Каб стварыць сваю сям’ю.

Ці былі ў народнай звычаёвай культуры нашых продкаў правілы, якія дапамагалі выйсці замуж або, наадварот, невыкананне якіх правакавала бясшлюбнасць?

Ці былі ў народнай звычаёвай культуры нашых продкаў правілы, якія дапамагалі выйсці замуж або, наадварот, невыкананне якіх правакавала бясшлюбнасць?
Каб выйсці замуж (жаніцца), у народнай культуры на працягу шматлікіх стагоддзяў існаваў шэраг забаронаў і перасцярог, а таксама рэгламентацый, якія тычыліся магчымасці выйсці ў будучым замуж ці ажаніцца:

  • Адразу пасля нараджэння дзіцяці неабходна было закапаць “дзіцячае месца”. Калі нараджалася дзяўчынка, яго закапвалі пад парогам. Тым самым “праграмавалі” будучае дачкі: каб своечасова “пайшла з хаты”, г.зн. замуж выйшла. Калі нараджаўся хлопчык, “дзіцячае месца” часцей за ўсё закапвалі пад домам збоку чырвонага кута, каб ажаніўся і гаспадыню ў хату прывёў.
  • Незамужнім дзяўчатам забаранялася плесці косы іншым дзяўчатам або жанчынам — сваты не прыйдуць.
  • Калі дзяўчыну ці хлопца прасілі прынесці вады (ці іншую рэч), нельга было перадаваць яе праз парог.
  • Па той жа прычыне нельга стаяць ці сядзець на парозе: “продкі ўгневаюцца” і назаўсёды “прымусяць” жыць у адзіноце.
  • Па правілах народнай культуры ў паўсядзённым жыцці смецце трэба было месці ад дальняй сцяны да дзвярэй, г.зн. са “сваёй” прасторы ў чужую. У адваротным выпадку лічылася, што дачка не выйдзе замуж, а сын не ажэніцца.
  • Калі мялі падлогу ў хаце, дзяўчатам на выданні нельга было месці вакол сябе венікам, каб не “закрыць” сябе ад жаніхоў.
  • Калі малады чалавек доўгі час заляцаўся да дзяўчыны, але не прапаноўваў ёй выйсці за яго замуж, яна магла выканаць наступныя магічныя дзеянні. Калі ён прыходзіў у госці, дзяўчына брала венік і неўпрыкмет замятала яго сляды ад парога да печы ці ў бок чырвонага кута, і хлопец назаўжды “заставаўся” ў гэтай хаце.
  • Ад пакалення да пакалення перадаецца забарона біць венікам чалавека ці жывёлу: той, каго б’юць, стане сухім і худым, як венік, будзе пакутаваць ад каросты, дзіця перастане расці, дзяўчына не выйдзе замуж.
  • Забаранялі дарыць свайму каханаму нож, нажніцы ці іншыя вострыя рэчы. Лічылася, што яшчэ да вяселля з маладымі можа здарыцца бяда, і яны не будуць жыць разам. Да такіх жа рэчаў адносіліся насоўка, люстэрка, гадзіннік.
  • Існавала народная прыкмета: калі дзяўчына вязала свайму каханаму світэр (шапку, шарф і г.д.), ён абавязкова пакіне яе і пойдзе да другой.
  • Каб сястра ці сяброўка выйшлі замуж, нявесту прасілі, калі яна выходзіла з хаты на вянчанне, крыху пацягнуць за сабой стол.
  • З гэтай жа мэтай нявесту, пасля таго як падзялілі каравай, прасілі сесці на новую падушку. Потым на гэтую ж падушку саджалі тых дзяўчат ці юнакоў, якія па розных прычынах не маглі стварыць сваю сям’ю.
  • Каб выйсці замуж і на будучы год зацяжараць, неабходна было сплесці і насіць на сабе на працягу Вербнага тыдня (тыдзень перад Вялікаднем) пояс з галінак вярбы.
    І гэта толькі некаторыя з народных правілаў-рэгламентацый.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter