
Фота аўтара
— Пётр Яфімавіч, шукаючы інвестараў, сёння кожны горад і раён гатовы даказваць свае перавагі перад іншымі. Чым іх прыцягваюць Асіповічы? Якія аргументы знаходзіце, калі пераконваеце інвестараў укласці грошы ў развіццё мясцовых кампаній ці рэалізацыю праектаў?
— Выгаднае геаграфічнае становішча — гэта тое, што на паверхні. Асіповічы, можна сказаць, спадарожнік Мінска: да яго рукой падаць. Ёсць у нас і чыгунка, па якой груз можна даставіць як у Расію, так і ў іншыя краіны Еўропы. Дарэчы, раён ва ўсе часы выкарыстоўваў свае лагістычныя перавагі і развіваў прамысловасць. Мы стараемся не проста ўлічваць асаблівасці сучаснага рынку, пакупніцкага попыту, але і прадугледжваць тэндэнцыі часу. Акрамя сучасных тэхналогій, зніжэння сабекошту прадукцыі і павышэння якасці прадукту гэта яшчэ і граматны маркетынг. Той жа «Тэхнаніколь», да прыкладу, выкарыстоўвае перавагі дылерскай сеткі, а фабрыка «Сонца», дзе робяць сінтэтычныя мыйныя сродкі, у хуткім часе плануе зарэгістраваць у Польшчы свой гандлёвы дом, што дазволіць і так добра вядомаму на Захадзе брэнду яшчэ больш надзейна замацаваць свае пазіцыі.
Інвестары таксама ўлічваюць магчымасці падатковых ільгот. Тое ж «Сонца», да слова, зарэгістравана як рэзідэнт свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў». А адзін з этапаў перааснашчэння «Тэхнаніколь» супаў з дзейнасцю прэзідэнцкага Дэкрэта аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх і малых гарадоў і сельскай мясцовасці, што таксама дало заводу падатковыя прэферэнцыі. Усяго пры прагнозе 2,6 мільёна долараў ЗША ў студзені — верасні гэтага года ў Асіповіцкі раён паступіла 2,8 мільёна долараў прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. Калі браць за пяцігодку — з 2011 па 2015 год, — то за гэты час інвестыцыйная «скарбонка» раёна папоўнілася на 197,4 мільёна долараў замежных інвестыцый. Рэалізацыя інвестпраектаў дапамагае не толькі развіваць вытворчасць, папаўняць бюджэт, але і ствараць працоўныя месцы. Толькі за тры першыя кварталы года ў раёне працаўладкавана 127 чалавек (пры заданні 105), у тым ліку на новых прадпрыемствах — 83. Акрамя таго, актыўная палітыка прыцягнення інвестыцый дапамагае ў вырашэнні лёсу былых ваенных аб’ектаў, а іх на тэрыторыі раёна нямала.
— Ажыццяўленне якіх інвестпраектаў зараз на парадку дня?
— Спіс прадпрыемстваў раённага цэнтра не так даўно папоўніўся яшчэ адным — па вытворчасці тэрмаплёнак «Тэхсаюз Полюс», зараз яно на стадыі станаўлення. Увядзенне ў строй гэтага завода стане чарговым важкім укладам у эканоміку раёна. Спадзяёмся, што папулярнасці яму дадасць і адкрыццё турыстычнага комплексу, які будуе кампанія «Газпром трансгаз Беларусь». На тэрыторыі турыстычнага комплексу размесцяцца гасцініца, тэнісныя корты, дамы паляўнічага і рыбака і нават верталётная пляцоўка. А ў сам гасцявы комплекс уваходзяць пакоі адпачынку з кінатэатрам, канферэнц-, спартыўнай заламі. Мясціны ў нас, дарэчы, прыгожыя, таму ў справе развіцця агратурызму асіпаўчане адны з лепшых на Магілёўшчыне: сёння шматлікіх гасцей чакае больш за трыццаць аграсядзіб раёна.
Канешне, даючы старт таму ці іншаму праекту, мы ацэньваем як яго эканамічную значнасць, так і сацыяльную неабходнасць. Напрыклад, імклівае развіццё Паўночнага мікрараёна ў Асіповічах стала сігналам да будаўніцтва тут гандлёва-забаўляльнага цэнтра. Плануецца, што пакупнікі змогуць там не толькі набыць нейкі тавар, але і добра правесці час, прычым усёй сям’ёй.
— Наколькі я ведаю, быў намер адкрыць у раённым цэнтры і свой аквапарк. Нейкія крокі ў гэтым накірунку зроблены?
— І даволі заўважныя. Большая частка корпуса будучага аквапарка пабудавана. Наогул плануецца дзве чаргі яго здачы: першая — непасрэдна сам басейн, водныя горкі, атракцыёны і гэтак далей. А падчас другой у строй будзе ўведзена спартыўная зала, якая зможа прымаць спаборніцтвы сусветнага ўзроўню. Сама магчымасць будаўніцтва такіх знакавых аб’ектаў — вынік дзяржаўнага-прыватнага партнёрства, утрымання планкі эканамічнага развіцця і аб’ёму экспартных паставак. Дарэчы, на гэтым спіс буйных сацыяльных праектаў не заканчваецца. У Асіповічах будуецца тэрапеўтычны корпус раённай бальніцы на сто ложкаў. Праект дарагі, але вельмі патрэбны: стары будынак, якому больш за паўстагоддзя, ужо не адпавядае патрабаванням часу. Першая чарга, куды ўвайшлі падсобныя памяшканні, ужо здадзена. Праз год плануем завяршыць будаўніцтва і асноўнага корпуса.