Электронны дзённік — гэта гучыць прывабна. Ні табе шанцу дамаляваць лішнюю дзясятку, ні вырваць старонку.

Кілабайты для школьных дзённікаў

Электронны дзённік — гэта гучыць прывабна. Ні табе шанцу дамаляваць лішнюю дзясятку, ні вырваць старонку.
Як гаворыцца, усё пад кантролем. Ключык — доступ да электроннага дакумента — у руках педагогаў. Вучню застаецца толькі заняцца сваімі прамымі абавязкамі, а менавіта вучобай. Але калі ж электронныя дзённік і журнал актыўна ўвойдуць у наша жыццё?


За невялікімі недахопамі, гаворыць намеснік прарэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі па навуковай працы і суаўтар праграмы “Электронная школа” Павел Ліс, абодва дакументы гатовыя для работы. “Сутнасць дзённіка, — тлумачыць ён, — кантроль. Забыў запісаць, вырвалася старонка з заданнем — такія адгаворкі больш не працуюць”. Дарэчы, паводле яго слоў, у школах — актыўных карыстальніках кантэнту — паспяховасць у сярэднім павысілася на 1,5 бала. Проста вучань усведамляе, што манеўраў увесці ў зман бацькоў становіцца ўсё менш. 

Тое, што цікавасць да ўкаранення электроннага дакументаабароту ў школах ёсць, пацвярджае колькасць наведвальнікаў сайта schools.by. У папярэдні месяц іх было да 400 тысяч. Разам з тым пакуль з зарэгістраваных тут больш як 1600 школ актыўна ўкараняюць электронны дакументаабарот усяго каля 35. Нехта зарэгістраваўся дзеля атрымання бясплатнага сайта для школы, нехта — з цікавасці, хтосьці карыстаецца праграмай для выбарачных класаў. У чым прычына? Праграма не носіць абавязковага характару, а працуе па заяўнічым прынцыпе? У тым, што мы вельмі кансерватыўныя і прывыклі, што дзённік, як і класны журнал, можна патрымаць у руках?

Тым не менш суразмоўца поўны аптымізму: Заслаўе, Рэчыца, Гродна, Салігорск — геаграфія электроннага школьнага дакумента самая розная. Больш за тое, многія навучальныя ўстановы — карыстальнікі “Электроннай школы” і не былі ўдзельнікамі эксперымента, а значыць, уступілі на гэты шлях па добрай волі. “Гэта даказвае, што фінансавыя аспекты рэалізацыі праекта не перашкаджаюць, — перакананы Павел Ліс. — Смешна чуць таксама каментарыі, што педагогі не ў сілах спасцігнуць праграму. Педагогі — гэта высокаінтэлектуальныя прафесіяналы. Напрыклад, у гімназіі № 40 Мінска настаўнікі з вялікім стажам без праблем навучыліся карыстацца электроннымі журналамі і дзённікамі”. Дарэчы, папяровыя дзённікі там ужо сталі архаізмам. 

Сістэма здольная замяніць дзённік цалкам. І ўсё ж пакуль ёсць некаторыя праблемы, якія патрабуюць вырашэння. Напрыклад, увод адзнакі ў рэжыме рэальнага часу. І трэба ж зусім няшмат: настаўнік павінен мець планшэт або наўтбук з бесправадным падключэннем да сеткі інтэрнэт. І, дарэчы, многія школы падчас рэалізацыі праекта або дзякуючы спонсарскай дапамозе гэтую задачу вырашылі. Але пакуль ёсць і тыя, хто вымушаны траціць на выстаўленне адзнак пераменкі паміж урокамі, выходзячы ў сетку з настаўніцкай са стацыянарнага камп’ютара. 

Зрэшты, для бацькоў гэты нюанс сутнасці не мяняе: на выхадзе ён ведае ўсё пра паспяховасць уласнага дзіцяці. Акрамя таго, паводле слоў Паўла Ліса, да агульнай справы гатовыя далучыцца аператары сотавай сувязі, дапоўніўшы тарыфныя планы настаўнікаў бясплатным інтэрнэт-трафікам для адукацыйных рэсурсаў: для карыстання журналам і дзённікам, а таксама сайтамі, рэкамендаванымі Мінадукацыі. 

Ёсць яшчэ адна прыемная навіна, але ўжо ад распрацоўшчыкаў: зусім хутка сэрвіс для бацькоў можа стаць бясплатным. Тыя, хто аплаціў наперад, атрымаюць доступ да дадатковых паслуг. Вучань — да рэсурсу самаадукацыі, а бацькі — да аналітыкі і прагназавання паспяховасці вучня. “Сутнасць прагназавання ў тым, каб задаць адзнаку, якую бацькі хочуць бачыць у дзіцяці за чвэрць ці за год, — тлумачыць ідэю суразмоўца. — І праграма ў рэальным рэжыме часу адсочвае сітуацыю па кожным прадмеце. Паспяховасць у залежнасці ад узроўню будзе размалявана ў розныя колеры: чырвоны, аранжавы, зялёны. Першыя два — сігнал бацькам, што паспяховасць адхіляецца ад зададзенай нормы. Методыкі аналізу цяпер знаходзяцца ў працэсе ўзгаднення з Міністэрствам адукацыі. Такі аналіз актуальны для тых, хто паступае ў гімназіі, каледжы, універсітэты. Сайт выдасць таксама рэкамендацыі, якія прабелы ў ведах варта ліквідаваць. Сэрвіс ужо гатовы, але пакуль працуе ў тэставым рэжыме”. 

У цэлым магчымасці электроннага дакумента вялікія. Напрыклад, хоча настаўнік да дамашняга задання для вучня далучыць відэаўрок, прэзентацыю — гэта магчыма. Іншая справа, што пакуль не вырашана пытанне з захоўваннем гэтага кантэнту. Калі кожны захоча дадаць відэа, месца на школьным серверы хутка скончыцца. “Гэтае пытанне цяпер вырашаецца. Ёсць прапанова, — гаворыць Павел Ліс, — каб дадатковы кантэнт мог распрацоўвацца і дадавацца да праграмы, але каб ён захоўваўся ў іншым месцы, напрыклад, рэсурсе Мінадукацыі, і там бы рэцэнзаваўся. Тады б, дарэчы, лепшыя напрацоўкі настаўнікаў былі даступныя іх калегам”. 

І гэта не ўсё. Важны аспект, над якім распрацоўшчыкі працуюць ужо другі год, датычыцца сертыфікавання бяспекі інфармацыі — шыфравання дадзеных, іх рэзервовага захоўвання, капіравання. Але ўжо сёння Павел Ліс гаворыць пра тое, што ўмяшання ў сістэму баяцца не варта. Нават калі дапусціць, што які-небудзь адораны юны хакер вырашыць выправіць сабе адзнаку ў электронным журнале або дзённіку, ва ўзлому будзе час і адрас. Акрамя таго, суразмоўца нагадаў, што гэта будзе ўжо кіберзлачынствам. Так рызыкаваць з-за адзнакі, як мінімум, недарэчна. “З часам, думаю, мы ўвядзём у практыку конкурсны ўзлом “умоўнага” дзённіка, — каменціруе ён, — каб выявіць праблемныя моманты і ўхіліць іх. Гэта сусветная практыка”.

Вера Артэага
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter