Каб пазбегнуць новага няшчасця.

Дзеля чаго на пахаванні перакульваюць лаўкі, на якіх стаяла труна з нябожчыкам?  

У традыцыйнай культуры беларусаў існаваў і да сённяшняга часу захаваўся цэлы шэраг дзеянняў, звязаных з перакульваннем або пераварочваннем прадметаў, якія суправаджаюць асноўныя этапы пахавальна-памінальных абрадаў. Момант надыходу смерці вызначалі па стану перавернутага люстэрка, паднесенага да вуснаў паміраючага.
Алгарытм перавернутасці праглядаўся і ў заключнай частцы пахавальнага абраду. Памерлага выносілі з хаты ўперад нагамі  і адразу ж пераварочвалі табурэткі або лаўкі, на якіх стаяла труна. Прычым існуюць два варыянты пераварочвання: перавярнуць абедзве табурэткі ўверх нагамі ці толькі адну і паставіць яе ніцма на другую.  Змест гэтых дзеянняў быў адзін і той жа: не даць смерці раней за жывых “заняць” гэта месца і “забраць” яшчэ каго-небудзь з гэтай сям’і. У некаторых выпадках, перш чым табурэткі перакуляць, на іх прасілі сесці таго з членаў сям’і нябожчыка, хто баяўся памерлых.
На Піншчыне вядомы яшчэ адзін рытуал пераварочвання ў заключнай частцы пахавальнага абраду. За труной звычайна неслі гаршчок з вадой, якой святар крапіў магілу. Рэшткі вады вылівалі, а гаршчок пераварочвалі і клалі на магілу ў галовах. Тое ж рабілі і з міскай або гліняным гаршчком, у якім следам за нябожчыкам неслі палаючыя вугольчыкі. Сані або калёсы, на якіх везлі труну з нябожчыкам, таксама пераварочвалі і пакідалі ў такім стане да саракавінаў побач з могілкамі або непадалёку ад вёскі. Пераважная большасць узгаданых рытуалаў мела папераджальны характар. Жывыя экраніравалі смерць і праз пэўныя абрадавыя дзеянні імкнуліся пазбегнуць новых ахвяр.
Важную ролю прынцып перавернутасці выконваў і ў структуры першага памінальнага стала, які звычайна рабіўся адразу ж пасля вяртання з могілак: за трэцім разам кілішак трэба было перавярнуць і паставіць. Гэтым рытуальным дзеяннем самы старэйшы чалавек за сталом гаварыў аб заканчэнні памінальнай трапезы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter