Каб песня гучала ў глыбiнцы

Добра разважаць пра сучасную культуру за кубачкам кавы. Мінская афіша культурных мерапрыемстваў выклікае ўзнёслы настрой. Вось выстава адчыняецца, у тэатры новая прэм’ера, бясплатны канцэрт ля Ратушы плануецца... Аднак Мінск адзін, а населеных пунктаў у краіне — тысячы. Сюды завітваюць калі-нікалі беларускія і расійскія зоркі, у некаторых рэгіёнах праводзяцца адметныя фестывалі. Але гэта, паўторымся, калі-нікалі. Чым жыве рэгіён у астатні час, як развіваецца мясцовая культура і чаго ёй не хапае, мы папрасілі паразважаць нашых экспертаў.

hgfhgfhjgf.jpg


Захаваць, што маем

Тадэуш Стружэцкі, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры

У  розных рэгіёнах краіны сітуацыя ў сферы культуры складваецца па-рознаму. Аднак агульная ў краіне тэндэнцыя такая: на жаль, у большасці мы не ствараем, а губляем. І сёння вельмі востра стаіць задача не столькі развіваць новае, колькі захаваць тое, што маем. А маем мы ўнікальныя дасягненні, якімі не могуць па-хваліцца многія іншыя краіны.

Напрыклад, мы можам ганарыцца шырокай сеткай устаноў эстэтычнай адукацыі — дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў, сістэмай падтрымкі таленавітай моладзі, вялікай колькасцю дамоў і цэнтраў рамёстваў. А чаго каштуюць наша аматарская мастацкая творчасць, адроджаныя і захаваныя фальклор і традыцыйная культура!

Захаванне сеткі ўстаноў культуры, асабліва базавых — бібліятэк, музеяў, метадычных цэнтраў і іншых, — сёння з’яўляецца надзвычай актуальнай праблемай. Таму трэба вельмі асцярожна і аналітычна падыходзіць да гэтай праблемы. На жаль, вялікую шкоду нашай культуры нанесла так званая аптымізацыя. Аптымізацыя па сваёй сутнасці азначае максімальна эфектыўнае выкарыстанне матэрыяльна-тэхнічнай базы, кадравых рэсурсаў для паляпшэння дзейнасці ўстаноў культуры, аднак многія чамусьці зразумелі яе як толькі скарачэнне. У выніку мы згубілі шмат дзяржаўных клубных устаноў, бібліятэк, шэраг цікавых творчых калектываў.

Фармальны адміністрацыйны падыход да сеткі ўстаноў культуры не можа быць апраўданы. Населены пункт, нават калі ён невялікі, без устаноў культуры з’яўляецца непаўнавартасным. Жыхары не маюць элементарных магчымасцей для задавальнення сваіх культурных патрэб. Перш чым скараціць нейкую ўстанову культуры, трэба ўважліва прааналізаваць наступствы. Што будзе ў перспектыве, ці не прывядзе скарачэнне клуба або бібліятэкі да ліквідацыі гэтай вёскі?

Напэўна, эканамічныя прычыны для культуры не самыя галоўныя. Больш важным з’яўляецца яе запатрабаванасць грамадствам і дзяржавай як паўнавартаснай жыццядзейнай сістэмы.

Калі мы гаворым, што культура з’яўляецца стратэгічным рэсурсам дзяржавы, то дзяржаўныя органы на ўсіх узроўнях павінны ўспрымаць гэта не як лозунг, а як канкрэтныя дзеянні. Спасылаючыся на вопыт іншых краін, можна прывесці мноства прыкладаў, калі культура становіцца самадастатковай, з’яўляецца фактарам інавацыйнай эканомікі і стымулам для развіцця саміх дзяржаў. Нездарма сёння ў многіх краінах атрымалі шырокае развіццё культурныя індустрыі і кластары, крэатыўныя тэрыторыі гарадоў і раёнаў. Можна прывесці дзясяткі прыкладаў, калі горад у эканамічным плане вычарпаў магчымасці, але стаў цікавым турыстычным цэнтрам.

Дарэчы, асобныя прыклады ўжо ёсць і ў нашай краіне. Напрыклад, рэстаўрацыя замка і фарміраванне музейнага комплексу “Мір” у Карэліцкім раёне дазволіла стварыць больш за 100 дадатковых рабочых месцаў, спрыяла адкрыццю прыватных гасцініц, кафэ, аграсядзіб, і самае галоўнае — пасёлак Мір атрымаў перспектыву для развіцця. Ёсць таксама прыклады, калі паміраючая вёска пачынае ажываць дзякуючы асобным людзям і аб’ектам. Закінутыя дамы ператвараюцца ў аграсядзібы, у вёску прыязджаюць турысты, пачынаюць вяртацца мясцовыя людзі, развіваць рамёствы і гэтак далей. На Лынтупшчыне ў Пастаўскім раёне, да прыкладу, ужо сфарміравалася цэлая вёска прадстаўнікоў мінскай інтэлігенцыі, якія купілі дамы, асталяваліся і ўжо праводзяць цікавыя мерапрыемствы, што прыцягваюць і турыстаў. Тэндэнцыю (якая фарміруецца ў апошнія гады) вяртання жыхароў з горада ў вёску дзяржава павінна падтрымліваць і стымуляваць.

Так, установы культуры, вялікія інвестыцыйныя культурныя праекты могуць быць горада- і вёскаўтвараючымі. Але для гэтага трэба і спецыялістам устаноў культуры шукаць новыя інавацыйныя падыходы і тэхналогіі. Установы культуры, напрыклад, могуць актыўна арганізоўваць сваю дзейнасць на базе мясцовай гісторыі, побыту і традыцый, аказваць дапамогу тутэйшым жыхарам у фарміраванні радаводаў людзей, аднаўленні іх сядзіб, стварэнні на іх базе цікавых музеяў, займацца арганізацыяй культурнага, фестывальнага турызму і іншымі кірункамі. Або працаваць з выхадцамі мясцовасці. Бывае, і з невялікай вёскі выйшлі вядомыя навукоўцы, пісьменнікі, паэты, мастакі і забыліся пра сваю вёску. Установы культуры могуць адшукаць іх і прапанаваць супрацоўніцтва, цікавыя творчыя праекты, задзейнічаць патэнцыял сваіх землякоў на карысць раёна. Сёння ўстановы культуры павінны быць не толькі калектарамі (збіральнікамі) грамадскіх ініцыятыў і праектаў, але і сумеснымі іх арганізатарамі. А калі насельніцтва будзе зацікаўлена ў актыўна працуючых установах культуры, яно будзе іх падтрымліваць, у тым ліку і матэрыяльна, адстойваць свае клуб, бібліятэку, музей і бараніць іх ад няправільных рашэнняў.

Любоў з маленства

Анатоль Собаль, дырэктар Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза, мастацкі кіраўнік фальклорнага ансамбля “Паазер’е”

Нашы рэгіёны — гэта сапраўдная скарбніца народнай культуры. На жаль, няма ў вёсках і правінцыяльных гарадах таго паняцця “мастацкая самадзейнасць”, што існавала ў савецкія часы. Па сутнасці, засталіся адзінкавыя энтузіясты. Не хапае дзяцей і моладзі, якія б цікавіліся фальклорам, народнай культурай. Іх можна зразумець. З’явіліся мабільныя тэлефоны, камп’ютары, новыя забавы. Але калі так будзе працягвацца далей, то рэгіянальную культуру можна згубіць назаўсёды. Каб гэтага не адбылося, патрэбна сістэма і нейкая праграма на вышэйшым узроўні. Як сучасныя дзеці могуць зацікавіцца высокім, як можа нарадзіцца цікавасць і любоў да культуры, калі ў іх нават прадмет музыкі ў школе не выкладаецца?

У Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза, якой я кірую, навучаецца 350 дзяцей. І гэта нядрэнна для такога горада, як Паставы. План па наборы навучэнцаў выконваем. Але дзеці не так ахвотна ідуць у школу, як, скажам, колькі гадоў таму. Раней нават конкурс быў, а цяпер бяром усіх жадаючых, ды яшчэ стараемся круціцца, каб зацікавіць моладзь. У канцы навучальнага года ва ўсіх школах горада праводзім канцэрты, каб прэзентаваць сваю дзейнасць, паказаць жыццё тых, хто цікавіцца культурай. Нашы калектывы і вучні прымаюць удзел ва ўсіх гарадскіх мерапрыемствах, і гэта дапамагае распаліць нейкую цікавасць у дзяцей і іх бацькоў. Для развіцця культуры ў рэгіёнах важна, каб дарослыя перадавалі любоў да яе малодшаму пакаленню, былі зацікаўленыя ў тым, каб навучыць музыцы ці нейкаму іншаму віду мастацтва малодшае пакаленне. Радуешся, калі чуеш, як бацькі хваляцца поспехамі дзяцей, расказваюць, што іх дзіця выступала на канцэрце ці навучылася нечаму новаму. Напрыклад, у нашым рэгіёне досыць прэстыжным лічыцца валоданне ігрою на цымбалах. Гэты інструмент — тут своеасаблівы брэнд.

Дарэчы, што тычыцца інструментарыя. Гэта яшчэ адна наша бяда і перашкода ў развіцці культуры. Захацелася дзіцяці іграць музыку, а на чым яму гэта рабіць? Буйныя ў савецкія часы вытворцы — Барысаўскае прадпрыемства музычных інструментаў і Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў — сёння дзейнасць не вядуць. У сваёй школе мастацтваў мы даігрываем на гармоніках і баянах, якім па 30—40 гадоў. Раней у краіне была свая ўнікальная і адметная школа па вытворчасці музычных інструментаў, іх выраблялі сапраўдныя майстры. Ёсць у мяне два гармонікі маладзечанскага майстра Гайдукевіча, на якіх іграю ўжо 26 гадоў, дык за ўвесь час ні разу іх не рамантаваў. На жаль, школа гэта сёння страчана. Гармонік можна яшчэ расійскі купіць. А цымбалы адкуль узяць? У савецкі час іх вырабляла Барысаўская фабрыка, інструмент каштаваў каля 50—60 рублёў. Хто хацеў вучыць сваё дзіця іграць на цымбалах, мог купіць іх у краме. Сёння фабрыкі няма. Ведаю, што працуюць у нас у краіне адзінкавыя прыватныя майстры па вырабе музычных інструментаў, але ў іх цымбалы каштуюць каля тысячы долараў. Ці зможа сёння сярэднестатыстычная беларуская сям’я дазволіць сабе такую пакупку? На жаль, культура сёння не такая даступная, як хацелася б.

Але нават калі будуць энтузіясты і інструменты, на якіх яны змогуць іграць, гэта не выратуе культуру ў рэгіёнах. Трэба яшчэ добра ведаць, як і што іграць. З’яўляюцца ў нас у краіне новыя музыкі і ансамблі, але не кожны можа захаваць народныя традыцыі, не кожны ўмее працаваць з аўтэнтычным матэрыялам, які яшчэ магчыма сабраць па вёсках. Ёсць вядомыя калектывы, якіх адразу пазнаеш па гучанні: “Крупіцкія музыкі”, воранаўскія “Лявоны”, іванаўскія “Палешукі” або наша пастаўскае “Паазер’е”. А ёсць калектывы з вельмі стандартным, неадметным рэпертуарам. Магчыма, недапрацоўка кіраўнікоў гэтых ансамбляў. Але дзе ім вучыцца, дзе абмяняцца вопытам? У 1970—1980-х было безліч семінараў, сустрэч па абмене вопытам, шмат выдавалася спецыялізаванай літаратуры па самадзейнасці. Сёння ў дапамогу калектывам засталіся фестывалі. Да прыкладу, наш пастаўскі “Звіняць цымбалы і гармонік”, які прайшоў у мінулыя выхадныя. Артысты прыязджаюць да нас з усіх абласцей краіны, яны бачаць адзін аднаго, чуюць, размаўляюць, пераймаюць сцэнічную культуру, пашыраюць рэпертуар і гэтак далей. Але, на жаль, не кожны фестываль у краіне прадстаўлены так багата і разнастайна, як наш. Многія калектывы нават не чуюць пра большасць з іх, бо іх туды не запрашаюць. Кожны варыцца ў сваім соку. А так не павінна быць.

Шмат хапае пытанняў па развіцці культуры ў рэгіёнах. І іх не вырашыць толькі ўласнымі мясцовымі сіламі. Павінны быць людзі, занепакоеныя тым, каб не згаслі мастацкая самадзейнасць і народная традыцыя, каб была цікавасць падрастаючага пакалення, каб дзіця не сядзела, вытарашчыўшы вочы ў камп’ютар, а каб яго цягнула да беларускай культуры.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter