маці і Ядзя — сапрана, а Чэсік — наогул універсал. Ён жа ў музычным вучылішчы спасцігаў навуку. Уся вёска дзівілася, калі ён у чатыры гады ўзбіраўся на табурэтку і нешта граў на піяніна.
У Выдрыцкіх бацькі з дзецьмі, як і ў многіх іншых тутэйшых сем’ях, размаўлялі па-польску. Наогул, большасць жыхароў нашай вёскі — этнічныя палякі, — зазначае Вераніка Станіславаўна.

Калаўрот — з хутара, а самавар на вуголлі — ад прафесара філасофіі

Уладзімір Уладзіміравіч Сянюта зараз па крупінках збірае і сямейныя гісторыі Выдрыцкіх, і старадаўнія рэчы з сялянскага ўжытку, каб як мага праўдзівей рэканструяваць атмасферу і побыт гэтага ўнікальнага дома. У 90-х гэта хата была прыстасавана пад... сельскую краму, таму, так бы мовіць, аўтэнтычнасць у многім згублена. Але калі за справу ўзяўся такі нераўнадушны, зацікаўлены чалавек, як Сянюта, які не лічыцца ні з часам, ні з уласнымі сродкамі, то можна не сумнявацца: музей атрымаецца выдатны. Зрухі адбываюцца літаральна штодня: тут і аддзел культуры вельмі дапамагае. Выкашаны падворак, упрыгожаныя самабытнымі фіранкамі вокны, якія свецяцца гасціннымі агеньчыкамі, заўжды прыветліва  адкрытыя дзверы: сюды ахвотна заходзяць людзі са сваімі парадамі і прапановамі. І экспанатамі музей  пастаянна папаўняецца.
 Многае з гарышчанскіх рарытэтаў падарылі сяляне з вёсак Дварчаны, Баяры, Гайкоўшчына... Некалькі старадаўніх рэчаў перадаў... прафесар філасофіі Чэслаў Кірвель: ён зямляк васілішкаўцаў і да ўсяго  аматар-калекцыянер. Так агульнымі намаганнямі ўтварыўся сапраўдны этнаграфічны куток: калаўроты розных мадыфікацый, кадушкі, збанкі і нават сапраўдны самавар на вуголлі!
Як расказаў нам Уладзімір Сянюта, ёсць у аднаго аматара даўніны патэфон — вельмі ж падобны да таго, што быў у сям’і Чэслава Немэна — ды перадаць яго ў музей ўладальнік згодны толькі за 150 долараў. Адпушчаных бюджэтам сродкаў для афармлення музея яўна бракуе, таму была б вельмі дарэчы дапамога спонсараў.

Пагартаўшы сямейны альбом...

Што тычыцца васілішкаўцаў, то цяпер яны часта адкрываюць свае сямейныя фотаальбомы:
— Мой брат Іосіф Зубрыцкі сябраваў з Чэславам, разам з ім спяваў, — узгадвае Ганна Вацлаваўна Маркевіч, якая, дарэчы, некалькі гадоў нават працавала ў тым самым магазіне, што змяшчаўся ў доме Выдрыцкіх. Жанчына  па нашай просьбе адшуквае цяпер ужо эксклюзіўныя фотаздымкі 50-х гадоў. — Вось тут Чэслаў акампаніруе нашаму хору, якім ён кіраваў. Мы тады з канцэртамі ездзілі то ў Астрыну, то ў Радунь... А вось мы на ганку бібліятэкі. Цудоўныя былі часы. Васілішкаўская моладзь вылучалася сваёй культурай. У нас нават духавы аркестр быў. Чэсік не надта любіў выконваць агульнавядомыя песні, а ўсё нешта сваё, асабістае граў і спяваў. Відаць, кампазітарская струнка ўжо тады прачнулася.
У Васілішках дружна ўзгадваюць пра прыгожую гісторыю кахання музыкі-нефармала і піянерважатай Марыські — вясёлай прыгожай дзяўчыны. Яны пажаніліся, аднак потым, ужо ў Польшчы, той шлюб распаўся.
З задавальненнем расказваюць вяскоўцы і пра тое, як Чэслаў Выдрыцкі ўжо ў статусе вядомага і папулярнага спевака, музыканта і кампазітара прыязджаў да сваякоў і сяброў на сваю малую радзіму, сустракаўся з васілішкаўцамі, запрашаў на свае канцэрты.
— Цікавасць да творчасці Чэслава Немэна вялікая, — гаворыць Уладзімір Сянюта. — Вельмі шмат экскурсій прыязджае з Польшчы. Упэўнены, што музей будзе надзвычай запатрабаваным.
А гэта значыць, што варта падумаць і пра стварэнне турыстычнай інфраструктуры ў Старых Васілішках. Напачатку не лішне  было б абсталяваць павільёнчыкам тутэйшы аўтобусны прыпынак. У перспектыве — наладзіць продаж сувенірнай прадукцыі: гэта ж жывая капейка. Яўна не прайграюць і тыя вяскоўцы, хто рызыкне  адкрыць у сябе аграэкасядзібу з хатняй кухняй. Тое, што ў вядомым на ўсю Беларусь аграгарадку хутка з’явіцца рэстаранна-гасцінічны комплекс, таксама вельмі дарэчы. Так што ёсць над чым сур’ёзна задумацца, каб рэальнымі справамі ажывіць глыбінку. Клуб-музей у Старых Васілішках можа стаць стартам для мноства цікавых праектаў.
Каб павялічыць фінансаванне музея, трэба прыцягнуць спонсарскія сродкі. Бо важна аснасціць дом Чэслава Немэна не толькі  экспанатамі з розных вёсак раёна, але і асабістымі рэчамі кампазітара, якія, напэўна, захаваліся ў яго сяброў і сястры, што жыве ў польскім горадзе Калобжэг. Музей у Старых Васілішках стане да ўсяго і надзейным мосцікам дружбы паміж народамі-суседзямі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter