Каб не страціць святое штосьці...

У Беларусі неабходна распрацаваць дзяржаўную комплексную праграму “Нематэрыяльная культурная спадчына”Беларускія абрады, звычаі знікаюць. Становяцца непатрэбнымі? Ды не! Прызнацца, часам так і хочацца замест бясконцых музычна-забаўляльных праграм убачыць перадачу “Запрашаем на вячоркі”. Памятаю, як глядзець яе ля тэлевізара збіралася некалі ўся наша сям’я. Хочацца паехаць да бабулі ў вёску, каб адарвацца ад гарадской мітусні і зняць панцыр, які нарошчвае на цябе жыццё ў мегаполісе. Але апошнім часам прыходзіць усведамленне таго, што культура вёскі памірае. А нядаўна непрыемна ўразілі мяне малыя калядоўшчыкі, якія, увайшоўшы ў хату, адразу раскрылі торбу. Ні табе “Шчодры вечар”, ні “Каляда, Каляда, Калядзіца”... Абрады захаваліся ў тэатральным выкананні, а на бытавым узроўні, калі сказаць шчыра, амаль што не існуюць. Сёння пачуць прыпеўку, старадаўнюю народную песню можна хіба толькі ў Аўцюках на фестывалі народнага гумару, які праводзіцца ўсяго адзін раз у два гады, ці на “Фальклоры без межаў” у Іванаўскім раёне, ды, можа, яшчэ ад бабулі, якая помніць песні, што спявалі яе бабулі (калі, канешне, пашчасціць з такой сустрэцца).

Бясспрэчна, у нас захавалася вялікая культурная спадчына, але трэба адзначыць, што яна ў нас музейная — існуе ў шыкоўных энцыклапедыях, у зборах шматтомных даведнікаў і альбомаў. А як зрабіць так, каб хаця б рэшткі нашай рэальна існуючай нематэрыяльнай духоўнай спадчыны данесці да будучых пакаленняў? Нельга сказаць, што ў нашай краіне не разумеюць важнасці гэтага пытання. Беларусь у ліку першай дзесяткі краін далучылася да Канвенцыі ЮНЕСКА 2003 года аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Але пакуль што застаецца нявырашанай праблема інтэрпрэтацыі паняцця нематэрыяльнай культурнай спадчыны, яе ўліку, а таксама стварэння нацыянальнай стратэгіі яе аховы і выкарыстання.
Што такое нематэрыяльная культурная спадчына
У Канвенцыі сказана, што пад гэтым паняццем трэба разумець “звычаі, формы прадстаўлення і самавыяўлення, веды і навыкі, а таксама звязаныя з імі інструменты, прадметы, артэфакты, культурную прастору, якія прызнаюцца супольнасцямі, сацыяльнымі групамі і ў некаторых выпадках асобнымі людзьмі ў якасці іх культурнай спадчыны”. Было б лёгкай справай правесці некалькі экспедыцый па рэгіёнах і проста зафіксаваць усе элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Аднак, як свярджае дакумент ЮНЕСКА, гэтага не дастаткова. “Канвенцыя падкрэслівае, што нематэрыяльная культурная спадчына — “жывая”, што азначае — перадаецца з пакалення ў пакаленне і прызнаецца супольнасцямі, — расказвае старшыня Беларускага камітэта Міжнароднага савета музеяў “ІСОМ” Ала Сташкевіч. — У сувязі з гэтым ёсць пэўная неадпаведнасць у нашым Законе “Аб гісторыка-культурнай спадчыне”. У прыватнасці, у артыкуле 14, у якім паняцце “спадчына” дзеліцца на два віды: фіксаваная і ўвасобленая. Канвенцыя гаворыць таксама і пра тое, што дзяржава павінна ствараць не проста сістэму аховы, а цэлыя цэнтры, якія б даследавалі спадчыну. Неабходна таксама стварыць два спісы: рэпрэзентатыўны, у якім будуць знаходзіцца найбольш выразныя элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, і спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой пагражае знікненне. Па Канвенцыі гэты працэс павінен ісці “знізу ўверх” (гэта значыць, па ініцыятыве саміх носьбітаў абрадаў, уладальнікаў артэфактаў), а не наадварот, як пазначана ў нашым заканадаўстве”.
Але як найбольш поўна і канкрэтна вызначыць паняцце “матэрыяльна-культурная спадчына”, калі галоўныя ў ім тэрміны “культура”, “гісторыя” не маюць адназначных азначэнняў. У слоўніках іх можна налічыць да пяцісот. А калі пры вызначэнні паняцця “нематэрыяльная культурная спадчына” мы звернемся яшчэ да філасофіі, то ўвогуле можна заблытацца. Намеснік кафедры Інстытута нацыянальнай бяспекі Ірына Петрык лічыць, што паняцце “гісторыка-культурныя каштоўнасці”, якое фігурыруе ў нашым заканадаўстве, нельга  ўспрымаць толькі як матэрыяльныя або толькі як духоўныя. “Крыж Еўфрасінні Полацкай — нацыянальная святыня Беларусі, — гаворыць яна. — Зараз мы маем толькі яго дакладную копію. Але яе нельга аднесці да нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Гэта хутчэй фіксаваная нематэрыяльная культурная каштоўнасць”.
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу Уладзімір Здановіч, наадварот, выказвае такое меркаванне: “Ахова нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны была б на такім жа высокім узроўні, як і матэрыяльнай, калі б гэта ўсё можна было ацаніць у грашовым вымярэнні. Калі нешта мае эквівалент доларавы або залаты, то тады ахова забяспечваецца на самым высокім узроўні. Вызначыць кошт нематэрыяльнай культурнай спадчыны вельмі складана. І я не спяшаўся б рабіць выснову, што розначытанне паняццяў аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Канвенцыі і ў Законе нашай краіны “Аб гісторыка-культурнай спадчыне” ўяўляе вялікую пагрозу для існавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны нашай краіны. Не ў гэтым сэнс. Таму што і мэты заканадаўства Беларусі і Канвенцыі супадаюць — зберагчы для будучых пакаленняў нематэрыяльную духоўную спадчыну ва ўмовах глабалізацыі. У Канстытуцыі нашай краіны выкарыстоўваецца тэрмін “гісторыка-культурная і духоўная спадчына”. Ён, на мой погляд, найбольш поўны і канкрэтны.
Каб спісы не засталіся спісамі
Канвенцыя патрабуе, каб улік адбываўся ў цеснай сувязі з носьбітамі і карыстальнікамі нематэрыяльнай духоўнай спадчыны. У Беларусі, як і ў некаторых краінах Усходняй Еўропы, такой практыкі пакуль што няма. Ды і як гэта можна зрабіць, калі большасць носьбітаў звычаяў, навыкаў і звязаных з імі інструментаў — людзі ўжо сталага ўзросту, якім не тое што ў райвыканкам прыехаць, каб абвясціць аб веданні абрадаў, — на вуліцу выйсці цяжка.
“Пачынаць ствараць нацыянальныя рэестры патрэбна ў кожным рэгіёне, — гаворыць старшыня Беларускага камітэта Міжнароднага савета музеяў “ІСОМ” Ала Сташкевіч. — Там яшчэ патрэбна праводзіць маніторынг, фіксаваць змены, якія адбыліся ў нематэрыяльнай культурнай спадчыне. А на нацыянальным узроўні павінен стварацца інвентар інвентароў, у які па прапанове рэгіянальных супольнасцей будуць заносіцца найбольш яе функцыянальныя элементы. Неабходна стварыць рэспубліканскую праграму аб нематэрыяльнай культурнай спадчыне, а таксама каардынацыйны цэнтр, які б займаўся фарміраваннем інвентара інвентароў, вёў асветніцкую працу, рыхтаваў спецыялістаў, каардынаваў дзейнасць рэгіянальных структур, праводзіў форумы, дзе б збіраліся і носьбіты нематэрыяльнай духоўнай спадчыны, і людзі, якія займаюцца інвентарызацыяй”.
Нашто ствараць новыя цэнтры, калі яны ўжо ёсць? Тыя ж дамы рамёстваў, напрыклад. Але сёння, сцвярджае кандыдат мастацтвазнаўства Вольга Лабачэўская, гэты працэс прыпыніўся. “Захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны павінна стаць адным з напрамкаў дзяржаўнай культурнай палітыкі”, — сказала яна.
Вынайсці механізм аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны — гэта яшчэ палова справы. Галоўнае — дапамагчы зразумець грамадству, што трэба больш паважліва адносіцца да культурных каштоўнасцей, каб слова “спадчына” ў будучым зусім не выпала з лексікону.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter