Iнтэрнат:рамантыка цi няволя?

Дзе жыць навучэнцам і як паладзіць с суседзяміПачынаецца абітурыентская кампанія, і бацькі ўсё часцей задумваюцца: як адпусціць дзіця з дому, калі сын ці дачка паспяхова паступяць ва універсітэт у іншым горадзе? Дзе ўладкаваць першакурсніка і ці зможа “дамашняе” дзіця паспяхова вучыцца і жыць у інтэрнаце? “Сям’я” правяла асабістае даследаванне, каб адказаць разам на ўсе пытанні.

У iнтэрнаце я пражыла тры гады — падчас вучобы ў Лiцэi БДУ i на першым курсе ВНУ. Помню, як у першыя днi пасля засялення мы, 15-гадовыя школьнiкi, дзеля смеху дурылi выхавацеляў. Чыстае блюзнерства! Аб адзiнаццатай гадзiне вечара выхавацелька праводзiла “чысткi” — выганяла з пакояў затрымаўшыхся гасцей. Пасля гэтага па калiдоры нi адна мыш не праскочыць: усю ноч спакой лiцэiстаў вартавалi бабулькi з гаворачымi мянушкамi Сава, Цэрбер i іншыя не менш пiльныя. Аднойчы мы схавалi падчас праверкi хлопца ў шафе, хацелася пагуляць з выхавацелькай у хованкi: цi знойдзе? Не знайшла... А што далей рабiць, мы неяк не падумалi. І бедны хлопец вымушаны быў правесцi ноч на халоднай падлозе. І смешна, i сумна. Наогул, успамiны пра iнтэрнат у мяне дваiстыя: было i добрае, i смешнае, i зусiм балючае. Дык дзе лепей жыць студэнту: з бацькамi, здымаць кватэру ці ўсё ж такi без iнтэрната  стаць дарослым немагчыма? Вось што думаюць студэнты.
Добрая цёця
“Лепш за ўсё жыць у сваякоў, — чацвёртае выйсце прапануе адзiн вынаходлiвы студэнт i дзелiцца вопытам. — Я на першым курсе жыў у цёткi. Прыходзiш калi хочаш, без прытомнасцi кладзешся спаць, а ранiцай цябе чакае смачны сняданак. Эх, шкада, яна мяне выгнала...”
І куды падацца? Вядома ж, у iнтэрнат.
“З бацькамi сапраўды нiякага прыватнага жыцця!” —  лiчыць iншы студыёзус. — Усё тое, што асацыіруецца са студэнтамi, неяк губляецца ў бацькоў цi сваякоў. Таму файна было б мець такi варыянт у рэзерве. Але найбольш студэнцкага жыцця адхопiш у iнтэрнаце. Самае галоўнае — там весела. Жыццё ў iнтэрнаце — найлепшая магчымасць знайсцi сабе сяброў, бо ўсiх яднаюць агульныя праблемы. Да таго ж там нашмат зручней вучыцца, канспект патрэбны — хутка можна знайсцi, i сетка камп’ютэрная шмат дзе ёсць!”
Клічам халяву разам
Якiя яшчэ плюсы iнтэрнацкага жыцця прываблiваюць студэнтаў? Прызнаюся, часам мы дзялiлi з суседкамi па пакоi заданнi па мове, дзеля якiх трэба было доўга сядзець у бiблiятэцы. Падзялілася ўспамiнамi старшакурснiца БНТУ: “Што нi кажы, а калi вучышся ў тэхнiчным унiверсiтэце, то да сесiі лепей рыхтавацца ў iнтэрнаце. Заўжды ёсць з кiм паспрачацца наконт дастатковасцi доказу тэарэмы. Можна не кiдацца ў панiку ад таго, што штосьцi не давучыў, бо побач такiя ж студэнты, як i ты... Я нават зараз, калi вучу матэрыял да iспытаў, iмкнуся не сама гэта рабiць, а з сябрамi цi аднагрупнiкамi. Гэта нашмат эфектыўней i хутчэй”. Дарэчы, наконт сесii. Толькi ў студэнцкiм гарадку магла стаць рэальнасцю такая гiсторыя. Усе ведаюць пра традыцыю зваць “халяву” напярэдаднi экзамену. І вось уявiце: два вялiзныя iнтэрнаты амаль насупраць адзiн аднаго. Роўна апоўначы — крыкi:”Халява, прыходзь!” Пачынаюць у адным iнтэрнаце, падхоплiваюць у суседнiм — i рэха нясе гэты роспачны воклiч далей...
Час X
Поўнач я прыгадала зусiм не без падставы. Менавiта гэта — час X у большасцi iнтэрнатаў. Нiкога не ўпускаць i не выпускаць. Скардзiцца студэнт: “У iнтэрнаце толькi адно дрэнна — абмежаваны ўваход ды выхад. Здаецца, i за пакой ты плацiш, i рэчы там твае стаяць... А пасля 24.00 уваход табе забаронены. Тады яшчэ больш родным становiцца пяты варыянт, дзе жыць, — вакзал”.
Iнтэрнацкi пакой — шыкоўнае месца для практыкi дыпламатаў. Хочаш не хочаш, а трэба дагаворвацца. “Інтэрнат — гэта вельмi добрая навука камунiкацыі з людзьмi”, — мяркуе адна дзяўчына. Іншая наведвальнiца форуму адказвае: “Так то яно так, але мне гэтыя камунiкацыi ўжо глыбока ў горле сядзяць. Ты быццам у сябе дома i безабаронны, таму што гэта дом яшчэ траіх людзей... I нiчога iм не зробiш, калi ў цябе экзамен заўтра, а iм пасля добрага ахвяравання Дыёнiсу захочацца ў тры гадзiны ночы пагарлапанiць пад гiтару... Калi я не пераношу дыму цыгарэт, а суседзi паляць на кухнi. А трэба ж яшчэ i вучыцца”.
Падагульнiлi спрэчку так: “Дамашнім прасцей у звычайных бытавых рэчах, але досведу самастойнага жыцця яны з-за гэтага не атрымлiваюць. У iнтэрнаце — файна, але калi надыходзiць момант пабыць аднаму, з гэтым могуць узнiкаць праблемы. Таму, напэўна, лепш абраць iнтэрнат, а калi з’явяцца грошы, здымаць кватэру!”

Як прыстасавацца да жыцця ў iнтэрнаце?

Парады дае кiраўнiк псiхалагiчнай службы БДУ Руслан ПАПОК:
— Iнтэрнат — гэта высоканарматыўнае асяроддзе. Па-першае, тут iснуюць правiлы адмiнiстрацыi, якiя склалiся за шмат гадоў. А студэнтам, асаблiва на малодшых курсах, калi яны трапляюць у дарослае жыццё, хочацца нечага новага. Абмежаваннi выклiкаюць непаразуменне. Гэта натуральна для чалавека ў такiм узросце. Другiя правiлы iснуюць унутры пакоя, дзе жывуць студэнты. Трэба абмеркаваць iх з самага пачатку жыцця з суседзямi — i потым прытрымлiвацца. Калi гэтага не адбылося, пазней пачынаюцца канфлiкты. Нешта не падабаецца — а сказаць пра гэта суседу студэнт баiцца. Многiя проста маўчаць пра свае крыўды, копяць iх унутры. У вынiку канфлiкт зацягваецца. Трэба абавязкова сесцi за стол перамоў i знайсцi прычыну сварак. Здараецца, што канфлiкт зайшоў вельмі далёка, студэнты нават не жадаюць размаўляць са сваiмi суседзямi. Тады часам адмiнiстрацыя iдзе на крайнiя меры — запалохвае, што выселяць абоiх. Прамы, але дзейсны стымул памiрыцца, i часта гэта спрацоўвае. Перасяленне ў iншы пакой дапаможа не заўсёды — трэба ўсё роўна абмяркоўваць правiлы сумеснага пражывання. А такога, каб характары былi несумяшчальныя, на самай справе не бывае. Усе праблемы — ад нявыказанасцi”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter