Каб стварыць сваю сям’ю

Бясшлюбнасць — стан дарослых людзей, якія пад прымусам нейкіх абставін ці па запавету (клятве) ніколі не бралі шлюб. Такіх людзей у народзе звалі “старымі дзевамі” ці “дзецюхамі”. Функцыянальна сюды таксама адносілі людзей, якія былі ў шлюбе, але страцілі сваю “другую палавіну”.

Лічылася, што пасля смерці адзінокая дзяўчына на “тым” свеце будзе жаць тры надзелы крапівы, а халасцяк будзе пасвіць казлоў.
Халастых, а значыць, і бяздзетных людзей, не прымалі ў кампаніі жанатых людзей, не запрашалі выконваць вясельныя абрады, не бралі хроснымі бацькамі і г.д.
Пасля сарака гадоў адзінокім (нежанатым) людзям усё часцей і часцей прыходзілася ўдзельнічаць толькі ў пахавальным абрадзе: абмываць памерлага, капаць магілу і інш.
У народнай культуры ўсходніх славян і сёння існуе шмат спецыяльных рытуальных дзеянняў, накіраваных на пазбаўленне ад бясшлюбнасці: 
Ужо пры нараджэнні дзіцяці бацькі праграмавалі яго будучыню. Так, калі нараджалася дзяўчынка, пад парогам закапвалі дзіцячае “месца”, каб яна своечасова пакінула бацькоўскую хату, г.зн. узяла шлюб.
На працягу года бацькам неабходна было выконваць шэраг забарон і абмежаванняў. Напрыклад, для таго каб дачка выйшла замуж у гэтым годзе, трэба было, каб на Благавешчанне ўся сям’я была дома; асабліва забаранялася запрашаць у гэты дзень да сябе старонніх дзяўчат і жанчын.
Каб дачка хутчэй выйшла замуж, на Юр’я (6 мая) трэба было абавязкова адчыніць усе вокны і адамкнуць замкі.
Каб выйсці замуж, напярэдадні свята святой вялікапакутніцы Кацярыны (7 лістапада), незамужнім дзяўчатам неабходна было прытрымлівацца строгага посту.
Павер’і аб буслах, якія прыносілі поспех і шчасце ў хату, прымушалі гаспадароў дапамагаць буслам у будаўніцтве гнёздаў: для гэтага на даху хаты замацоўвалі старое кола. Але існавала строгае правіла — гэта павінен быў зрабіць халасцяк з дапамогай адзінокай дзяўчыны. Тады буслы абавязкова паселяцца на гэтым даху, а маладыя людзі згуляюць вяселле.
Каб выйсці замуж і на будучы год зацяжарыць, незамужнія дзяўчаты на Вербніцу плялі вянок з галінак вярбы.
А яшчэ дзяўчыне (хлопцу) раілі стаць хроснай маці (бацькам) незаконнанароджанага хлопчыка (дзяўчынкі). Як толькі дзіця пойдзе сваімі ножкамі, дзяўчына (хлопец) пойдзе да шлюбу.
Пасля таго як на вяселлі скончылі дзяліць каравай, нявесту саджалі на пуховую падушку. Потым на гэтую ж падушку саджалі тых дзяўчат, якія па розных прычынах не змаглі выйсці замуж, і чыталі малітвы святым, якія лічацца ахоўнікамі сямейнага шчасця.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter