Iнвестыцыі ў здароўе

У Гомелі адкрылі ўніверсальную залу гульнявых відаў спорту

У Гомелі з’явілася новая ўніверсальная зала гульнявых відаў спорту

Многія з удзельнікаў урачыстасці, прысвечанай адкрыццю сучаснага спартыўнага аб’екта (на здымку), што літаральна за год вырас на месцы былых трыбун стадыёна “Лакаматыў” на вуліцы Багдана Хмяльніцкага ў Гомелі, адзначалі: гэта не толькі цудоўны навагодні падарунак чыгуначнікам, усім гамяльчанам, але і дастойны вянец святкавання адметнай даты — 150-годдзя Беларускай чыгункі.

— 150 гадоў — гэта не толькі вялікая гісторыя дасягненняў працаўнікоў нашай галіны, гэта, па сутнасці, гісторыя пакаленняў, — адзначыў, звяртаючыся да прысутных, начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў. — І невыпадкова, клапоцячыся сёння аб паспяховым будучым нашых пераемнікаў, мы вызначылі адным з важнейшых прыярытэтаў захаванне і будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнай сферы. Сведчанне таму — гэта зала гульнявых відаў спорту. Такі падыход, на наш погляд, спрыяе ўмацаванню кадравага патэнцыялу сталёвай магістралі, дазваляе прыцягваць людзей да актыўных заняткаў фізкультурай і спортам. Урэшце, павышае якасць іх жыцця.

Пацвярджэннем гэтых слоў — невялікая статыстыка. У “арсенале” Беларускай чыгункі — 59 спартыўных аб’ектаў агульнай плошчай 150 тысяч квадратных метраў, працуюць 423 секцыі па розных відах спорту, клубы і групы аздараўленчага характару, у якіх займаецца каля 20 тысяч чалавек.

За 75-гадовую гісторыю спартыўнага руху на чыгунцы тут падрыхтавана цэлая плеяда высакакласных атлетаў: 32 выхаванцы ДСТ «Лакаматыў» сталі чэм-піёнамі і прызёрамі СССР, свету, Еўропы і Алімпійскіх гульняў. Унікальны спартыўны комплекс у Гомелі, несумненна, дасць новы штуршок падрыхтоўцы спартсменаў: сярод узведзеных пад патранатам Беларускай чыгункі гэта першы такога роду спартыўны аб’ект у нашай краіне. Плошча яго больш за 7 тысяч квадратных метраў, трыбуны разлічаны на 750 месцаў. Двухпавярховы аб’ект уключае гульнявую і трэнажорную залу, залу для більярда, аздараўленчы блок, гардэроб, некалькі раздзявалак, медпункт, прэс-цэнтр, пункт для ажыццяўлення допінг-кантролю, буфет. Прычым стваральнікі аб’екта прадугледзелі з мэтай скарачэння выдаткаў сучасныя энергаэфектыўныя тэхналогіі: комплекс мае ўласную блочна-модульную кацельню, для асвятлення памяшканняў выкарыстоўваюцца святлодыёдныя свяцільні, сістэма вентыляцыі таксама мае сучасныя энергазберагаючыя параметры. Цяпер тут, без сумнення, можна праводзіць як рэспубліканскія турніры, так і прэстыжныя міжнародныя спаборніцтвы па валейболе, баскетболе і міні-футболе.

Непасрэднае азнаямленне са створанымі ў спарткомплексе ўмовамі выклікала прыемнае здзіўленне не толькі ў наведвальнікаў-дылетантаў, але і спартыўных спецыялістаў, што бралі ўдзел ва ўрачыстасці. Адзін з іх — намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футболу Сяргей Куніца.

— Падлогавае пакрыццё гульнявой залы вельмі якаснае, — адзначыў Сяргей Мікалаевіч. — Мяркую, у інспектараў УЕФА не ўзнікне ніякіх прэтэнзій пры інспекцыі аб’екта. Бо не сакрэт, што дагэтуль у рэспубліцы ніводнага разу не праводзіліся міжнародныя адборачныя матчы чэмпіянату Еўропы па міні-футболе: апрача «Мінск-Арэны», пляцовак неабходнага ўзроўню ў нас для гэтага не існавала. Цяпер сітуацыя павінна карэнным чынам змяніцца...

Генпадрадчык будоўлі — будаўнічы трэст № 14, субпадрадныя арганізацыі, якія прыцягваліся да спецыяльных работ, выканалі пастаўленую задачу паспяхова. Хаця, прызнаюцца будаўнікі, гэта далося нялёгка: на пэўных этапах будаўніцтва ўзнікалі цяжкасці з фінан-саваннем, ды і асобныя карэкціроўкі ў праект, улічваючы непрадбачаныя абставіны (да прыкладу, з’яўленне ў паверхневым пласце глебы плывуна), даводзілася часам уносіць, як кажуць, на маршы. Але вынік аказаўся прадказальным: асвоіўшы на будаўніцтве каля 140 мільярдаў рублёў, стваральнікі аб’екта выйшлі з вы-прабаванняў з гонарам. Генеральны дырэктар ААТ «Будаўнічы трэст № 14» Сяргей Літвіненка ўрачыста перадаў сімвалічны ключ ад узведзенага аб’екта першаму намесніку начальніка Гомельскага аддзялення чыгункі Рыгору Двораку: маўляў, уваходзьце і карыстайцеся.

Пры гэтым у размове з журналістамі кіраўнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў свядома не стаў агучваць сумы матэрыяльных затрат, адзначыўшы, што захаванне і ўмацаванне здароўя — як уласна чыгуначнікаў і членаў іх сямей, так і іншых гамяльчан — ніяк нельга супастаўляць з грашовымі выдаткамі. Суразмоўца заўважыў: пабудаваць — адна справа, другая, не менш адказная, — «удыхнуць» у сцены спартыўнага комплексу жыццё, каб на ўсіх яго пляцоўках займаліся і дарослыя, і дзеці. Новая зала стане асноўнай трэніровачнай базай для каманды па міні-футболе «БЧ», якая сёння гуляе ў вышэйшай лізе і займае штогод месцы ў тройцы лі-дараў чэмпіянату. Дарэчы, удзельнікі свята сталі сведкамі захапляючага таварыскага паядынку на новай пляцоўцы комплексу паміж гэтай спартыўнай дружынай і іх сапернікамі з Бабруйска камандай «Кіраўск-Белшына». З разгромным лікам 9:5 перамаглі чыгуначнікі. У гэты дзень футбалісты «БЧ» былі, што называецца, у гуморы: услед за першай перамогай яны тут адолелі каманду Рэчыцкай ДЮСШ у 1/16 розыгрышу Кубка Беларусі па міні-футболе. Відаць, і праўда родныя сцены дапамагаюць...

Сказаўшы «а», чыгуначнікі між тым ужо імкнуцца ажыццявіць новыя планы: у бліжэйшы час на «Лакаматыве» разгорнецца будаўніцтва другой чаргі з узвя-дзеннем футбольных пляцовак са штучным і натуральным пакрыццём, сучасных аўтапарковак і іншай інфраструктуры.

Фота: Мікалай ЖДАНОВІЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter