Травница: на земле не бывает ни одной бесполезной травы, ее придумал творец мира, чтобы бороться с болезнями

Каб цела залюбіла

Усе лекі ёсць у прыродзе, лічыць наша сённяшняя гераіня — не толькі траўніца, але і захавальніца вуснай народнай творчасці

Людміла Глухатарэнка, вёска Санюкі, Ельскі раён. Невыпадкова называем побач з прозвішчам мясціну, бо яна стала славутай дзякуючы вясковай знахарцы і траўніцы, зберагальніцы беларускага фальклору і нястомнай апавядальніцы казак. 

Людміла Фёдараўна з задавальненнем выпісвае «Сельскую газету», адкуль чэрпае парады, бо, як вядома, век жыві — век вучыся. Нават збірае выпускі «Лекара». Не раз здзіўлялася майстэрству, імпэту знахароў з розных куточкаў нашай краіны, а зараз сама стала галоўнай гераіняй і падзеліцца з намі сакрэтамі і самымі патаемнымі думкамі.


Траўніца ў некалькіх пакаленнях жыве ў Санюках з 1958 года і ведае ўсе мясцовыя таямніцы. Як далучылася да свайго незвычайнага занятку? Вяскоўцы мімаволі яднаюцца з прыродай, бо жывуць у ёй, а яна — у іх. Прывык селянін з дзяцінства: калі што зашчыміць, не бегчы адразу ў бальніцу, а ратавацца падручнымі сродкамі, перш за ўсё травамі. У іх купаюць немаўлят, а калі тыя падрастаюць, то за руку з бацькамі, бабулямі і дзядулямі ідуць у лес па ягады ці збіраць на сенажаць зёлкі. Там і атрымліваюць першыя прыродныя веды.

— Побач разнастайныя травы, якія немагчыма прамінуць. Памятаю, ідзём з дзядулем па лесе, а ў мяне на руцэ нарыў. Ён і кажа: «Зараз вылечу». Прыпыняецца каля алешыны, верхнія лісцікі ў якой клейкія, нібыта пластыр. Адрывае, прыклейвае мне да рукі, і назаўтра стрыжань выйшаў, нагнаенне ачысцілася. Цікавілася незвычайнымі ўласцівасцямі раслін з дзяцінства, а дапамагала мне ў гэтым бабуля. Ра­зам пасвілі ў полі цэлымі днямі кароў. Інтэрнэту і тэлефонаў тады не было, таму альбо кніжку з сабой брала, альбо зёлкі разглядала. Вось парушэнец, дапамагае жанчыне ад зрыву жывата, калі яна падымае цяжар. У трохколернай фіялцы, ці, інакш кажучы, братках, купаюць дзяцей. Ваўчкі таксама лечаць малых, і дбайныя гаспадары іх пачынаюць нарыхтоваўць загадзя, пакуль жанчына яшчэ цяжарная. З вялікай цікавасцю спазнавала гэтыя і іншыя ўласцівасці, запісвала. Дагэтуль захоўваюцца агульныя сшыткі, якім не менш за паўстагоддзя. Травы, дарэчы, не толькі ратуюць ад хвароб: у галодны ваенны час некаторыя збіралі, таўклі ў муцэ і гатавалі коржыкі, — тлумачыць Людміла Фёдараўна.


Не называе сябе знахаркай, удзячна за свае веды бабулі, якая сапраўды была лясным чалавекам, пачынаючы з самага лета збірала травы. Яна 1887 года нараджэння, з тых часоў нямала вады выцекла, аднак традыцыя зёлкавага лекавання жыве.

— Не магу на сябе браць адказнасць за дапамогу ўсім, хто пажадае. Чаму? Любая зёлка, нават самая бяскрыўдная, мае супрацьпаказанні. Напрыклад, чарнаплодная рабіна выдатна зніжае ціск, але забаронена лю­дзям, у каго ёсць схільнасць да тромбаў, павышанай згусальнасці крыві. Памятаеце, што казаў Гіпакрат? Не нашкодзь, вось я і карыстаюся гэтым наказам. Іншая справа, калі доктар паставіў дыягназ, пацвердзіўшы гэта вынікамі аналізаў. У мяне ёсць розныя травы, высушваю іх, рыхтую настойкі, хочацца ад душы чалавеку дапамагчы. Калі да мяне звяртаюцца, абавязкова падзялюся і параю. Часцей за ўсё пытаюцца наконт прастуды, дзіцячых хвароб. У мяне сваіх чацвёра дзетак, ёсць і ўнукі, і на ўласным вопыце ведаю, якімі травамі іх лячыць. Тым больш у мамы нас было шасцёра, а я старэйшая і заўсёды бачыла, як завіхаюцца каля малых, — успамінае Людміла Глухатарэнка.


Нягледзячы на тое што жанчына 10 гадоў на заслужаным адпачынку, ёй сумна жыць без заняткаў. Працавала ў клубе бібліятэкарам, а пасля таго як установу рэарганізавалі, уладкавалася ў лясгас. Будынак клуба выстаўлены на аўкцыён, і ў знахаркі ёсць думка набыць яго, каб абсталяваць там дом траўніка. Аднак на гэта патрабуюцца немалыя сродкі. Застаецца спадзявацца, што з часам прапанова стане больш таннай.

— Акурат падышоў бы гэты будынак па плошчы, бо ў доме траўніка хочацца многае зрабіць, прыгатаваць эліксіры. А падзяліцца ёсць чым. Пакутуеце ад артрыту, артрозу — дапаможа настойка грыба «Вясёлка». Націрайце ёй хворае месца. І яшчэ ад болю ў суставах вельмі дзейсны сродак: кветкі бэзу заліце гарэлкай, сумесь стане карычневай, нібыта ёд. Найлепшае націранне, калі косці ломіць. Здавалася б, звычайныя лісічкі, а залітыя самагонкай — найлепшы сродак ад розных паразітаў. Праўда, яшчэ раз паўтаруся, да кожнага чалавека асобны падыход. Бывае, кажуць: «Цела не залюбіла». Што аднаму ідзе добра, іншаму не дапамагае. Няма на зямным шары двух аднолькавых лю­дзей. Між тым добрая прымаўка ёсць на гэты конт: «Як доўгі век, дык паможа і лек, а як кароткі век, дык не паможа і лек», — разважае знахарка.

Зараз усе лекі пад рукой. Хімія і ўколы дзейнічаюць хутка, а травы — павольна. Але менавіта з дапамогай іх нашы продкі пазбаўляліся ад хвароб. Знаўцы ўпэўнены: на зямлі няма бескарыснай травы. Д’ябал прыдумаў немачы, а Бог ад кожнай — зёлку. 


— Збіраць травы — рытуал, падчас якога асаблівыя правілы. Па-першае, добры настрой, ад чаго залежыць лекавы эфект. Месца трэба выбіраць так, каб цень ад постаці чалавека на расліну не падаў. Падыдзеш, паклонішся: «Неба-бацька, зямля-матка, дазволь гэту расліну ўзяць на лячэнне, на карысць чалавеку». Зрываем абавязкова рукой і акуратна, прымаўляючы: «Бяру кветку, пакідаю корань, для чаго расцеш, для таго і карысць нясеш». Ад сябе дадаю: «Прабач мяне, траўка, што цябе зрываю, і дапамажы таму, хто цябе будзе ўжываць». Вяртаючыся, пажадана не азірацца. Калі расліны на гэтым месцы мала, не збірайце ўсё дашчэнту, пакіньце запас. Каб высеялася насенне і ў наступныя гады, каб зёлкі цвілі і прыносілі карысць, — дае парады Людміла Глухатарэнка.

Гэтая слаўная жанчына займаецца не толькі лекавымі раслінамі, але і ведае замовы. Напрыклад, каб у лесе вужакі не сустрэліся, трэба сказаць: «За сінім морам стаіць дуб дубаваты, пад тым дубам ляжыць гад гадаваты. Гад-гадзіца, гадава царыца, я ўсіх вас знаю, усіх па імені называю. Чорна-чарнавата, жоўта-жаўтавата, шэра-шэравата, бела-белавата, руда-рудавата, я ўсіх вас знаю, і ўсім вам яд замаўляю, каб вы мне не сустракаліся і не кусаліся».

— Гэтыя дыяменты самі запамінаюцца, можна сказаць, на генетычным узроўні. Раней ніхто іх не запісваў, перадаваліся толькі вусна. І перадаліся. Бабуля мая ўмела замаўляць удар, мама шэпча на сполах. Я дзялюся сваімі навыкамі з дачкой, якая ведае ўсе травы, вырошчвае для мяне ў агародзе лекавыя расліны. Гэта меліса, мята, манарда, ісоп, любіста, календула (лепшы сродак паласкаць горла пры ангіне, з дапамогай настойкі на гэтай расліне падлеткі пазбаўляюцца ад прышчоў). Мы практыкуем вырошчванне лясных зёлак у агародзе, хаця на гэты конт ёсць розныя пункты гле­джання. Маўляў, расліна павінна жыць сваёй экалогіяй. Аднак калі яна пахне і цвіце, то куды дзенуцца яе карысныя ўласцівасці, — разважае знахарка.

Людміла Глухатарэнка — захавальніца казак, калыханак — адным словам, вуснай народнай творчасці, нядаўна пабывала на міжнародным форуме ў Мінску па фальклоры. Ведае больш за 50 казак, хоць зараз сядай і расказвай. У кожнага народа, заўважае, маральныя каштоўнасці выглядаюць аднолькава — дабрыня, мудрасць, вопыт, адпаведна і фальклорныя героі. Аднолькавая праўда жыцця: дабро заўсёды перамагае зло, а казка ёсць казка.


— Я казкі расказвала ўжо ў тры гады, нават помню першую. Пра Іванку, які жыў са сваёй мамай, а потым яго скрала вядзьмарка. Уцёк ад яе хлопчык, узлез на высокае дрэва, яна пачала грызці камель. Ляцяць гускі, і кажа ім Іванка: «Кіньце мне па пёрачку, я з вамі палячу». Такім чынам змайстраваў сабе крылы і, калі дрэва звалілася, паляцеў разам з гускамі. Перазімаваў і вярнуўся на радзіму вясною. Мама пытаецца: «Дзе ты, Іванка-сынок, быў?» — «Дзе гускі былі, там і я быў». — «А што ж ты, мой сынок, еў?» — «Што гускі елі, тое і я еў». І мы, дзеці, пачыналі плакаць па бедным хлопчыку, — успамінае субяседніца. — Каб вярнуць назад сваё маленства, падлеткавы ўзрост, маладосць, яшчэ больш распытвалася ў бабулі, запамінала, набіралася розуму. З такімі знаўцамі трэба спяшацца гутарыць і перадаваць цэнны вопыт наступным пакаленням.

basikirskaya@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter