«Каб беларус мог лепш ведаць беларуса» Віктар Праўдзін не разумее тых, хто не дае ходу творам нашых

“Здранцвеюць вусны – буду вачыма гаварыць. Выкажу вочы – буду рукамі глядзець. Прагледжу рукі – буду сэрцам вітацца. Развітаю сэрца – буду душою біцца. Разаб’ю душу – буду... буду”. Гэта верш мінскай студэнткі Валерыі Куставай, пра які Рыгор Барадулін сказаў: “Гэта нечакана, бо даўно чакана. Жыве крывіцкае слова, шліфуючыся маладымі сэрцамі”. Зборнік Валерыі называецца “Каб неба сагрэць”. Мудрасць і боль пад вокладкай такія, што, здаецца, ідуць з тысячы год. Пры гэтым часам непасрэднасць – нібы ад цёплага, маленькага дзіцяці. Усё разам – такі сонечны, празрысты бурштынчык. З гэткіх бурштынчыкаў можна сабраць цэлыя каралі. Шосты год у серыі “Дэбют” выдавецтва “Мастацкая літаратура” выходзяць зборнікі паэзіі і прозы пачынаючых аўтараў. Кожны – непаўторны, ашаламляльны сусвет. Кожны – радасць ад таго, што такія таленты выспяваюць на беларускай зямлі. Кожны – шчырае пажаданне набыць большую вядомасць. Пра тое, як ідзе праца над серыяй “Дэбют”, расказвае галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар ПРАЎДЗІН.
— Я перакананы, што беларусы напісалі пра сябе яшчэ не ўсё. У першую чаргу трэба ствараць умовы для моладзі. Яна заўсёды ў пошуку. Больш за ўсё мяне радуе, што яна ў творчасці незалежная. Вельмі важна, каб старэйшыя давалі ёй дарогу, падштурхоўвалі, натхнялі. Ушанаваныя аўтары ў выдавецтва ідуць самі. А моладзь не надрукуеш раз, другі – у яе і рукі апусцяцца. Мы шукаем, адкрываем і стараемся выдаць як мага больш. Наш акадэмічны літаратурны часопіс “Полымя” з нумара ў нумар адкрывае новыя імёны ў рубрыцы “Палымянскі дэбют”. Тых, хто друкаваўся ў “Полымі”, “Маладосці” і “ЛіМе”, мы не забываем, ідзём да іх самі і нават патрабуем: “Давай!”. Маладых, таленавітых шмат, і ім прабіцца першай кніжкай да чытача складана. Шанец расказаць пра сваё светаадчуванне, пачуцці, філасофію, праблемы дае дзяржава, якая цалкам датуе серыю “Дэбют”. У год стараемся выдаць шэсць-сем кніг. — Неяк выпадкова купіўшы тры кнігі з гэтай серыі, я была проста ў захапленні ад сілы, свежасці і шчымлівасці слова. Тады гэта былі Янка Лайкоў, Генадзь Аўласенка і Маргарыта Прохар. Зараз я зачытваюся Валерыяй Куставай. Чыю яшчэ першую кніжку вы надрукавалі ў апошні час? — Выйшаў зборнік Алены Бравы “Каменданцкі час для ластавак”. Гэта сакавітая проза, поўная шчырых, не падобных ні на што ўражанняў. Таленавітая, глыбокая паэзія ў Алены Аўчыннікавай, чыя кніга вершаў на рускай мове называецца “Контуры”. Адзначу высокі ўзровень паэтычных зборнікаў Алены Гінько “Пяшчота пры журбе”, Таццяны Сівец “Ліпеньская навальніца”, Аксаны Спрынчан “Вершы ад А”. У трэцім квартале выйдзе выдатная кніга вершаў Уладзіміра Гарачкі “Даты”. На наступны год запланаваны дэбютныя кнігі паэзіі Сяргея Патаранскага і Рагнеда Малахоўскага. Абодва паэты надзвычай таленавітыя, былі прадстаўлены ў літаратурных часопісах, іх апякае галоўны рэдактар часопіса “Полымя”, вядомы паэт Мікола Мятліцкі. І гэта добра, так і павінна быць: старэйшы вядзе, дапамагае маладому таленту. На жаль, такіх прыкладаў адзінкі. — Юнакам і дзяўчатам, якія жывуць у сталіцы, пэўна, лягчэй. Яны смялей адчыняюць дзверы ў рэдакцыі, абменьваюцца навінамі ў літаратурных суполках, атрымліваюць карысныя парады ад майстроў слова. Ці задумваліся вы аб тым, што на вёсцы шмат нявыяўленых самародкаў? — Так і ёсць. Калі я адпачываў на Глыбоччыне, мне падказалі, што ў вёсцы Луцк-Масарскі складае вершы дзяўчынка. Завецца Марынай Мурзіч, скончыла дзесяць класаў Удзелаўскай сярэдняй школы. Пазнаёміўся, і аказалася, што ў яе самабытная, пачуццёва-лірычная паэзія. Калі па нашых гарадскіх паэтах адчуваецца, што яны выраслі на гарачым асфальце, то Марына — на зямлі, піша пра яе хараство, людзей, азёры, кветкі. Думаю, такіх, каго пакуль не чулі, многа. Што магу прапанаваць? У наступным годзе мы аднаўляем выданне альманаха “Дзень паэзіі”. У ім будзе прадстаўлена каля 200 паэтаў з вершамі за апошні год. Моладзь можа прысылаць працы намесніку галоўнага рэдактара нашага выдавецтва Віктару Шніпу з паметкай “Дзень паэзіі” на адрас: “Мастацкая літаратура”, Машэрава, 11, Мінск. — Хацелася б каб такі значны збор “гарачай” маладзёжнай творчасці потым апынуўся на пачэсным месцы ў бібліятэках, школах, універсітэтах, кнігарнях. Што атрымліваецца, скажам, з тым жа “Дэбютам”? Тоненькія, невялічкія кніжачкі гэтай серыі ў крамах засоўваюць паміж тоўстымі, кідкімі кнігамі, кладуць стосам на ніжнюю паліцу. У бібліятэках нічога з гэтай серыі наогул не бачна. — Вы закранулі балючае пытанне. Моладзь і так ніхто не ведае, яе творы не пытаюць, як знакамітых аўтараў. Дзяржава выдаткоўвае сродкі на яе падтрымку, фінансуе пяць з паловай тысяч бібліятэк, падведамных Міністэрству культуры, не кажучы пра школьныя. А потым гэтыя бібліятэкі набываюць замежную літаратуру. Па логіцы ў першую чаргу яны павінны былі б заказваць тое, што друкуе дзяржава. Але, можа, падтрымка замежнага бізнесу некаму выгадная? Не ведаю. Мала дзе настаўнікі і школьныя бібліятэкі выпісваюць часопісы “Маладосць”, “Полымя”, “Нёман”, цікавяцца кнігамі “Дэбюту”. Кажуць: “Галоўнае, маем праграмныя творы”. Але сённяшняя творчасць, да ведама школьнай адміністрацыі, добра падышла б для пазакласнага чытання. Увагу ж адказных за гэтую справу кіраўнікоў хацелася б скіраваць на тое, як праводзяць падпіску афіцыйныя ўстановы. Крыўдна за дзяржаву, чые грошы трацяцца не па-гаспадарску. — І за юнае пакаленне, якое не мае магчымасці пачытаць тое, што піша ягоны сучаснік, натхніцца ад ягонай узнёсласці і паспаборнічаць у майстэрстве пяра. — Шкада, вельмі шкада. А моладзь у нас такая яркая, такая апантаная... Сёння трэба зрабіць усё, каб беларус мог лепш ведаць беларуса. Размаўляла
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter