Шэсць замежных кампаній ужо зарэгістраваліся для выплаты "падатку на Google"

Інтэрнэт пайшоў у падатковыя

Шэсць замежных кампаній зарэгістраваліся ў нашай падатковай сістэме, каб плаціць падатак на дабаўленую вартасць на электронныя паслугі. Сярод іх кампаніі Google, Amazon і Netflix. Ставіць на ўлік замежных пастаўшчыкоў электронных паслуг пачалі з пачатку 2018-га. Афармлення чакаюць Uber і іншыя.

Сур’ёзныя кампаніі паставіліся да новаўвядзенняў адказна
фота surfingbird.ru

Па словах міністра па падатках і зборах Сяргея Налівайкі, важна, што гэтыя кампаніі адгукнуліся. Не апошнюю ролю адыграла ў гэтым і тое, што змены ў Падатковы кодэкс, па якіх электронныя паслугі замежных кампаній грамадзянам будуць абкладацца падаходным падаткам, былі падрыхтаваныя яшчэ ў 2016 годзе. Але пачалi працаваць, лічы, толькі што. Так што ў кампаній быў час падрыхтавацца да працы па новых правілах.

— Мы бачым, што сур’ёзныя кампаніі паставіліся да новаўвядзенняў адказна. Хоць у іх яшчэ ёсць час стаць на ўлік да канца квартала, яны робяць гэта ўжо зараз, загадзя.

Чакаецца, што першыя плацяжы ў бюджэт ад замежных кампаній паступяць у першым квартале. Апошнім тэрмінам названа 22 красавіка. Пры налічэнні ПДВ будзе прымяняцца стандартная стаўка ў 20%. Па чаканнях падаткавікоў, у гэтым годзе дзякуючы новаўвядзенню бюджэт папоўніцца прыкладна на 4 млн долараў.

Увядзенне «падатку на Google» — даволі распаўсюджаная ў свеце практыка. У Расіі, напрыклад, 18-працэнтны збор дзейнічае з пачатку 2017 года. Па даных на канец лістапада ён прынёс у бюджэт каля 7 млрд расійскіх рублёў — 120 мільёнаў долараў. Чаканні на год сёлетні ў суседзяў — 160 млн долараў. «Падатак на Google» плацяць і ў іншых краінах, напрыклад у Аўстраліі, Індыі, Японіі і Паўднёвай Карэі.

Фактычна з’яўленне такога падатку значыць: усё, што прадаецца замежнымі кампаніямі ў электронным выглядзе, для звычайных грамадзян падаражэе. Напрыклад, гульні і сэрвісы з мабільных дадаткаў, музыка, фільмы, віртуальныя кнігі, кабінеты ў «воблачных»  сховішчах, пошукавыя паслугі, платныя падпіскі на анлайн-выданні, даменныя імёны і іншае. Нават калі вытворца праграмнага забеспячэння зарэгістраваны ў нашай краіне, але прадае свае дадаткі праз анлайн-магазiны замежных кампаній, яго распрацоўка будзе абкладацца новым падаткам.

Зрэшты, выдаткі некаторыя кампаніі могуць узяць на сябе, паменшыўшы свой прыбытак. Так, напрыклад, насуперак ранейшым заявам, паступіў Google. Яны пакінулі старую цану падпіскі на музычны сэрвіс і прастору ў «воблаку». Як павядуць сябе іншыя кампаніі, убачым у бліжэйшы час.

У МПЗ падзяліліся сваімі чаканнямі. Маўляў, ускласці адміністрацыйную адказнасць на парушальнікаў будзе няпроста. Разлік на тое, што буйныя замежныя кампаніі не захочуць рызыкаваць сваёй рэпутацыяй і парушаць закон, які ім не ў навінку.

Веранiка Нiкiцiна

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter