Каб вёска ажыла

Уладальнікі СФГ “Зарубаўшчына” падораць фруктовы сад дзецям-сіротам

Уладальнікі СФГ “Зарубаўшчына” падораць фруктовы сад дзецям-сіротам

На карце Ушацкага раёна, выдадзенай амаль дзесяць гадоў таму, вёска Зарубаўшчына, што знаходзіцца паміж Касарамі і Лясінамі, значыцца як нежылая. Так і было да нядаўняга часу, але зараз гэта не адпавядае рэчаіснасці, бо са стварэннем сялянска-фермерскай гаспадаркі “Зарубаўшчына” тут зноў віруе жыццё.

Пяцьдзясят гектараў прыгажосці

Браты Дзмітрый і Уладзімір Тарасевічы, заснавальнікі гаспадаркі, родам з Лепеля. Нягледзячы на малады ўзрост, ужо маюць вопыт працы ў вытворчасці прадукцыі гадавальнікаў. Менавіта гэта з’яўляецца асноўным кірункам дзейнасці “Зарубаўшчыны” і ўключае ў сябе вырошчванне пасадачнага матэрыялу — насення, прышчэпаў, саджанцаў пладовых дрэў. Вырашыўшы стварыць уласнае прадпрыемства, доўга шукалі месца для яго заснавання. Цікава, што маці фермераў нарадзілася непадалёк ад гэтых мясцінаў, у Касарах.

Для маладых фермераў гэта пашырэнне вытворчасці, бо ўжо зараз яны прапануюць пакупнікам саджанцы з лепельскай прапіскай. Пяцьдзясят гектараў — такая плошча будучага саду, што з’явіцца ў Зарубаўшчыне ў наступным годзе. Сёлета ж на плошчы ў адзін гектар гадуюцца будучыя яго “насельнікі” — прышчэплена больш за сорак сартоў яблыні, грушы, алычы, вішні, чарэшні. Знойдуць сваё месца ў садзе чорныя і чырвоныя парэчкі, ужо ў гэтым годзе вырошчвалі клубніцы. Акрамя таго, можна будзе набыць і дэкаратыўныя кусты, якім у гадавальніку таксама адведзена значнае месца.

Спецыфіка бізнесу такая, што зараз даводзіцца ўкладаць шмат сродкаў, але паступова гаспадары набываюць тэхніку, абжываюцца на новым месцы. У гаспадарцы ёсць трактар, МАЗ, чатыры мікрааўтобусы і мотаблок, дызельны генератар, бо электрычнасці пакуль няма. Сваімі рукамі пабудавалі прыгожы драўляны домік, які з’яўляецца часовай “рэзідэнцыяй”. Пакуль што браты працуюць удвух, дапамагаюць родныя.

Рай для адпачынку

Гектар гадавальніка саджанцаў абнеслі металічнай сеткай, інакш нельга, бо знішчаць дзікія жывёлы, якіх у наваколлі мноства — землі фермерскай гаспадаркі размешчаны на ўскрайку вялізнага ляснога масіву, які знаходзіцца на стыку Ушацкага, Докшыцкага і Глыбоцкага раёнаў. “Зайцы, лісы, дзікі, ласі, ваўкі і нават мядзведзь жывуць па суседству”, — пералічвае Дзмітрый Тарасевіч прадстаўнікоў фаўны, з якімі яму давялося сустракацца за гэты год. Вось і ў ноч перад нашым прыездам у Зарубаўшчыну нехта з лясных “суседзяў” параніў яго сабаку.

— Гэтыя мясціны — сапраўдны рай для аматараў палявання, якіх тут бывае шмат, вунь вышкі на супрацьлеглым ускрайку поля, — паказвае на далёкія збудаванні Дзмітрый Леанідавіч, — зусім нядаўна прыязджалі на паляванне немцы. Таму і задумаліся мы з братам аб тым, каб разам з садаводствам заняцца і экатурызмам — бачыце, якія цудоўныя краявіды навокал! Плануем таксама наладзіць спаборніцтвы па кампакт-спортынгу. Гэта новы від спорту, які вядомы ў народзе як “стральба па талерачках”. Ён зарадзіўся ў Еўропе як адзін са спосабаў падрыхтоўкі паляўнічых, і, па статыстыцы, зараз за мяжой дзевяць з дзесяці стрэлаў паляўнічых ружжаў гучаць менавіта на спаборніцтвах. Для таго каб прымаць людзей, пабудуем дзесяць крытых чаротам экалагічных домікаў для паляўнічых. Маецца спецыяльная машына для нарыхтоўкі чароту зімой на азёрах, ведаем тэхналогію будавання такіх дахаў. Таксама можна будзе праводзіць спаборніцтвы па папулярным зараз пейнтболе і лазертагу — гульні на мясцовасці з выкарыстаннем гульнявых лазерных бластараў...

...Антэй пачынае

Планы, як кажа Дзмітрый Тарасевіч, і сапраўды “напалеонаўскія”. Не палохае гэтых хлопцаў і адсутнасць неабходных бытавых умоў, а іх упартасці і ўменню працаваць можна толькі пазайздросціць. “Для забеспячэння вадой выкапалі тры сажалкі. Маецца дакументацыя для падводу электрычнасці, да бліжэйшай лініі электраперадачы каля 700 метраў”, — працягвае агучваць свае задумы старэйшы з братоў. Выраб і продаж дэкаратыўных платоў і нават жывёлагадоўля ўваходзяць у планы фермераў. Пачатак ужо пакладзены — у агароджаным загоне, побач з домікам выгульваецца маленькае жарабя Антэй, якое атрымала сваё імя ў гонар аднаго з сартоў яблыкаў, а не міфічнага героя.

— Купіў у Касарах, — кажа Тарасевіч, — гаспадар хацеў здаць на мяса, але я паспеў перахапіць.

Конскую сілу ў гаспадарцы задзейнічаць не збіраюцца, кажуць, хопіць тэхнікі, а думаюць выгадаваць Антэя ды набыць яшчэ некалькі яго родзічаў, каб будучыя наведвальнікі змаглі рабіць прагулкі па навакольным лесе.

— Цяжка пакуль у матэрыяльным плане, але ў наступным годзе пачнём прадаваць саджанцы, потым пойдуць плады, бо многія нашы сорты пачынаюць прыносіць іх ужо на другі-трэці год, — разважае Дзмітрый Леанідавіч. — Карацей кажучы, працы шмат...

Сапраўды, для ажыццяўлення сваіх планаў хлопцам трэба шмат зрабіць. Але вельмі хочацца, каб у іх усё атрымалася. Ушачане і жыхары суседніх раёнаў мелі б танныя саджанцы і плады, фермеры — грошы для далейшага развіцця, а дзеці-сіроты — пладовы сад, бо дамовіліся браты, што з першага ўраджаю пасадзяць яго ля бліжэйшага дзіцячага дома.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter