«Каб ніколі не перарывалася нітачка Арыядны – сувязь з зямлёй...»

УРАЧЫСТАЕ адкрыццё ХІХ Міжнароднага тэлефестывалю «Аграсвет-2012», які Беларусь прыме ўжо ў другі раз, адбудзецца заўтра ў Палацы культуры Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Дарэчы, і месцам правядзення Горкі абраны не выпадкова: сёлета горад — сталіца «Дажынак». Амаль тыдзень тэлевізіёншчыкі з дванаццаці краін свету будуць вандраваць па лепшых гаспадарках, новенькіх аграгарадках і звычайных беларускіх вёсачках Магілёўшчыны і Віцебшчыны. Гасцей, акрамя азнаямлення з аграрным сектарам, чакае і насычаная культурная праграма: сустрэчы з творчымі калектывамі, наведванне праваслаўных святынь, храмаў, а таксама Буйніцкага поля, якое апяваў Канстанцін Сіманаў. Чаму аграрная Беларусь асабліва цікавіць міжнародны журналісцкі тэлесусвет? І што падрыхтавалі гаспадары сёлетняга форуму? На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнту «БН» адказаў намеснік старшыні аргкамітэта тэлефестывалю «Аграсвет-2012» каментатар Белтэлерадыёкампаніі Уладзімір СУБАТ.

Тэлевізіёншчыкі з Кітая, Казахстана, Узбекістана, Арменіі, Грузіі, Расіі, Украіны, Латвіі, Малдовы, Балгарыі і Польшчы зноў сабраліся на «Аграсвет-2012» у Беларусі

УРАЧЫСТАЕ адкрыццё ХІХ Міжнароднага тэлефестывалю «Аграсвет-2012», які Беларусь прыме ўжо ў другі раз, адбудзецца заўтра ў Палацы культуры Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Дарэчы, і месцам правядзення Горкі абраны не выпадкова: сёлета горад — сталіца «Дажынак». Амаль тыдзень тэлевізіёншчыкі з дванаццаці краін свету будуць вандраваць па лепшых гаспадарках, новенькіх аграгарадках і звычайных беларускіх вёсачках Магілёўшчыны і Віцебшчыны. Гасцей, акрамя азнаямлення з аграрным сектарам, чакае і насычаная культурная праграма: сустрэчы з творчымі калектывамі, наведванне праваслаўных святынь, храмаў, а таксама Буйніцкага поля, якое апяваў Канстанцін Сіманаў. Чаму аграрная Беларусь асабліва цікавіць міжнародны журналісцкі тэлесусвет? І што падрыхтавалі гаспадары сёлетняга форуму? На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнту «БН» адказаў намеснік старшыні аргкамітэта тэлефестывалю «Аграсвет-2012» каментатар Белтэлерадыёкампаніі Уладзімір СУБАТ.

— Уладзімір Паўлавіч, Беларусь традыцыйны ўдзельнік тэлэфоруму «Аграсвет». Чаму адбылося менавіта так?

— Сапраўды, мы ўдзельнічаем у фестывалі ад яго пачатку. Уявіце сабе. 1993 год. Няма буйных саюзных фэстаў, Масквы як цэнтра — і мы ўсе быццам бы закрыліся ў сваю абалонку. І раптам мне патэлефанавалі журналісты з Латвіі. Там у іх адчуўся інфармацыйны голад. Яны і прапанавалі арганізаваць фестываль тэлевізійных журналістаў-аграрнікаў.

Памятаю, як я паехаў на першы фэст. Ён ладзіўся на базе знакамітай гаспадаркі «Адэжэ» недалёка ад Рыгі. Разам з рэжысёрам Валянцінай Гумілеўскай мы зрабілі праграму, якая называлася «Якое заўтра нас чакае ранне?». Яе сюжэт — гэта дзве гісторыі, праз якія мы прасачылі лёс усяе Беларусі. У той час мы ўсе стаялі на ростанях, не ведалі, куды ісці.

У гаспадарцы «Нёман», што ў Стаўбцоўскім раёне, мы знайшлі цікавую жанчыну Тамару. Яна прыгожая (постаць ладная, беларуская), першая пявуння на вёсцы і добрая гаспадыня, жонка. Ёсць муж, двое дзяцей. Тамара сяброўку мела. А ў яе муж такі нягеглы: пасля Вялікай Айчыннай вайны інвалід, без нагі застаўся, на «Запарожцы» ездзіў заўсёды з гэтым сваім кастылём ды дзеравяшкай на назе. І раптам суседка Тамары памірае, а праз некаторы час і Тамарын мужык.

Гераіня ў праграме распавядае: «Праходзіць нейкі час, спыняецца ля маёй хаты «Запарожац». І да мяне шкандыбае гэты Валодзя. Можа, нешта здарылася яшчэ ў яго?»

А Валодзя кажа: «Тамара, ну што? Давай, можа, разам жыць?»

Так і засталіся яны разам.

І вось у кадры ён бярэ акардэон, іграе, яны ўспамінаюць, як у няшчасці людзі знайшлі адзін аднаго і замацавалі дабрабыт.

— А другая гісторыя ў праграме якая была?

— Сюжэт такі. Палессе. 1993 год, жнівень. Паводка. Вада затапіла агароды, двары, людзі цягнуць моркву, буракі, каб выратаваць хоць які-ніякі ўраджай. Мы да хаты нашай гераіні падплываем на чоўне: у падвале вада, у хаце вада струменіць, б’е. Там цэлыя хвалі, цячэнне хуткае, плынь высокая. Мы ў хату трапляем, а жанчына кажа, што ў падвале дзіцятка ўтапілася. Расказвае, што і карову няма дзе ставіць, і свіней. Так мы ў праграме і бяду паказалі, і як дзяржава гэтую бяду дапамагала пераадольваць.

Але асноўнае пытанне ў праграме было адно: што будзе з зямлёй? Тамара са Стаўбцоўшчыны распавядае пра калгасны строй, які ёй падабаўся, а старшыня тутэйшага калгаса «Нёман» Цвірко (цяпер нябожчык) падыходзіць і кажа, што зараз у калгасах немаведама што робіцца, раскрадаюць усё. Жах! Невядома, куды пойдзем.

Праграму «Якое заўтра нас чакае ранне?» мы паказалі на першым фестывалі «Аграсвет». Журы, калі глядзела яе, прыціхла. А потым нам прысудзілі Гран-пры. Вядомы тады тэлежурналіст з Масквы Мікалай Чарнічэнка, які прывёз на конкурс уласную праграму «Сельскі час» (яна ішла на Цэнтральным тэлебачанні), такой навіны не вытрымаў. Чарнічэнка ўзрушана ўстаў, бразнуў дзвярыма і паехаў. Ён быў лідарам конкурсу. А перамаглі беларусы…

— Фестываль «Аграсвет» ужо праходзіў у Беларусі. Гэта было ў 1996 годзе. Чаму ізноў міжнароднае тэлежурналісцкае братэрства вырашыла вярнуцца ў нашу краіну?

— Сапраўды, форум ладзіўся ўжо ў нас. У той час я звярнуўся да Адміністрацыі Прэзідэнта Республікі Беларусь і мне далі ўсе магчымасці, каб правесці фэст. Мы фестывалілі ў «Белавежскай пушчы», вазілі журналістаў па гаспадарках. Было амаль 120 удзельнікаў фестывалю з 30 тэлекампаній Еўропы. Пасля таго «Аграсвет» пабываў ужо ў Кішынёве, Варшаве, Кіеве, Львове, Чарнаўцах, Палтаве… Адным словам, форум набіраў абароты.

У гэтым годзе дзевятнаццаты фестываль выпаў гонар прымаць Беларусі. Чаму? Таму што рэдка ў якой краіне такая вялікая ўвага з боку дзяржавы надаецца сельскай гаспадарцы, як у нас. Не хачу нікога хаяць, але вы праедзьце па той жа Літве, Украіне. Колькі там зямлі стаіць незапатрабаванай! У нас жа няма ніводнага кавалачка зямлі пустога, будуюцца аграгарадкі. Калі будзе і зарплата больш прыстойная, то беларуская вёска ўвогуле, я лічу, ажыве.

Мне, напрыклад, як журналісту аграрнаму, было б цікава даведацца, чым жыве сельская гаспадарка Польшчы, Германіі. Мяне вельмі ўразіла паездка ў Кітай, калі мы былі на полі, дзе ішла ўборка рысу. Так жа і замежным журналістам. Ім будзе цікава, як у нас ідуць справы з зямлёй, як у нас пенсіянеры жывуць, як у нас маладых заахвочваюць, ці будуюцца ў нас нейкія новыя вытворчыя комплексы, сацыяльна-значныя аб’екты і гэтак далей.

Дэлегацыя журналістаў з замежжа сёлета складзе прыкладна 70 чалавек. Гэта тэлевізіёншчыкі з Кітая, Казахстана, Узбекістана, Арменіі, Грузіі, Расіі, Украіны, Латвіі, Малдовы, Балгарыі і Польшчы. Каб прадэманстраваць наш аграрны сектар, госці наведаюць гаспадаркі «Рудакова» Віцебскага раёна, «Восход» Магілёўскага раёна, конезавод і малаказавод у Мсціслаўскім раёне. Мы пабываем у розных куточках Магілёўшчыны і Віцебшчыны, у сядзібе Ільі Рэпіна ў Здраўнёве, што ў Віцебскім раёне, у доме-музеі Марка Шагала ў абласным цэнтры. Мяркую, нашы госці сапраўды адчуюць сельскагаспадарчы каларыт Беларусі.

— Дарэчы, аграрная тэма, як вы лічыце, на тэлебачанні краін свету — яна запатрабаваная?

— Бываю і ва Украіне, і ў Польшчы, бачу, як у Расіі, Латвіі, Малдове, Грузіі — усюды людзям вёскі надаюць вялікую ўвагу. У некаторых, як, напрыклад, ва Украіне, ёсць увогуле асобны канал — называецца «Сельская гадзіна». Да гэтага часу, а іменна да старту новага тэлесезона на Беларускім тэлебачанні выходзіла перадача «Гаспадар».

— Уладзімір Паўлавіч, ведаю, што падчас фестывалю «Аграсвет» пройдзе і творчы конкурс тэлепраграм на сельскую тэматыку. Ці ёсць заяўкі на ўдзел у  творчым спаборніцтве?

— Іх ужо амаль восем дзясяткаў на дзесяць намінацый. Міжнароднаму журы, прадстаўнічаму і патрабавальнаму, думаю, прыйдзецца няпроста, таму што ў сярэднім у адной намінацыі сем-восем прэтэндэнтаў. Дарэчы, узначальвае журы першы намеснік генеральнага дырэктара НПЦ земляробства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар Міхаіл Кадыраў.

У гэтым годзе мы ўвялі новую, дзясятую, намінацыю — «Тэлефільм». Гэта крыху іншы жанр тэлежурналістыкі, чым праграма. Праграма робіцца «з калёс» і ў эфір, а тэлефільм можа здымацца і паўгода, і год, можа быць і дакументальным, і пастановачным.

А каб падзяліцца меркаваннямі наконт фэсту, напрыканцы яго ў чацвер, 4 кастрычніка, правядзём «круглы стол» «Роля СМІ ў асвятленні экалагічных тэм». Урачыстае закрыццё «Аграсвету-2012» адбудзецца ў Горацкай акадэміі.

— Ведаю, Уладзімір Паўлавіч, што Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія — гэта ваша другая альма-матар. Напэўна, удвая прыемней везці высокіх гасцей у Горкі?

— Канечне ж. У мяне ўвогуле два сельскагаспадарчыя дыпломы. Пасля школы я скончыў Столінскі тэхнікум, а пасля журфака БДУ пайшоў у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Таму там усе сцежкі-дарожкі нагадваюць маладосць. Той бэз, што расцвітаў, у сэрца западае. Кожны візіт у Горкі — гэта вяртанне ў студэнцтва.

— А вы, калі ў прафесію прыйшлі, адразу вырашылі займацца аграрнай тэматыкай? Увогуле, тэма вёскі вам не надакучыла за 40 гадоў прафесійнай дзейнасці?

— Калі нешта шчыра любіш, ніколі не надакучыць. Згадзіцеся. Я з вёскай павянчаны назаўсёды, таму аграрная тэма для мяне — гэта не проста праца. Гэта маё жыццё. Як конь ідзе на вадапой, так і я. Прыйшоў да гэтай ракі і «п’ю» з аграрнай тэмы.

У мяне гэтая нітачка Арыядны — сувязь з зямлёю — ніколі не перарывалася. Мае бацькі калгаснікі. Бацька касіў, а потым на конях ездзіў, а маці жала. Я ад плуга, ад сахі не адарваўся, хаця сам са Століна. Гэта мястэчка, 10 тысяч жыхароў усяго. На бацькоўскай сядзібе я пабудаваў дом, які вокнамі глядзіць на раку Гарынь і на Украіну, там сёння застаўся бацькоўскі агарод, свой сад. Там думаю дажываць свой век.

— Сельскагаспадарчая тэма для журналіста — на аматара. Ці спрабуеце вы як выкладчык журфака БДУ прывіваць гэтую любоў сваім студэнтам?

— Калі ідзеш па вуліцы, і ідзе натоўп, раптам табе нехта запаў у сэрца. Так і аграрная тэма. Можа быть 150 студэнтаў, але калі хоць адзін з іх адчуе, што гэта яго — вось удача. Значыць, будзе каму справу працягваць. Сваімі студэнтамі, хоць яны і не працуюць у сельскагаспадарчай тэматыцы, я, дарэчы, ганаруся. Гэта Вольга Улевіч, Павел Фірсаў працуе ў АТН, кіруе дзіцячай рэдакцыяй Белтэлерадыёкампанii Алена Будрыцова.

— Дзякую за размову. І нагадаю чытачам, што «Белорусская нива» — інфармацыйны партнёр «Аграсвету-2012». Поспехаў нам усім!

Таццяна УСКОВА, «БН»

Арганізатары фестывалю дзякуюць спонсарам:

  • прафесару, рэктару БДСГА Аляксандру Паўлавічу КУРДЗЕКУ;
  • прарэктару БДСГА Аляксандру Сяргеевічу ЧАЧОТКІНУ;
  • дырэктару вучгаса БДСГА Мікалаю Рыгоравічу БЛАХІНУ;
  • старшыні СВК «Фядорскі» Рыгору Аляксеевічу ДЗЯМКО (Столінскі раён);
  • кіраўніку фермерскай гаспадаркі Міхаілу Рыгоравічу ШРУБУ (Жыткавіцкі раён);
  • фермеру Аляксею Аляксеевічу КОПЦУ (Столінскі раён);
  • старшыні СВК «Гарадзея» Мікалаю Аляксандравічу САЛАЎЮ (Нясвіжскі раён);
  • дырэктару КСУП «Саўгас «Камуніст» Рыгору Уладзіміравічу БАБЧАНКУ (Ельскі раён);
  • дырэктару ААТ «Агракамбінат «Восход» Віктару Фёдаравічу ПІНЧУКУ (Магілёўскі раён);

 

  • дырэктару ААТ «Рудакова» Міхаілу Міхайлавічу КРЫВЕНЧУКУ (Віцебскі раён);
  • кіраўніцтву Мсціслаўскага раёна;
  • дырэктару агракамбіната «Белавежскі» Юрыю Дзмітрыевічу МАРОЗУ (Камянецкі раён);
  • генеральнаму дырэктару агракамбіната «Мачулішчы» Уладзіміру Ягоравічу САЎЧАНКУ (Мінскі раён).
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter