Каб на рыбалцы шчасціла

У ліпені надыходзіў час летняй рыбалкі. Прыкмячалі, што летам лепшая лоўля бывае на досвітку, сярэдняя — увечары, зусім дрэнная — у сярэдзіне дня.Рыбалоўны промысел заўсёды быў добрай дапамагой у гаспадарцы селяніна. Каб забяспечыць добры ўлоў, у народным асяродку існаваў цэлы шэраг правілаў, парушаць якія было непажадана.

* Тыя, хто займаўся рыбалоўным промыслам, пільна сачылі за тым, каб ніткі на будучую сетку прала менавіта цяжарная жанчына і менавіта пад поўню.
* Неабходна было абавязкова спрасці некалькі нітак у дзень ушанавання святога Аляксея (30 сакавіка) — чалавека Боскага, які пераплыў мора ў рэшаце і лічыўся ахоўнікам рыбакоў. 
* Сеткі, як і ўсе астатнія рыбалавецкія прылады, таксама вязалі, майстравалі пад поўню, каб у іх заўсёды было “поўна рыбы”. 
* Лічылася, што змайстраваць “шчаслівую” вуду можна з алешыны, якая расце з мурашніка ці побач з ім. 
* Перш чым накіравацца на рыбалку ці перад тым, як апусціць у ваду сеткі, тройчы чыталі малітвы святому апосталу Паўлу (дзень ушанавання — 12 ліпеня), святому Аляксею, чыталі замовы. 
* Як абярэг у сеткі клалі невялікі кавалак хлеба з Чацвярговай соллю. 
* На рыбалку ішлі абавязкова пад’еўшымі, бо лічылася, што пашанцуе толькі сытаму.  
* Лічылася, калі хадзіць на рыбалку ў адным і тым адзенні, не пахваляцца ўловам і не распавядаць аб тым, на што і як лавіў, то заўсёды будзеш з рыбай.
* Ніколі не лічыце злоўленую рыбу — больш не зловіце ні адной.
* Рыбакі з вопытам раілі пачынаць рыбалку з правай рукі, г.зн. усе прыгатаванні рабіць правай рукой. 
* Перад тым як ісці на рыбалку, раілі паназіраць за станам месяца: “На маладзіку рыба бярэцца лепш за ўсё”.
* Прыкмячалі: “Дрэнны ўлоў рыбы — да ўраджаю хлеба”, а не бярэцца рыба — “чакай дождж і непагадзь”.
* Калі ў рацэ з’яўлялася шмат ракаў, меркавалі, што будзе і шмат рыбы.
* У народным календары ёсць дзень, калі вялікім грахом лічылася есці і лавіць рыбу —
5 кастрычніка, у дзень ушанавання святога Іоны, у памяць аб тым, як ён знаходзіўся ў чэраве кіта.

Для паспяховай рыбалкі

Тыя, хто заставаліся дома чакаць рыбакоў, павінны былі сказаць ім услед:
“Пашлі, Божа, лаўцу з аўцу (рыбу), а нам з ялавіцу”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter