Iшлi па Ваверцы тры каралi

У лідскай вёсцы аднавілі цікавы калядны абрад

КАЛЯДЫ падыходзяць да завяршэння. У гэтыя дні па вёсках ходзяць шчадроўшчыкі, што адпавядае шматвекавой традыцыі беларусаў. Незвычайны калядны абрад, які быў забыты больш чым на паўстагоддзе, у гэтыя дні аднавілі ў лідскім аграгарадку Ваверка. Называецца ён “Тры каралі” і праводзіцца з нагоды аднайменнага каталіцкага свята. Карэспандэнт “СГ” пацікавілася, чаму вяскоўцы ўзяліся за аднаўленне некалі папулярнай дзеі, у чым яе асаблівасці.


АДРАДЗІЦЬ абрад, які, як сцвярджаюць старажылы, не праводзіўся ў Ваверцы амаль што з 50-х гадоў мінулага стагод- дзя, не стала справай складанай. Дзякуй богу, у аграгарадку яшчэ жывуць тыя, хто бачыў і памятае, як праводзілі “Тры каралі” ў 30-я, калі Заходняя Беларусь належала Польшчы. Яны і сталі літаральна зыходнай кропкай для даследавання, успамінае культарганізатар Ваверскага Дома культуры Ганна Табола:

— Нам пашчасціла звярнуцца да першакрыніц. Напрыканцы лістапада мы зладзілі невялічкую этнаграфічную экспедыцыю па вёсцы, каб знайсці тых, хто памятае асаблівасці старадаўніх “Трох каралёў”. Хадзілі па хатах, апытвалі пажылых. Асабліва нам дапамаглі 77-гадовая Тэрэза Юзэфаўна Ясюкайціс, 90-гадовы Мечыслаў Іосіфавіч Трусіла і 85-гадовы Вальдэмар Францавіч Аксіновіч. Яны так красамоўна апісвалі абрад, сведкамі якога былі ў дзяцінстве і маладосці, што мы, калі назбіралі дастаткова матэрыялу, вырашылі, што будзем абавязкова яго ставіць. Хаця б толькі з-за таго, што ён характэрны менавіта для гэтай мясцовасці і мала дзе можна яго сустрэць цяпер у жывым выглядзе.

Для самой Ганны Леанідаўны, калі занялася гэтай справай, дзея была ў пэўнай ступені адкрыццём: у той мясцовасці, дзе нарадзілася і вырасла Ганна Табола (а гэта вёска Грабаўка Гомельскага раёна), нічога падобнага не сустракала. Справа ў тым, што традыцыя “Трох каралёў” уласціва вёскам, дзе большасць жыхароў — католікі.

Тры каралі — гэта свята Аб’яўлення Пана. Урачыстасць яго ўстаноўлена ў гонар падзеi, апiсанай у Евангеллi: пакланенне мудрацоў, якія ішлі за першай каляднай зоркай, Збавіцелю. Яны прыйшлі ў Бэтлеем, шукаючы нованароджанага, і прынеслі яму дары. Дарэчы, імёны мудрацоў-вешчуноў — Каспер, Мельхiёр i Бальтазар.

Католiкi ў гэты дзень абавязаны ўдзельнiчаць у святой імшы, устрымлiвацца ад неабавязковай працы. Асвячаецца крэйда, якой католiкi штогод пазначаюць дзверы сваiх дамоў крыжыкамi i iмёнамi трох каралёў і там пішуць “K+M+Б” i ставяць дату ад Нараджэння Хрыста, — гэта значыць год. Надпіс лічыцца вялікім абярэгам ад нястачы і бяды, тлумачыць Ганна Табола:

— Традыцыю дагэтуль выконваюць у нас у вёсцы. Таму мы вырашылі і абрад “Тры каралі” аднаўляць згодна з ўспамінамі старажылаў. Дарэчы, яны казалі, што на само свята ў Ваверку прыяз- джалі апранутыя ў касцюмы каралёў тры калядоўшчыкі з Ліды. У сініх плашчах-накідках з вышытымі зоркамі, якія нагадвалі зімовае неба, прыходзілі на падворак да гаспадароў, прасіліся зайсці ў дом, а потым выконвалі прывітальныя песні на польскай мове — “Дзісяй Бэтлеем” і “Пойдэ до стаенкі”. Калядоўшчыкаў частавалі сельскімі прысмакамі, каўбаскамі, пяклі пірагі.

УЗНАЎЛЯЮЧЫ абрад, культработнікі запыталіся ў мясцовага ксяндза Андрэя Роўбы, ці варта брацца за гэта. Святар пацвердзіў, што энтузіясты на правільным шляху. Але каму давялося б выконваць ролі трох каралёў? Вырашылі аддаць гэтую ганаровую місію міністрантам — хлопчыкам, якія прыслужваюць святару ў касцёле. Гэта дзесяцікласнікі Антон Іодка, Артур Мікуліч і адзінаццацікласнік Павел Рулько. Аказваецца, дзеці з аповедаў бабуль і дзядуль ведалі пра абрад, але ў папярэднія гады хадзілі калядаваць, як і ўсе. Згадзіліся паўдзельнічаць у мастацкім эксперыменце з лёгкасцю, кажа Павел:

— Было цікава паспрабаваць сябе ў незвычайных ролях. Пераўвасабляцца ўмеем: з хлопцамі займаемся ў тэатральным гуртку школы. Ставілі “Паўлінку”, “Несцерку”, цяпер працуем над п’есай “Мікітаў лапаць”. Да падрыхтоўкі абраду падышлі з паразуменнем, самі рыхтавалі касцюмы: расшывалі зорачкамі плашчы, рабілі кароны, як у каралёў, калядную зорку — гэта абавязковы атрыбут свята. Вывучылі песні і святочныя пажаданні, узялі з сабой акампаніятара з Дома культуры Івана Караля і пайшлі па падворках. Спадабалася!

“Сёння ў Бэтлееме, сёння ў Бэтлееме дзіўная навіна: Марыя Панна, Марыя Панна нарадзіла Сына!” — з гэтай песняй калядоўшчыкі наведваліся не толькі ў хаты да аднавяскоўцаў, але і да старшыні сельсавета Аляксанда Іодкі, пацыентаў Ваверскай бальніцы. Усюды іх чакалі як ганаровых гасцей, адорвалі падарункамі. Сапраўднай падзеяй для вёскі стаў адноўлены абрад, лічыць старажыл Ваверкі Вальдэмар Аксіновіч:

— Сам я родам з вёскі Гаранцы Воранаўскага раёна, да пераезду на лідскую зямлю, памятаю, там таксама былі “Тры каралі”. Аднойчы калядоўшчыкі нават у нас у хаце заставаліся на начлег — гэта лічылася вельмі добрым знакам. А калі праз многа гадоў я ўбачыў узноўлены абрад, не паверыў, што мара здзейснілася. Дарэчы, нашы калядоўшчыкі зайшлі не да ўсіх гаспадароў, як жадалі: былі маразы. Некаторыя аднавяскоўцы нават шкадавалі, што “каралі” ўтаміліся і не паспелі зайсці да іх, асабліва ўлічваючы тое, што дзеючыя асобы — гэта моладзь. Значыць, традыцыя будзе жыць.

Цікава, што пасля прыходу “каралёў” можна было варажыць. Да прыкладу, дзеўкі выбягалі на падворак і хапалі дровы: калі цотная іх колькасць у руках засталася — у гэтым годзе будзеш у пары, калі не, то адна. Тое ж самае лічылася, калі выбегчы на вуліцу і абняць плот. Цотная колькасць штыкецін — выйдзеш замуж у гэтым годзе, няцотная — не. А яшчэ незамужнія дзеўкі спрабавалі варажыць так. Нанач пад падушку клалі паперкі з мужчынскімі імёнамі. Раніцай падымала з ложка маці і прасіла цягнуць паперку — імя, якое напісана там, і будзе насіць будучы муж.

Лічыцца, што варожбы ў святыя вечары цягнуцца аж да 19 студзеня. А сёння — Шчадрэц: у ноч з 13 на 14 студзеня адзначаецца стары Новы год. Гэтае свята — рэдкі гістарычны феномен. З’явілася ў выніку змены летазлічэння. З-за дадзенага разыходжання календароў мы адзначаем два Новыя гады — па старым і новым стылі.

СПРАВА ў тым, што датай стварэння свету (паводле старажытнага перакладу Старога Запавету) раней лічылася 1 сакавіка 5508 года да нашай эры. Таму Новы год пачынаўся ў першы дзень вясны (па новым стылі 14 сакавіка). Аднак у канстанцінопальскую эру гэта дата была пералічана больш дакладна: днём стварэння свету стала лічыцца 1 верасня 5509 года да нашай эры. Таму Новы год з гэтага часу пачынаўся ў першы дзень восені.

У паганскія часы на Русі Новы год адзначаўся 22 сакавіка — у дзень вясновага раўнадзенства. Пасля прыняцця хрысціянства візантыйскі каляндар стаў паступова выцясняць стары. Але доўгі час захоўваўся навагодні разнабой — адны працягвалі адзначаць Новы год увесну, іншыя — увосень. І толькі ў канцы XV стагоддзя — у 1492 годзе — афіцыйна вызначылі адзіную дату пачатку Новага года на Русі — 1 верасня. Толькі праз два стагоддзі, 19 снежня 1700 года, Пётр I апублікаваў указ гады адлічваць з 1 студзеня ад Раства Хрыстова (гэта значыць, па новым стылі — 14 студзеня).

Да ХХ стагоддзя каляндар Расіі, якая працягвала карыстацца юліянскім календаром, на 13 сутак адставаў ад Еўропы, якая даўно перайшла на грыгарыянскі. Каб скараціць гэты разрыў, у 1918 годзе дэкрэтам Савета народных камісараў быў ажыццёўлены пераход на грыгарыянскі каляндар — новы стыль, а 14 студзеня — дзень Святога Васіля — стаў старым Новым годам.

Стары Новы год адзначаюць не толькі на тэрыторыі СНД. 13 сту- дзеня таксама накрываюць святочны стол у Грэцыі, Македоніі, Румыніі, Сербіі, Чарнагорыі, Швейцарыі. Таксама святкуюць стары Новы год у Алжыры, Марока і Тунісе.

ЦІКАВА, ШТО…

Розніца паміж юліянскім і грыгарыянскім календарамі павялічваецца кожнае стагод- дзе, калі лік сотняў у годзе ад Раства Хрыстова не з’яўляецца кратным чатыром. Цяпер розніца паміж юліянскім і грыгарыянскім календарамі складае 13 дзён. А з 1 сакавіка 2100 года гэта розніца складзе 14 дзён. Значыць, з 2101 года Раство і стары Новы год будуць адзначацца на дзень пазней.

НА ЗДЫМКУ: ролі каралёў выконвалі Антон ІОДКА, Артур МІКУЛІЧ і Павел РУЛЬКО, а акампаніраваў ім Іван КАРОЛЬ.

Фота прастаўлена Лідскім раённым цэнтрам культуры і народнай творчасці

uskova@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
alex, 68, ес
... спасибо Танечка! Какой все-таки наш язык сочный и красочный !!!! жаль не знаю , но понимаю все... еще раз спасибо тебе и Дай тебе Бог !
светлана, 66, МИНСК
От всей души, от всего сердца рада за земляков и огромное спасибо автору статьи.
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?