Каб па радыё круцілі — трэба модна рыфмаваць. Люд з глыбінкі ў гэтым знае толк.

Людзі спяваюць на днях нараджэння, вяселлях ды на дажынках пра самыя звычайныя рэчы. Пра чужых мужоў ды жонак. Пра тое, як паваліўся нехта на вуліцы пасля бурных вячорак. Пра тое, што на гародзе вырасла капуста. Але часам народ падымае больш сур’ёзныя і даволі вострыя тэмы.

Наш чытач Пётр Гядрэвіч з вёскі Праціма Шчучынскага раёна ў вершаванай форме падзяліўся назіраннямі за тэндэнцыямі ў вялікім свеце мастацтва. Вось што думае сельскі пясняр пра сучасную музыку. (Дарэчы, як і абяцалі, прыпеўкі спадара Гядрэвіча праілюстраваў наш мастак Алег Папоў. Дасылайце свае творы — ім таксама можа пашанцаваць.)

Шоу-бизнес изменился,
Вот придумали формат:
Чтоб по радио крутили —
Надо модно рифмовать.

Но какая это мода?
Ноты две и пару слов!
Многим стало уже тошно
От таких суперхитов.

Ваша праўда, Пётр Міхайлавіч. Хаця, калі быць аб’ектыўным, то цяпер на гарызонце айчыннай эстрады з’яўляюцца даволі годныя постаці. Ну а фармат — гэта паняцце няпэўнае, малаакрэсленае. Тут праяўляецца чалавечая натура — усё падганяць пад нейкія нормы, упісваць у рамкі. Некалі ўмовы дыктаваў сацрэалізм, сёння — “шоубіз”. Якія часы — такія норавы.
Мусім, аднак, прызнаць, што час цяперашні — не самы турботны, прынамсі, у нашай Айчыне. А вось што да канца свету, то тут нам яскравую карціну намалявала Т.У.Анохіна з гарадскога пасёлка Бярозаўка Лідскага раёна:
Цяпер усё часцей хвалюецца
 планета:
Тэракты, войны, грабяжы.
То чакаем — блізка праляціць
 камета,
То пасварацца дзяржавы
 з-за мяжы.

Бывае, так абурыцца планета —
Адна яе пліта памкнецца
 да другой.
Даводзіцца расплачвацца за гэта
Сотням тысяч мірных жыхароў.

Гэтыя радкі прыйшлі ў рэдакцыю ў той момант, калі на Гаіці здарылася моцнае землетрасенне. Спецыялісты ўжо кажуць, што катастрофа на востраве найжахлівейшая за апошнія стагоддзі! А побач, на адным востраве, размешчана Дамініканская Рэспубліка з самымі дарагімі курортамі свету. Гэта самы што ні ёсць рай на зямлі. Але ж, бач ты, нават рай можа стаць пеклам...
Тым часам у Івацэвіцкім раёне, як кажуць, “усё нармальна, мама”. Аптымістычную карэспандэнцыю адтуль даслаў Пётр Валінскі:

У Ігната з цэглы хата,
Шыферам пакрытая.
Для гасцей Ігнат заўзята
На баяне рыпае.

Шклянкі поўняцца віном,
У хаце дужа весела.
Сват і свацця над сталом
Ніц галовы звесілі...

Ну, як самі разумееце, тыя галовы не ад журбы схіліліся. Вось толькі раім не ісці за прыкладам свата ды свацці. Будзьце асцярожныя, забаўляючыся. Знайце толк у баляванні, але і меру знайце!
А галоўнае — не забывайцеся складаць прыпеўкі і дасылаць іх у сваю “Народную газету”. Чакаем вашых допісаў!

Мікалай КОЎШЫК (вёска Дварэц Лунінецкага раёна)

Пераборлівая Насця

Насця мужа выбірала,
Штосьці ў кожным не хапала:
Той малы, той не багаты,
Той стары, той глухаваты.

Хутка леты праляцелі,
І ўжо скроні пасівелі.
Пражыла без мужа-шчасця
Пераборлівая Насця.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter