Каб не плакалi бярозкi

Выпадкова падслухаў размову дзвюх пажылых жанчын. Прыпынiлiся яны ў разгубленасцi побач з дзiкунскi разламанай лаўкай для адпачынку ў гарадскiм скверыку. Прысесцi няма дзе. Адна з кабет са скрухай уздыхнула i паскардзiлася...

Выпадкова падслухаў размову дзвюх пажылых жанчын. Прыпынiлiся яны ў разгубленасцi побач з дзiкунскi разламанай лаўкай для адпачынку ў гарадскiм скверыку. Прысесцi няма дзе. Адна з кабет са скрухай уздыхнула i паскардзiлася: 

— Што за дзецi пайшлi! Неслухмяныя, жорсткiя, усё наўкол разбураюць. Бач, колькi зламаных маладых дрэўцаў. А цi пасадзiў хто з iх хоць адно?  Спачатку лаўкi разбураюць, саджанцы знiшчаюць, над жывёлай i птушанятамi здзекваюцца, а калi вырастаюць, то робяцца злачынцамi… 

Я прыпынiўся трохi зводдаль. Цiкава было пачуць меркаванне другой жанчыны. Хаця наўрад цi чакалася нешта iншае. Адвечная праблема бацькоў i дзяцей, бабуль i ўнукаў. Нават выраз адпаведны блукае са стагоддзя ў стагоддзе: « А вось у наш час моладзь была куды лепшая!..» 

Я прыемна пралiчыўся. Другая жанчына не ўключылася ў агульнае асуджэнне дзiцячага вандалiзму, а прызналася, што ў далёкiм вясковым маленстве таксама разам з равеснiкамi дзеля пацехi… ламала маленькiя бярозкi, лiпкi. I гэта ўбачыла яе матуля, якая даўно ўжо памерла. Замест крыку i пагроз яна паклiкала да сябе дачушку i неяк даверлiва пацiкавiлася: 

— Калi ты пальчык парэжаш, то табе балюча i кроў цячэ, цi так? 

— Ага, матуля! — згадзiлася дзяўчынка. 

— А чаму ж ты бярозку ламаеш? Ёй жа таксама балiць, i кроў цячэ — толькi светлая. Хiба ж можна так?  А ў маленькай бярозкi, якую ты зламала, таксама мацi ёсць. Гэта вялiкая бяроза. I яна так горка плача, асаблiва вясною, калi ейных дзетак губяць… 

«Так мне сорамна стала ад матчыных ушчуванняў, — сказала жанчына, — iншыя дзецi таксама чулi яе словы. З таго часу нiхто з нас не тое што цэлае дрэўца, а нават галiнку жывую не чапаў. Я чаму тое даўняе ўспомнiла?  З дзецьмi трэба гаварыць, як з дарослымi. Тады i карысць будзе». 

Так яно так, толькi вось маладзенькiя саджанцы ў гарадскiм скверы да гэтай пары ўсё ж такi знiкаюць... 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter