Ка-ні-ку-лы! Цікава, весела, змястоўна!

Закончылася трэцяя школьная чвэрць. Вучнi могуць адпачыць ад дамашнiх заданняў, кантрольных i тэстаў. Многiя з iх адправяцца ў цiкавыя вандроўкi, паедуць у госцi да сваякоў, наведаюць тэатры i выставы. Не толькi бацькi паклапацiлiся пра цiкавы адпачынак сваiх дзяцей. Гэтаму вялiкую ўвагу ўдзяляюць i ўстановы адукацыi, розныя цэнтры, аб’яднаннi i клубы. Разнастайныя мерапрыемствы арганiзуюцца на ўзроўнi школ, раёнаў, абласцей i рэспублiкi.
— Адметнасць сёлетнiх вясновых канiкул у тым, што яны праходзяць напярэдаднi 60-годдзя Вялiкай Перамогi, — адзначае начальнiк упраўлення сацыяльнай i выхаваўчай работы Мiнiстэрства адукацыi Георгiй Бутрым. — Мы рэкамендавалi ўсiм органам адукацыi правесцi сустрэчы з ветэранамi вайны, наведаць iх дома, аказаць пасiльную дапамогу. А 2 красавiка, у Дзень яднання народаў Беларусi i Расii, будуць наладжаны агульнашкольныя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай падзеi.
Сярод традыцыйных мерапрыемстваў, якiя праводзяцца ў днi школьных канiкулаў, можна назваць заключны этап рэспублiканскiх прадметных алiмпiяд. У многiх гарадах рэспублiкi збяруцца лепшыя вучнi, якiя сталi пераможцамi спаборнiцтваў розных узроўняў. У гэты час праводзiцца таксама Тыдзень кнiгi. I школьныя бiблiятэкi наладзяць для вучняў цiкавыя вiктарыны, сустрэчы, конкурсы.
Варта падкрэслiць, што ўстановы адукацыi працуюць разам з iншымi грамадскiмi арганiзацыямi. Многiя мерапрыемствы прымеркаваны менавiта да вясновых канiкулаў. Напрыклад, у пачатку красавiка праводзiцца заключны этап рэспублiканскага фестывалю “Дзень Зямлi”, у якiм удзельнiчалi звыш 7 тысяч вучняў. Рэспублiканскi экалагiчны цэнтр школьнiкаў запрашае каля 100 фiналiстаў, якiм будуць уручаны дыпломы.
Асаблiва напружана працуюць у гэтыя днi пазашкольныя ўстановы розных узроўняў. Так, у Рэспублiканскiм цэнтры тэхнiчнай творчасцi адкрыта выстава, якая будзе працаваць на працягу ўсяго тыдня. Дзятва зможа пазнаёмiцца з работамi сваiх равеснiкаў.
Вучнi малодшых i сярэднiх класаў наведаюць дзённыя школьныя лагеры. Дзяржава выдзелiла датацыi на кожнае дзiця ў памеры 3050 рублёў у дзень. На працягу шасцi дзён у iх змогуць адпачыць i аздаравiцца каля 80 тысяч хлопчыкаў i дзяўчынак. Для дзяцей будуць наладжаны розныя паходы, экскурсii, спаборнiцтвы, работнiкi школьных сталовых iх смачна накормяць. Словам, хлопчыкi i дзяўчынкi змогуць пераканацца, што ў школьных лагерах не горш, чым дома.
Час канiкулаў павiнен стаць часам сапраўднага адпачынку, разгрузкi. Без сумнення, такiм ён i будзе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter