В Мозыре прошел экономический форум с участием представителей посольств разных стран

Інвестыцыі ў пошуках праектаў

У Мазыры прайшоў эканамiчны форум, гасцямi якога сталi прадстаўнiкi дыпламатычных мiсiй, акрэдытаваных у Беларусi. Сярод iх — супрацоўнiкi пасольстваў Расii, Азербайджана, Арменii, Iрана i iншых краiн. На канкрэтных прыкладах, iлюструючы карцiну лiчбамi, удзельнiкам прадэманстравалi iнвестыцыйны патэнцыял усёй Гомельскай вобласцi i Мазырскага раёна ў прыватнасцi.

ААТ «Мазырскi нафтаперапрацоўчы завод».

У горадзе над Прыпяццю эканамiчны форум праводзiцца штогод. Гэтым разам ён быў прымеркаваны да Дня гандлёвага саветнiка, арганiзаванага спецыяльна для супрацоўнiкаў дыпмiсiй у нашай краiне.

Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзiмiр Улаховiч адзначае важнасць падобных сустрэч у рэгiёнах:

— Для нас гэта стала ўжо традыцыяй. Сэнс у тым, каб дыпламаты, якiя адказваюць за гандлёва-эканамiчнае супрацоўнiцтва ў сваiх пасольствах, маглi асабiста пабываць на прадпрыемствах, ацанiць iх магчымасцi, напрамую пагутарыць з кiраўнiцтвам. Мэта — канверцiраваць патэнцыял, які існуе, у новыя кантракты, экспартныя пастаўкi, развiццё вытворчасцi i ўсёй эканомiкi. Задача глабальная, але кожны такi невялiкi форум накiраваны на яе рашэнне.

Зацiкавiць патэнцыяльных iнвестараў Мазырскаму раёну ёсць чым: гэта адзiн з найбольш развiтых прамысловых раёнаў Гомельскай вобласцi, у якiм ужо працуе некалькi дзясяткаў прадпрыемстваў з удзелам замежнага капiталу. Большая частка вырабленай прадукцыi рэалiзуецца на экспарт. Сярод асноўных рынкаў збыту — Расiя, Украiна, Казахстан, Германiя, Кiтай i iншыя краiны. Летась тавары пастаўлялiся на рынкi 33 дзяржаў. Сярод новых партнёраў — В’етнам i ААЭ. Таксама атрымалася нарасцiць аб’ём экспарту паслуг, дасягнуўшы станоўчага сальда. Сярэднямесячны аб’ём экспарту (з улiкам нафты i нафтапрадуктаў) склаў 280 мiльёнаў долараў. Гэта амаль 75 працэнтаў сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасцi. Акрамя нафтахiмiчнай прадукцыi, у наменклатуры шырока прадстаўлены сельгаспрадукцыя, мэбля, пiламатэрыялы, запчасткi да аўтамабiльнай тэхнiкi, адзенне, абутак i шмат чаго iншага.

ААТ «Мазырсоль».

Спектр магчымасцей для далейшага развiцця супрацоўнiцтва быў прадэманстраваны падчас экскурсii на буйнейшыя прадпрыемствы раёна — ААТ «Мазырскi нафтаперапрацоўчы завод» i ААТ «Мазырсоль». Таксама сваю прадукцыю прэзентавалi кiраўнiкi Мазырскага машынабудаўнiчага завода, прадпрыемства «Беларускабель», Мазырскага дрэваапрацоўчага камбiната, КВУП «Мазырскiя малочныя прадукты».

А па дарозе ўдзельнiкi наведалi ў Светлагорскiм раёне мемарыяльны комплекс, якi ў чэрвенi адкрыў Прэзiдэнт. Комплекс пабудаваны на месцы вёскi Олы, спаленай разам з жыхарамi ў студзенi 1944 года. Ахвярамi гiтлераўскiх акупантаў сталi 1758 чалавек, у тым лiку 950 дзяцей. Дыпламаты ўсклалi кветкi да брацкай магiлы i ўшанавалi памяць загiнулых хвiлiнай маўчання.

prolesk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter