Міграцыйная праграма “Ла Страда” 15 гадоў дапамагае беларусам, якія выязджаюць у іншыя краіны

Каб дарогі былі без трывог

Міграцыйная праграма “Ла Страда” 15 гадоў дапамагае беларусам, якія выязджаюць у іншыя краіны

Што трэба ведаць аб працоўнай міграцыі? Куды звярнуцца, калі вы за мяжой ды здарыўся няшчасны выпадак? Адказы на многія пытанні ведаюць тыя, хто рэалізуе праграму “Ла Страда”. Назва ж яе ў перакла-дзе з італьянскай мовы азначае “дарога”, “магістраль”, ды і кірунак руху, які выбірае чалавек. Каб дапамагчы падарожнікам, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі за мяжой, і створана праграма.

Яшчэ ў студзені 2001-га запрацавала інфармацыйная бясплатная тэлефонная лінія “113”: на гэты нумар і цяпер можа звярнуцца кожны грамадзянін Беларусі з любымі пытаннямі наконт бяспечнага выезду і жыцця за мяжой. Зварот на Інфалінію па-ранейшаму бясплатны і ананімны. А суайчыннікам з замежжа можна звяртацца па нумары +375 (17) 211-02-51. Можна кансультавацца і па электроннай пошце: consultation@lastrada.by “Геаграфія зваротаў — гэта больш за 100 краін, тэматыка — самая розная, — гаварыла на юбілейнай прэс-канферэнцыі кіраўніца праграмы “Ла Страда Беларусь” Алена Несцярук. — Пытаюць аб працаўладкаванні за мяжой, кансультуем па розных аспектах сямейна-шлюбных адносін з замежнымі грамадзянамі, па навучанні за мяжой. Увогуле ж за 15 гадоў прынялі каля 25 тысяч зваротаў”.

Адзін з галоўных “кірункаў руху” праграмы — кансультаванне, суправаджэнне суайчыннікаў у крызісных сітуацыях за мяжой. Гандаль людзьмі, выяўленне фактаў вярбоўкі, хатні гвалт за мяжой, згубленыя ці ўкрадзеныя там дакументы, пошук зніклых, парушэнне правоў мігрантаў — сфера інтарэсаў “ЛС”. За 15 гадоў — больш за 1000 такіх зваротаў. Найбольшая доля іх, па словах Алены Несцярук, гэта запыты па вышуку зніклых сваякоў, знаёмых, якія выехалі за мяжу (25%). З фактамі парушэнняў правоў мігрантаў было 19% зваротаў, з фактамі хатняга гвалту ў міжнацыянальных шлюбах — 12%, страты альбо крадзеж дакументаў за мяжой — таксама 12%. Асаблівая ўвага спецыялістаў — да выпадкаў гандлю людзьмі: такіх зваротаў было 15%. “Мы дапамаглі больш за 340 пацярпелым ад гэтага злачынства, — адзначыла кіраўніца праграмы. — Яны атрымалі медыцынскую, юрыдычную і псіхалагічную дапамогу. Пры неабходнасці дапамагалі людзям вярнуцца дадому, ім даваўся часовы прытулак”. 

Карысны “навігатар” у тэме бяспечнага выезду за мяжу — сайт www.lastrada.by. На ім знойдзеш не толькі навіны — ёсць рэкамендацыі, як дзейнічаць у складаных выпадках, выкладзены нюансы аб працы, вучобе за мяжой, наконт заключэння шлюбу з замежнымі грамадзянамі, адпачынку ў малазнаёмых беларусам краінах. Сайт ужо наведалі больш за 885 тысяч чалавек. Сёлета ў плыні інфакампаніі “Спытай, пакуль ты тут” на сайце з’явіцца і анлайн-кансультаванне. Тэмы бяспечнай міграцыі Праграма прасоўвае і праз папулярныя сацсеткі: Вконтакте, Facebook, Twitter. Там ёсць карысная інфармацыя па розных краінах, можна звярнуцца да кансультантаў, задаць пытанні.

Яны пачыналі 15 гадоў таму як група валанцёраў з вялікім жаданнем: дапамагаць тым, хто ў бядзе. Не заўсёды, на жаль, надзеі суайчыннікаў на лепшае жыццё “недзе ў свеце” апраўдваюцца. Бывае, у пагоні за прывідным шчасцем нехта губляе свабоду. Таму з часам ініцыятывы “Ла Страды” былі падтрыманы на дзяржаўным і міжнародным узроўні, перараслі ў буйную нацыянальную праграму па садзеянні бяспечнай міграцыі, дапамогі пацярпелым ад гандлю людзьмі. Праграма ажыццяўляецца ў Беларусі міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Гендарныя перспектывы”, і гэта — паўнапраўны член міжнароднай асацыяцыі “Ла Страда”, у якую ўваходзяць Нідэрланды, Польшча, Чэхія, Балгарыя, Украіна, Малдова, Македонія.


Зінаіда Камінская




Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter