Кіно для ўсіх

Фільм пра Грунвальдскую бітву літоўцы здымуць разам з беларусаміПра такі незвычайны праект дамовіліся ў Вільнюсе міністры культуры Літвы і Беларусі. “НГ” ужо паведамляла, што Павел Латушка, кіраўнік Міністэрства культуры нашай краіны, наведваў суседнюю сталіцу з нагоды 1000-годдзя Літвы і правёў маштабныя перамовы са сваім калегам Рэмігіюсам Вілкайцісам.

Кіно плануюць зняць да 600-годдзя славутай бітвы, што будзе адзначацца ў 2010 годзе. А пакуль міністры дамовіліся пра адраджэнне абменных Дзён культуры, забытых з савецкіх часоў. Добрая традыцыя мусіць аднавіцца на новых падставах. Як адзначыў спадар Латушка, “улічваючы працяглую супольную беларуска-літоўскую гісторыю, ёсць асаб-лівая неабходнасць супрацоўніцтва па пытаннях аховы і сумеснага выкарыстання агульнай гісторыка-культурнай спадчыны Вялікага княства Літоўскага”.
Міністры дамовіліся аб стварэнні рабочай групы, якая зоймецца аховай сумеснай гісторыка-культурнай спадчыны. Зрэшты, гэта прадугледжвалася і пагадненнем паміж міністэрствамі культуры дзвюх краін, падпісаным сёлета ў лютым.
Мяркуецца таксама, што літоўскі бок прыме ўдзел у музеефікацыі замкаў у Нясвіжы і Міры. У прыватнасці, больш шчыльныя кантакты маюць намер наладзіць адміністрацыі былых палацаў Радзівілаў у Нясвіжы і горадзе Біржай: супрацоўнікам музейных комплексаў будзе карысна абмяняцца вопытам. Апрача ўсяго, Літва як адна з вядучых “тэатральных” дзяржаў выказала згоду на ўдзел у фестывалі “Панарама”, што пройдзе ў Мінску ўвосень.
Добрыя суседскія дачыненні паміж сяброўскімі краінамі ў сферы культуры, здаецца, наладжваюцца не толькі на паперы, але і на словах. Чакаем спраў!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter