У сеціве з’явілася Старонка беларускай суполкі ў Грузіі. Далучайцеся, каму цікава!

Інтэрнэт збірае аднадумцаў

Л. Шацірышвілі і В. Градзінар
На пачатку снежня 2016 года на фэйсбуку з’явілася афіцыйная старонка Саюза беларусаў Грузіі “Беларускія сябры”. Цяпер у беларусаў, якіх лёс занёс у закаўказкую краіну, ёсць мажлівасць своечасова даведвацца пра навіны з жыцця беларускай дыяспары, атрымліваць паведамленні Амбасады Беларусі ў Грузіі. Там жа ёсць магчымасць абмяркоўваць сумесныя праекты і, канешне ж, падтрымліваць стасункі з супляменнікамі, знаходзіць новых беларускіх сяброў.

Ініцыятары стварэння такой старонкі — дзве беларускі. Гэта Лідзія Лярская-Шацірышвілі, дырэктарка па культуры Саюза беларусаў Грузіі — “Беларускія сябры”, якая жыве ў Грузіі з 1985 года, і Вольга Градзінар, мінчанка, якая ўлюбёная ў Грузію, нават пераехала жыць у Тбілісі, прычым зусім нядаўна. Абедзве актывісткі дыяспары спадзяюцца, што цяпер беларусам у Грузіі будзе прасцей знаходзіць адно аднаго, сустракацца і ладзіць сумесныя мерапрыемствы.

“Міжнародная грамадская культурна-дабрачынная арганізацыя Саюз беларусаў Грузіі — “Беларускія сябры” была афіцыйна зарэгістравана ў верасні 2010 года, — адзначае Лідзія Лярская-Шацірышвілі. —Ужо пад час першых мерапрыемстваў мы зразумелі: нягледзячы на сяброўскія стасункі паміж краінамі, грузіны амаль нічога не ведаюць пра спрадвечную культуру Беларусі, пра яе вядомых людзей, пра нашы народныя звычаі, традыцыі, святы, абрады… Вельмі хацелася неяк выправіць сітуацыю”, А Вольга Градзінар дадае: “Сёння сеціва — адзін з вельмі эфектыўных і ўплывовых сродкаў інфармацыі ды камунікацыі. Нездарма ж кажуць: калі цябе няма ў інтэрнэце, то цябе нібы й не існуе... Таму мы вырашылі рухацца ў гэтым кірунку, каб сабраць, аб’яднаць “грузінскіх” беларусаў. Тым больш гэта трэба было рабіць, што такі каштоўны досвед ужо ёсць: я трэці год каардыную праект “Сайт грузін Беларусі”. Упэўнена: супольны інтэрнэт-рэсурс — вельмі важны інструмент для падтрымання сувязяў, для захавання ўласнай культуры, традыцый, для ўсведамлення кожным сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці”.

Усе беларусы, якія жывуць у Грузіі, ды і ўсе іншыя, хто цікавіцца Беларуссю, хто мае інтарэс да яе традыцый, культуры, могуць далучыцца да суполкі “Беларускіх сяброў” па спасылцы: https://www.facebook.com/belarusyvgruzii/
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter