Не простое украшение: как тестируют и планируют использовать в будущем GPS-браслеты для контроля за осужденными

Ісці з парадкам у нагу

Кожны тыдзень адзначаюцца ў мясцовым аддзеле ўнутраных спраў, не радзей за тры разы ў месяц чакаюць зваротны візіт — так жывуць зараз тыя, хто пакараны абмежаваннем волі. Гэта стварае пэўныя нязручнасці, аднак без строгага нагляду не абысціся. Сітуацыя можа значна спрасціцца з прымяненнем GPS-бранзалетаў. Зараз у Маскоўскім РУУС тэсціруюць гэтыя электронныя сродкі кантролю. Карэспандэнт «Р» даведалася, у чым іх перавагі і недахопы.

Прылада даволі буйная, памерам з пачак запалак.

Шанц для абраных

Атрымаць бранзалет могуць самыя розныя людзі — і тыя, чыё ўчыненае злачынства не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, і тыя, каму суровае пакаранне заменена больш мяккім. Пакуль што ў распараджэнні крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маскоўскага раёна Мінска толькі 3 экземпляры. 


— Гэта пілотны праект. Мы тэсціруем замежную распрацоўку, магчыма, з далейшым яе ўкараненнем, — расказвае інспектар Андрэй Галаўчан. — Сённа бранзалетамі «Шанц» забяспечаны два чалавекі, хутка трэці надзенуць жанчыне, якая падчас працы прадаўцом прысвоіла выручку. Маці маленькіх дзецей прыгаварылі да паўтара года хатняй хіміі.

Бранзалеты, мабільныя тэлефоны, якія ідуць у камплекце з імі, праграмнае забеспячэнне, а таксама рэкамендацыі па іх выкарыстанні беларусам прадаставіла азербайджанская кампанія. 

— Бранзалет чапляецца толькі на нагу! — падкрэслівае Андрэй Галаўчан. — Распрацоўшчыкі лічаць, што пры вялікім жаданні з рукі яго можна зняць.Правая ці левая — значэння не мае. Бранзалет знаходзіцца ў пастаяннай сувязі з тэлефонам, які перадае сігнал на камп’ютар інспекцыі. Такім чынам, у рэжыме анлайн мы бачым усе перамяшчэнні чалавека. Калі нешта насцярожвае, адразу тэлефануем. Не атрымаем выразнага адказу або западозрым, што нецвярозы, — наведаем дома. 

Асуджаным нельга пакідаць Мінск без дазволу і выпіваць спіртное. У выхадныя і святочныя дні яны павінны знаходзіцца дома — калі іншага не прадугледжвае іх рабочы графік. Па будням беспрацоўныя могуць раз’язджаць па горадзе з шасці гадзін раніцы да сямі вечара. Для тых, хто працуе, скажам, пазменна, робяцца карэктывы. Уся інфармацыя ўносіцца ў праграму. Аб парушэнні бранзалет тут жа «паведаміць» у міліцыю. 

— На ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маскоўскага РУУС знаходзіцца каля 170 чалавек. Пракантраляваць асабіста кожнага вельмі цяжка, — прызнаецца супрацоўнік інспекцыі. — Бранзалеты значна спросцяць работу: мы будзем бачыць, хто дзе знаходзіцца, каго наведвае, як сябе паводзіць, і зможам ужо адрасна выязджаць да парушальнікаў. Хаця, канешне, яны не адменяць перыядычных наведванняў. 

Тэлефон павінен пастаянна знаходзіцца каля бранзалета. Як толькі адлегласць паміж імі перавысіць зададзеную, бранзалет адразу запратэстуе піскам, а тэлефон падасць сігнал аб разрыве злучэння паміж імі на камп’ютар інспекцыі. 

І носьбіт «упрыгажэння», і супрацоўнікі міліцыі бачаць узровень зарадкі. Калі яе становіцца мала, асу-джаным тэлефануюць і напамінаюць аб неабходнасці зарадзіць прылады.  

— Спаць, працаваць, загараць, прымаць душ або ванну — з супрацьударным і воданепранікальным бранзалетам можна рабіць што заўгодна. Нельга толькі спрабаваць зняць — мы адразу атрымаем сігнал, што на яго аказваецца фізічнае ўздзеянне, і тэрмінова прымем меры.

Сэнсар распазнае 

Усе без выключэння асуджаныя павінны адзначацца ў РУУС. Тым, хто паводзіць сябе прыстойна, дазваляюць рабіць гэта раз-два ў месяц, астатнія з’яўляюцца штотыдзень. Для іх з’явілася яшчэ адна навінка — сэнсар адбітка пальца. Яго павінны кранацца тыя, хто прыйшоў на рэгістрацыю, каб выключыць у далейшым спрэчкі, з’яўляўся чалавек, ці не. Па адбітку камп’ютар імгненна распазнае асобу. У перспектыве з дапамогай падобных сэнсараў можна перайсці цалкам на электронную рэгістрацыю. 

Стаць носьбітамі бранзалетаў супрацоўнікі міліцыі прапанавалі людзям, не схільным да ўчынення злачынстваў у далейшым. Адзін з іх — Іван Віктаравіч, які за ДТЗ са смяротным зыходам пакараны пяццю гадамі абмежавання волі.

— Працаваў я на маршрутцы Радашковічы — Мінск, — расказвае ён. — Неяк пазнавата вяртаўся ў горад, толькі тры пасажыры ў салоне было. Каля аграгарадка Лашаны, там яшчэ дарога пад горку ідзе, выехаў насустрач мне веласіпедыст... Сцямнела ўжо, а флікераў ні на ім, ні на веласіпедзе не было... 

Зразумела, праў на кіраванне аўтамабілем мужчына таксама пазбаўлены. Але далёка ад машын усё роўна не сышоў — зараз працуе ў майстэрні па іх рамонце. Уласнае аўто водзіць жонка. 

На пытанне, ці дае яму бранзалет якія-небудзь перавагі, Іван Віктаравіч паціскае плячыма: 

— Ды не сказаў бы. Усё, як і раней — хаджу адзначацца. Дыскамфорту ніякага няма. 

Бранзалет на яго назе трымаецца свабодна, нічога не пераціскае. Прылада даволі буйная, памерам з пачак запалак, толькі чорнага колеру, з малюсенькім зялёным агеньчыкам. У жанчын ён значна меншы, падобны да звычайнага смарт-гадзінніка. 

Андрэй Галаўчан адзначае адзіны недахоп бранзалета, якога ў будучым паспрабуюць пазбегнуць: 

— Мы пакуль не ведаем, як прылада будзе паводзіць сябе за межамі Мінска. Таму дазволу пакінуць горад яго носьбітам яшчэ не даём. Ну гэта ўсё ж такі пакаранне, прыходзіцца нечым паступацца. 

— Пытанне аб укараненні сістэмы электроннага маніторынгу ў нашай краіне паўставала ўжо не раз, — зазначае Сяргей Нікель, начальнік упраўлення наглядна-выканаўчай дзейнасці МУС. — Для гэтага трэба знайсці не толькі крыніцы фінансавання, але і надзейнага партнёра-вытворцу, апрабаваць навацыі на практыцы, выявіць і ліквідаваць недахопы. Без апрабацыі прыбораў у рэальных умовах гэта зрабіць немагчыма. Па выніках пілотнага праекта будзе падрыхтавана заключэнне з канкрэтнымі вывадамі і прапановамі аб магчымасці ўкаранення новых сродкаў кантролю ў практычную дзейнасць тэрытарыяльных органаў унутраных спраў. 

nevmer@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter